Сяргей Семянюк: Справа палітычна матываваная і фальсіфікаваная

Сяргей Семянюк: Справа палітычна матываваная і фальсіфікаваная

Яшчэ тры палітычныя актывісты абвінавачваюцца ў збіцці невядомых, як гэта было з палітвязнямі Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

Пра крымінальную справу супраць яго  па тэлефоне Сяргею Сяменюку паведаміў следчы. Ён выклікаў усіх на допыт 25 жніўня: Алеся Каліту на 9-ю раніцы, Сяргея Семянюка – на 11.30, Максіма Губарэвіча на 26 жніўня. Крымінальную справу завялі нібыта за пабоі ахоўніку офіснага цэнтру, у якім месціцца новая сядзіба БНФ. Сяргей Семянюкпадцвярджае, што інцыдэнт меў месца. Ахоўнік офіса ў нецвярозым стане перашкаджаў праводзіць Сойм партыі, актывісты БНФ вывелі яго з будынка, паведамляе “Радыё Свабода”. На наступны дзень ахоўнік напісаў заяву ў міліцыю.

Еўрарадыё: Як сёння прайшоў допыт, што пагражае табе і тваім паплечнікам?

 Сяргей Семянюк: Допыт быў дастаткова кароткі. Мы, параіўшыся з адвакатамі, выбралі такую тактыку, што вырашалі на пытанні следства не даваць ніякіх адказаў, паколькі мы не верым, што гэтая справа аб’ектыўная. Мы лічым гэтую справу палітычна матываванай, сфальсіфікаванай і, адпаведна, не бачым сэнсу тлумачыць следству, што і як адбылося. Але мы адразу заяўляем, што мы ўсе свае довады, усе свае доказы нашай невінаватасці будзем распавядаць перад судом, які, я спадзяюся, будзе адкрытым, і мы здолеем даказаць, што мы невінаватыя.

 

Еўрарадыё: Колькі пагражае гадоў табе і тваім паплечнікам?

 Сяргей Семянюк: Гэта артыкул 339 ч. 2  (хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Па гэтым артыкуле пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.


Еўрарадыё: Калі будзе наступны допыт ці вочная стаўка з тым самым ахоўнікам?

 Сяргей Семянюк: “Сапраўды, такая размова вялася. Больш за тое, сёння раніцай мы даведаліся, для нас гэта было нечаканасцю, што пацярпелых ужо ў справе двое. Акрамя гэтага п’янага ахоўніка, які кідаўся на нас, яшчэ фігуруе ахоўніца, якая таксама працуе там, у гэтым будынку. Гэтая жанчына, сапраўды, тады працавала, але ніякім чынам не была датычная. Мне адразу следчы сказаў, што будуць праведзеныя дзве вочныя стаўкі. Першая будзе праведзеная з пацярпелым мужчынам і другая — з пацярпелай жанчынай. Першая вочная стаўка будзе сёння ўвечары, папярэдне назвалася 15:00. Але пакуль ніякіх звестак ў нас няма, таму, відаць, гэтая вочная стаўка адкладзеная. На калі — я не ведаю.

 http://euroradio.fm

Падзяліцца:

Каментары