Шукай “лукамол” — трапіш у БРСМ!

Шукай “лукамол” — трапіш у БРСМ!

Кожны дзясяты наведвальнік сайту БРСМ шукаў слова “Лукомол” у інтэрнэце й такім чынам перайшоў на сайт арганізацыі.

Навіна журналіста “Дойчэ вэле” Паўлюка Быкоўскага, перадрукаваная на нашым сайце, прысьвечаная статыстыцы палітычных арганізацыяў у інтэрнэце, за суткі стала ледзь не самым чытаным арыткулам на нашым сайце. Пасьля зьяўленьня цікавых камэнтароў да яе, я паспрабаваў даведацца, чаму сайт МФ у рэйтынгу Alexa Rank выглядае круцей, чым сайт БРСМ, пры большай штодзённай наведвальнасьці апошняга?Рэйтынг Алексы, як слушна заўважылі ў камэнтарох наведвальнікі нашага сайту, мае свае акалічнасьці. Наш беларускі лічыльнік akavita.by паказвае больш зразумелыя й дакладныя лічбы.

Малюнак 1 — Дадзеныя Акавіты для сайт БРСМ на момант 15 лютага 13:30

Перш за ўсё мяне зьдзівіла колькасьць наведвальнікаў зь Беларусі (гл. малюнак 1). Для беларускага сайту з сярэднясуткавай наведвальнасьцю ў 1390 чалавек вельмі малой у адсоткавых суадносінах выглядае лічба ў 480 карыстальнікаў зь Беларусі. Міжволі ўзьнікае натуральнае пытаньне, чаму замежнікам цікавы сайт БРСМ? Сьвядома ці несьвядома брсмаўцы памыліліся мэтавай аўдыторыяй?

Малады Фронт здолеў абагнаць БРСМ у рэйтынгу Алексы, бо накіраваны на сваю мэтавую групу. Наведвальнасьць на сайце БРСМ больш, чым на сайце МФ. Але трафік (пры меншай наведвальнасьці) больш у МФ. Выглядае тады, што наведвальнікі сайту БРСМ заходзяць на галоўную старонку і сыходзяць адразу, бо там нецікава.

Гэта пацьвярджаюць дадзеныя Акавіты: за апошні месяц 45 308 (а гэта 88.47% ад усіх наведвальнікаў сайту БРСМ) правялі на гэтым сайце менш за хвіліну. 83% наведвальнікаў глядзелі толькі адну старонку.

Але самае дзіўнае, як людзі траплялі на сайт БРСМ: 80% ад усіх наведвальнікаў перайшлі туды з пашукавікоў. За апошнія 30 дзён з тых, хто скарыстаўся пошукам, 24% шукалі слова “брсм”, што вельмі натуральна для гэтага сайту. Але! 12% ад усіх шукальнікаў нейкім чынам шукаючы слова “лукомол” перайшлі на сайт БРСМ! Я паспрабаваў напісаць у гугул і яндэкс слова “лукомол” і на першых трох старонках не пабачыў сайту БРСМ. Мне цяжка здагадацца, якую камбінацыю словаў трэба скарміць пашукавіку, каб ён прывёў на сайт БРСМ праз “лукомол”.

Аднак факт застаецца фактам. 12% ад усіх шукаючых — гэта прыблізна 10% ад усіх наведвальнікаў. Кожны дзясяты наведвальнік сайту БРСМ сьвядома напісаў у пашукавік выраз з словам “лукомол” і выйшаў на сайт лукомола.

Міхал Вітушка

Падзяліцца:

Каментары