Суд над Зміцерам Дашкевічам перанеслі

Суд над Зміцерам Дашкевічам перанеслі

13 верасьня ў Горацкай папраўчай калёніі № 9 павіне быў адбыцца суд над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Яго вінавацяць у «злосным парушэньні рэжыму ўтрыманьня». Калі Дашкевіча прызнаюць вінаватым, яго могуць перавесьці ў турму з больш строгім рэжымам.

Раніцай 13 верасьня намесьніца кіраўніка МФ Наста Палажанка паведаміла, што суд адкладзены. Палажанка паабяцала высьветліць акалічнасьці да апоўдні.

Напярэдадні Палажанка казала, што адвакатка Дашкевіча мусіць быць у калёніі 13 верасьня аб 11 гадзіне.

«Адвакатку папярэджваў пра разгляд справы нават ня суд, а адміністрацыя калёніі. Сказалі, прыяжджайце, будзе суд. А так не павінна быць. Адвакатка, канечне, абураная. Ёй жа трэба падрыхтавацца да суду, пабачыць матэрыялы справы. У яе будзе літаральна некалькі гадзінаў, каб азнаёміцца зь імі, а потым удзельнічаць у пасяджэньні. Яны дужа сьпяшаюцца, каб суд адбыўся хутчэй. Таму робяць усё так „крыва“. Мы размаўлялі з супрацоўнікам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, ён наагул сказаў, што суду ня будзе», — заявіла 12 верасьня Наста Палажанка.

12 верасьня адвакаты накіравалі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС заяву з просьбаю зьмяніць меру стрыманьня для Зьмітра Дашкевіча ў сувязі з тым, што ён ужо адбыў траціну пакараньня. Абаронцы просяць вызваліць яго з калёніі і накіраваць на «хімію».

Адміністрацыя папраўчай калённі № 9 неаднойчы адмаўляла адвакатам у сустрэчы з Дашкевічам, спасылаючыся на тое, што ад зьняволенага няма пісьмовых просьбаў пра сустрэчу.

2 жніўня патрабаваць такой сустрэчы прыехалі да турмы чатыры дзясяткі актывістаў. Яны арганізавалі акцыю пратэсту з расьцяжкай «Спыніце перасьлед». Міліцыя затрымала 15 удзельнікаў. Пазьней некаторых асудзілі на суткі, некаторых пакаралі штрафамі.

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Паводле судовага выраку, 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.

Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

«Міжнародная амністыя» прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня.

http://www.svaboda.org/

Падзяліцца:

Каментары