Малады Фронт гэта
ФОТА
АРХІЎ
ГУМАР
"Нацыянальная ідэя - фэнамэналёгія Беларусі"
Онлайн-канфэрэнцыя з Паўлам Севярынцам
ВЫДАНЬНІ МАЛАДОГА ФРОНТУ

Лічыльнікі

Каталог TUT.BY
Rating All.BY

На галоўную
ВЫКЛІК МАЛАДОМУ ФРОНТУ


Сябры! Зважаючы на новыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс - "палітычныя артыкулы" з санкцыяей ад 6 месяцаў да 2-3 гадоў адсідкі - усім кіраўнікам і актывістам МФ неабходна прадпрыняць у кампаніі 2006 г шэраг мераў парасьцярогі. У першую чаргу трэба ўсьвядоміць, што нашыя мэты (зафіксаваныя ў Праграме, Статуце й іншых дакумантах) - абсалютна законныя, адпаведныя ўсім міжнародным дэм.нормам і хрысьціянскаму сумленьню. Нашыя мэтады - адкрытасьць, негвалтоўнасьць, маральнасьць супраціву.

Незаконныя самі "папраўкі", як і ўся сыстэма дыктатарскага рэжыму. Наша сіла - у праўдзе, веры, мужнасьці й салідарнасьці. Як напісана ў Бібліі " Даў нам Бог Духа ня страху, але сілы, любові й мудрасьці" (2 да Цімафея 1:7). Таму - ня бойцеся.

Карныя санкцыі рэжыму разьлічаныя на тое, каб ізаляваць ад кампаніі 2006г найбольш моцных палітыкаў, галоўных арганізатараў вулічнага супраціву, самых вострых журналістаў і ключэвых спонсараў - і, натуральна, каб дэмаралізаваць рух. Гэта ня першая і нават не дзясятая спроба нас запалохаць - за 10 апошніх гадоў драконаўскія меры прымаліся пачкамі перад кожнай буйной кампаніяй. У маладафронтаўцаў былі й "суткі", штрафы, зьбіцьці за сымболіку ў 1997м, паказальныя палітычныя працэсы наўзор "Справы Шыдлоўскага-Лабковіча" у 1997-1998-гг, адсідкі да 1,5 гадоў, масавыя затрыманьні й допыты 35ці кіраўнікоў структураў МФ па ўсёй краіне па крымінальнай справе аб тэрарызме ў 2001м, былі выключэньні нашых сябраў з вучобы, спыненыя жодзінскай галадоўкай, увесну гэтага года.

Разам з тым, страх перад пагрозай "аксамітнай рэвалюцыі", веданьне рэальных настрояў у грамадзтве і паранойя асобных правадыроў штурхаюць рэжым да чарговай хвалі рэпрэсіяў падчас кампаніі 2006 г. Каб годна й эфэктыўна супрацьстаяць дыктатуры, варта прытрымлівацца некалькіх простых правілаў.

1. Асабістае жытло кіраўніка або актывіста МФ мусіць быць вольным ад матар'ялаў і папераў, датычных арганізацыі: іх трэба захоўваць у сяброў ці сваякоў. Перабярыце й перабазуйце хатнія паперы - знойдзеце шмат карыснага й заадно архівы папарадкуеце. Любы склад паперы ў вашай хаце можа ператварыцца ў сур'ёзныя непрыемнасьці для вашых паплечнікаў. Дакументаў пры сабе можа быць роўна столькі, каб за 1 хвіліну, пакуль гэб'ё ломіцца ў вашую кватэру, пасьпець спаліць іх у ваннай ці спусьціць ва ўнітаз.

2. Тэлефону хутчэй за ўсё праслухоўваюцца. "Фільтруйце" говорку! Ніякіх размоваў пра агітацыю, друк, час і месца правядзеньня акцыяў, кантакты! Усё важнае абмяркоўваецца пры асабістай размове толькі пасьля таго, як мабільныя поўнасьцю ізаляваныя ад гуку ці пазбаўленыя батарэі.

3. Кампутары й электронная пошта - аб'екты асблівай увагі. Базы зьвестак, макеты, праекты й іншую важную інфармацыю захоўвайце ў запароленым PGP-файле ці нават сяброў, а не ў РС!

4. Заявы для прэсы й агітацыйныя матар'ялы не павінныя ўтрымліваць "заклікаў да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу". Усе выказваньні варта агучваць ў кантэксьце "выбараў" - забесьпячэньня законнасьці, недапушчэньня фальсіфікацыяў, адстойваньня волевыяўленьня выбаршчыкаў,а таксама абароны незалежнасьці, нацыянальных інтарэсаў і канстытуцыйных правоў грамадзянаў Беларусі. Абавязкова тлумачце распаўсюднікам, што казаць пры затрыманьні. Майце на ўвазе, вашыя кантакты на ўлётках, буклетах, штампах, газэтах - гэта ня ваш асабісты подпіс, завераны натарыюстам, ніякіх юрыдычных высноваў з вашых нумароў зрабіць немагчыма!

5. Акцыі да выбараў мусяць быць або падкрэсьлена адкрытымі (пікеты, уручэньне пэтыцыяў, раздача матар'ялаў, флэш-моб, акцыі "аднолькавага колеру"), або ідэальна закансьпіраванымі ("Горад - Наш!", расклейкі, надпісы і г.д.). Штосьці пасярэдняе - небясьпечна.

Калі вас затрымалі, пагражаюць арыштам, крымінальнай справай, выключэньнем з вучобы ці працы:
-нічога не кажыце й не падпісвайце без адваката.
-абавязкова зьвяжыцеся зь сябрамі па руху.
-тэрмінова скантактуйцеся з журналістам. Больш падрабязная інфармацыя - на праваабарончых сайтах, у "Беларусікм кансьпіратары", незалежнай прэсе. Таксама мы плянуем наладзіць шэраг сэмінараў па праваабароне для сябраў МФ.

Памятайце, змаганьне ёсьць змаганьне, супраціў ёсьць супраціў, А Малады Фронт - гэта фронт. Стагодзьдзямі нацыянальныя героі цярпелі, пакутвалі, ахвяраваліся за Беларусь. Паверце, Беларусь таго вартая. Мы - на Боскім шляху. Мы - пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста. Бог усё бачыць, ніколі не дае выпрабаваньня звыш сілаў і ўрэшце рэшт зьнішчае зло. "А калі Бог за нас - тады хто супраць нас?" - кажа Біблія.

Магутны Малады Фронт зараз вельмі патрэбны Беларусі. Будзьма ж пільнымі, моцнымі й мужнымі - і пераможам! Жыве Беларусь!

[15 сьнежня 2005]
Управа Маладога Фронту