Суддзя адмовіў Жукаўцу ў хадайніцтвах і пакараў штрафам

Суддзя адмовіў Жукаўцу ў хадайніцтвах і пакараў штрафам

У Беластоку закончылася чарговае паседжанне па справе беларускага палітычнага ўцекача Андрэя Жукаўца. Суддзя Чэсны Шыманскі ў чарговы раз адмовіў Жукаўцу ва ўсіх яго хадайніцтвах. А за чарговую просьбу змяніць пракурора ў сваёй справе Жукавец атрымаў штраф памерам 1500 злотых, што складае амаль 500 даляраў ЗША. Дзіўным, па словах беларускага ўцекача, для яго быў і той факт, што яго хадайніцтва аб змене суддзі Шыманскага разглядаў сам Шыманскі, а гэта супярэчыць польскаму заканадаўству. Жукавец таксама папрасіў выклікаць у суд Паўла Севярынца, але суддзя адмовіўся гэта рабіць. Пры гэтым польскі суддзя не перадумаў ехаць у Беларусь з мэтай супрацоўніцтва з беларускімі суддзямі у справе азнаямлення са справай Жукаўца. Не паўплывалі на гэтае рашэнне суддзі і сведчанні былога беларускага міліцыянера Андрэя Пыжыка аб  фальсіфікацыях у Беларусі крымінальных справаў супраць актывістаў апазіцыі. Перад пачаткам суда актывісты “Звязу для дэмакратыі ў Беларусі” правялі акцыю ў падтрымку Жукаўца. Яны разгарнулі перад будынкам беластоцкага суда бел-чырвона-белыя сцягі і транспарант  з надпісам “За нашу і вашу вольнасць” і скандавалі “Спыніце справу супраць Жукаўца” . Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў “Малады фронт” і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з’ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. Беларусь дамагаецца выдачы Жукаўца. У Польшчы суд над палітуцекачом цягнецца амаль 12 гадоў.

Прэс-служба Цэнтра “Супрацоўніцтва без межаў

Падзяліцца:

Каментары