Свабоду для нас ніхто спыніць ня зможа!

Свабоду для нас ніхто спыніць ня зможа!

..Ідзе сабе кампанія хлопцаў, сьмяюцца, жартуюць. Сьвята, як ніяк- дзень незалежнасьці. Здавалася, усё добра. Але раптоўна іх хапаюць ззаду, заламваюць рукі і вядуць у аўтазак — бо ішлі яны не ў тым месцы і не ў той час.

..Маладая сям’я: мама, тата і двое малых дзетак прагульваюцца па прывакзальнай плошчы. Дзеці бегаюць адзін за адным, а бацькі мірна размаўляюць і трымаюцца за рукі. Ідылія, аднак. Але гэтак жа раптоўна бацьку і сына зьбіваюць з ног “блюстітелі правопорядка”, што “сумленна” выконваюць сваю працу па затрыманні “бездарей-боевіков” , якімі на самой справе зьяўляюцца звычайныя прахожыя — бо гулялі яны там, дзе не трэба.

“Што гэта такое?” — спытаюцца некаторыя. А нічога асаблівага — гэта штодзённыя рэаліі жыцьця беларусаў.

Неяк перад экзамэнам ва ўнівэрсытэце мой аднагрупнік сказаў наступныя словы: ”Зараз быць у супраціве модна, таму моладзь туды і ідзе.” Хіба гэта так? Дзеля спартыўнага інтарэсу я паспытала ў людзей , што прыходзілі на акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”, чаму яны прыйшлі і якія мэты яны перасьледуюць. Безумоўна адказы былі самымі рознымі, але што цікава, большасьць прыходзіла на плошчы каб выказаць незадаволенасьць сытуацыяй у краіне, адстойваць свае правы на здавалася б такія звычайныя рэчы як нармалёвая праца, даступныя кошты на ежу, бэнзін, праезд у транспарце і проста на жыцьцё. А што робіць улада? — Судзяць за “мелкое хуліганство”, кідаюць за краты, штрафуюць.

Але не разумее яна (альбо не жадае разумець?), што народ — гэта рух, кроплі вады, якія аб’ядноўваючыся становяцца вялікай хваляй, якая зь лёгкасьцю зьбівае любую перашкоду на сваім шляху.

Нельга ставіцца да людзей як да быдла, з якім даўшы “чарку і шварку” можна рабіць усё што заўгода.

Да што нам гэта?
Мірыцца будзем? Не!
Цярпець прыгнёт? Не! Не!
Свабоду для нас ніхто спыніць ня зможа
Бо разам мы і мы пераможам!

Набліжаецца час пераменаў і нельга адмаўляць гэты факт, нельга хавацца ад новага. Наадварот, варта ісьці й змагацца за сваю свабоду. Але неабходна разумець, што бясплатны сыр толькі ў мышылоўцы, таму не трэба сядзець у старонцы, пакуль астатнія будуць весьці барацьбу.

Адэля Шмулык

Падзяліцца:

Каментары