Што будзе далей з Лібіяй?

Што будзе далей з Лібіяй?

Большая частка вайсковых дзеяньняў скончана, Нацыянальная пераходная рада паступова прызнаецца краінамі, як адзіная легітымная ўлада ў Лібіі, прэзідэнт Францыі Ніколя Сарказі і прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі наведваюць Трыпалі – пытаньняў пра тое, ці будзе мець Муамар Кадафі палітычную будучыню ў Лібіі ўжо не ўзьнікае. Узьнікаюць іншае пытаньне: якую будучыню будзе мець сама Лібія?

Варта адразу адзначыць, чым Лібія прынцыпова адрозьніваецца ад іншых краінаў Арабскай Вясны. Лібія мае вялікія залежы нафты, што дазваляла раней Муамару Кадафі літаральна падкупляць свой народ, каб ён ня думаў пра дэмакратыю. Як вядома, вялікія залежы нафты і дэмакратыя гэта рэчы, каторыя досыць часта любяць не спалучацца. Таму заходнім палітыкам трэ’ вельмі моцна пастарацца, каб дапамагчы Лібіі гэтыя рэчы спалучыць. Менавіта ад уплыву ЭЗ і ЗША найбольш залежыць, ці будзе Лібія дэмакратычнай краінай ці пойдзем шляхам дыктатуры.

Але ж галоўным выклікам на сёньня для Нацыянальнай Пераходнай Рады з’яўляюцца спыненьне вайсковых дзеяньняў і набыцьцё поўнай легітымнасьці ня толькі сярод іншых краінаў, а ўнутры ўласнай дзяржавы. Гэтаксама адбудова гаспадаркі, адной з наймацнейшых у рэгіёне.

Канца вайсковага канфлікту варта чакаць бліжэйшыя пару месяцаў. Досыць праўдападобнымі выглядаюць заявы Муамара Кадафі аб “партызанскай вайне” (чытай тэрарыстычнай), але для ўсіх ужо відавочна, што яна плёну ня дасьць, таму наўрад ці будзе масавай.

Варта адзначыць, што НПР ужо сёньня абяцае правесьці выбары на пачатку наступнага году. Наколькі яны будуць пасьпяховымі казаць сёньня цяжка. Не таму, што прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў будуць уключаць выбарачна ці не паказваць бюлетыні назіральнікам, як на беларускі манер. Выклікам з’яўляецца адсутнасьць дэмакратычных інстытутаў і наагул непрызвычаінасьць лібійскага народу да вырашэньня ўласных праблемаў шляхам дэмакратыі, што ёсьць натуральным наступствам існаваньня народу пры дыктатуры такі працяглы час.

Адбудова гаспадаркі мае заняць некалькі месяцаў. Згодна заявам Алі Тархуні, сакратара НПР па фінансам і нафце, ужо бліжэйшыя дні здабыча нафты дасягне 500-600 тысячаў барэлей у суткі, што дасьць неабходныя зараз фінансы для адбудовы гаспадаркі.

Гэтаксама напрыканцы варта адзначыць кампанію НАТА ў Лібіі, бо без яе перамога паўстанцаў наўрад ці была б магчымая. Лібійскую кампанію пад кіраўніцтвам канадзкага ваенаначальніка Шарля Бушара на фоне аўганскай і ірацкай можна прызнаць адной з найбольш пасьпяховых за ўвесь час існаваньня НАТА.

Блог Рыгора Астапені

Падзяліцца:

Каментары