Што ў Дашкевіча з каленам?

Што ў Дашкевіча з каленам?

У апошнім лісце да хроснай маці палітвязень Зміцер Дашкевіч, апроч смутных перажыванняў, піша аб патрэбнай аперацыі на калене.

“Думаю пісаць заяву, калі так усё і застанецца, з просьбаю зрабіць мне на калене аперацыю, на меніск. Для гэтага мусяць везці мяне ў Менск, на Валадарку – там цяпер бальніца”, — піша Зміцер Дашкевіч у лісце да Наталлі Ясевіч.

На аперацыю Дашкевіч думаў ісці ўжо даўно, яшчэ да арышту, але ніяк не мог сабрацца — прайсці ўсе абследаванні, сабраць медыцынскія даведкі ды, галоўнае, адшукаць вольны час. Да таго ж асаблівых праблемаў меніск не ствараў. Хіба што — Зміцер з-за хваробы калена не мог бегаць.

Меніск — храшч у каленным суставе, каторы выконвае ролю амартызатара для нагі. Ён лёгка пашкоджваецца пры бакавых траўмах нагі. Гэта самая частая з усіх траўмаў калена. Звычайна на яе пакутуюць спартоўцы. Дашкевіч займеў траўму ад амапаўцаў падчас аднаго з затрыманьняў задоўга да падзеяў 18-19 снежня 2010 г. Калі менавіта гэта сталася — ён нават сам не мог прыгадаць.

Пры пашкоджанні меніск або разрываецца, альбо адрываецца ад месца прымацавання. Для больш падрабязнага аналізу трэба зрабіць, як мінімум, рэнтген-здымак калена. Хвароба малазаўважная, асабліва для асобаў, каторыя не займаюцца спортам. На ранняй стадыі можа існаваць з малаадчувальнымі болямі некалькі гадоў. Але яна можа прагрэсаваць, калі яе не лекаваць. Невядома, якія праблемы ў дадатак атрымае меніск ва умовах калоніі ды халоднага карцару. Холад, дарэчы, — самае страшнае нават для здаровых суставаў. Хвароба магла яшчэ больш абвастрыцца, калі да Змітра Дашкевіча ўжывалася сіла з боку супрацоўнікаў калоніі.

Часьцей за ўсё для лекаваньня захворваньняў меніска патрэбнае хірургічнае ўмяшальніцтва. Зазвычай медыкі выкарыстоўваюць г.зв. артраскапію — увядзенне ў сустаў праз два мікраразрэзы эндаскопу (прыстасавання для агляду) і хірургічных існтрументаў. У выпадку Дашкевіча — аперацыя дакладна патрэбная — ён казаў аб гэтым мінулым летам, бо ўжо тады меў, праўда рэдкія, болі ў калене.

 Пры захворванні, боль у суставе ўзмацняецца падчас згінання калена. Шырокавядомая поза “расцяжкі” (ногі шырэй плечаў, рукі на сцяне), у каторую ставяць зняволеных у калоніях ды прымушаюць прысядаць, адназначна добра не паўплывае на пашкоджаны храшч у хворым калене.

 Старшыня “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч знаходзіцца за кратамі з 18 снежня 2010 году. 24 сакавіка яго разам з Эдуардам Лобавым асудзілі за хуліганства. Падчас адбыцця пакарання ў Горацкай калоніі Зміцер Дашкевіч 8 разоў за два месяцы трапляў у карцар. Гэта сталася нагодаю для пераводу асуджанага ў іншую калонію. Цяпер палітвязень адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі №13 па адрасе: 211791, Віцебская вобласць, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205

Падзяліцца:

Каментары