Сьвятар быў на ‘Валадарцы’. Але не трапіў да Яроменка

Сьвятар быў на ‘Валадарцы’. Але не трапіў да Яроменка

Маладому Фронту стала вядома, што ў сераду менскую турму на Валадарскага наведваў праваслаўны сьвятар. Аднак ён так і ня здолеў сустрэцца з Уладзімірам Яроменкам, які пісаў неаднаразовыя заявы на сустрэчы са сьвятаром.

Прычынай адмовы ў спатканьні стаў той факт, што Уладзь да разгляду сваёй касацыйнай скаргі (які адбудзецца 15 ліпеня) зьяўляецца яшчэ падсьледным, не абвінавачаным, а значыць на спатканьне са сьвятаром патрэбны адмысловы дазвол ад Менскага гарадскога суду, у кампэтэнцыі якога знаходзіцца справа Яроменка.

Натуральна, падобная адгаворка з боку адміністрацыі СІЗА № 1 зьяўляецца прамым парушэньнем свабоды сумленьня, якая гарантавана нашай Канстытуцыяй. Акрамя таго, стала вядома, што наведвае турму на Валадарскага толькі адзін праваслаўны сьвятар, якога ніхто не можа падмяніць, нават падчас ягонай хваробы ці адсутнасьці ў горадзе.

Адзначым, што пытаньні веры й рэлігіі — досыць інтымнае й асабістае, якое ня можа задавольвацца адказамі кшталту: пачакаеш, зараз сьвятар хварэе, празь месяц мо каго й прывядуць. У чалавека веруючага ёсьць свае патрэбы, якія павінны своечасова задавольвацца, тым больш, калі асоба знаходзіцца ў такіх стрэсавых і цяжкіх абставінах, як мейсца пазбаўленьня волі.

Малады Фронт лічыць непрымальным той факт, што Уладзіміру так і не паведамілі, чаму менавіта сьвятара да яго не пускаюць. Нагадаем, што ягоныя неаднаразовыя заявы проста ігнараваліся й на іх не паступала адказу. У выніку чалавек быў вымушаны знаходзіцца ў здагадках, у чым жа справа й чым матываваны такія адносіны адміністрацыі турмы да вязьня.

Падзяліцца:

Каментары