Адміністратыўныя арышты — руціна альбо праблема? (фота)

Адміністратыўныя арышты — руціна альбо праблема? (фота)

За няпоўны бягучы год маладафронтаўцы былі асуджаныя да 350 сутак адміністратыўных арыштаў. Гэта абсалютны рэкорд, усталяваны беларускімі ўладамі ў дачыненьні да асобна ўзятай арганізацыі.

21 траўня “Малады Фронт” абвесьціў кампанію салідарнасьці з адміністратыўна арыштаванымі актывістамі Раманам Васільевым, Мікалаем Дземідзенка, Зьмітром Крэменецкім, Уладзімірам Яроменкам і Паўлам Сяргеем.

У межах гэтай кампаніі мы плянуем:

—  Зьвяртацца ва ўсе магчымыя міжнародныя структуры і інстытуты, патрабаваць ад Amnesty International прызнаць адміністратыўна затрыманых маладафронтаўцаў вязьнямі сумленьня;

—  Зьвяртацца да сваіх партнёраў – моладзевых арганізацыяў у краінах Эўропы з заклікам данесьці дадзеную праблему да ўрадаў сваіх краінаў;

—  Інфармаваць дыпляматычныя місіі на тэрыторыі Беларусі аб нашай сытуацыі, з тым, каб яны перадалі гэтую інфармацыю ў МЗС сваіх краінаў.

У той час, калі вядуцца кулуарныя перамовы датычна магчымай лібералізацыі ці саступак рэжыму, мы будзем інфармаваць міжнародную супольнасьць, каб адной з умоваў і патрабаваньняў да рэжыму было спыненьне рэпрэсій у дачыненьні да актывістаў “Маладога Фронту”.

Таксама заклікаем Вас праявіць салідарнасьць з адміністратыўна арыштаванымі. Мы ўсе звыкліся да “сутак” і лічым іх звычайнай справай, у той час, калі гэта ёсьць вельмі дзейсным сродкам здзеку над людзьмі. Яшчэ ня так даўно, сустракаць адміністратыўшчыкаў прыходзілі дзясяткі людзей. Зараз гэта толькі бліжэйшыя сябры і паплечнікі. Павярхоўным стаўленьнем да “сутак” мы самі дазваляем гэтаму жаху працягвацца.

Павал Сяргей вызваляецца у панядзелак, 21 траўня, у 22.50.

Уладзімір Яроменак вызваляецца ў сераду, 23 траўня, у 16.00.

Мікалай Дземідзенка і Зьміцер Крэменецкі вызваляюцца ў чацьвер, 24 траўня, у 17.30.

Раман Васільеў вызваляецца ў суботу, 26 траўня, у 15.30.

Прыходзьце падтрымаць моладзь!

UPD. Пра Міколу Дземідзенка — пакуль дакладна невядома, бо ён у шпіталі.

 

Падзяліцца:

Каментары