Траціна беларусаў — супраць авіябазы РФ, чвэрць — за, астатнім — абыякава

Траціна беларусаў — супраць авіябазы РФ, чвэрць — за, астатнім — абыякава

Крыху больш за траціну беларусаў (33,9%) адмоўна ставяцца да ідэі размясціць у Беларусі авіябазу РФ. 27% станоўча ставяцца да такіх планаў, а для 31,2% беларусаў гэта абыякава. Такія вынікі снежаньскага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраванага ў Вільні.

Да ідэі «рускага свету», якой Уладзімір Пуцін абгрунтоўваў рашэнне далучыць Крым, зараз станоўча ставяцца 32,3% беларусаў, абыякава 44,8%, а 15,1% адмоўна. Ацэньваюць далучэнне Крыму да Расеі як «вяртанне рускіх зямель, аднаўленне гістарычнай справядлівасці» 65,7% рэспандэнтаў, а як «імперыялістычны захоп, акупацыю» – 20,2% (у верасні было 57,4% vs. 26,5%).

Ваенную аперацыю, якую ў канцы верасня Расея пачала ў Сірыі, 48,7% ацэньваюць як «барацьбу з тэрарызмам, які пагражае ўсяму свету», 29,9% – як «супрацьстаянне Расіі сусветнаму дамінаванню Захаду», а на думку 20,2% , «Расія ў чарговы раз улезла ў чужыя справы, прадэманстравала імперскія замашкі».

На думку 11,7%, інтарэсы Беларусі і Расіі цалкам супадаюць, 52,4% — асноўным супадаюць, 22,7% – у асноўным не супадаюць, 4,7% – яны супрацьлеглыя.

Па ацэнцы НІСЭПД, важную ролю ў прарасейскіх арыентацыях беларусаў разам з гісторыяй і культурай гуляе расійскае тэлебачанне. Яго навінавыя тэлепраграмы з той ці іншай ступенню рэгулярнасці глядзяць амаль 90%, прычым 58,3% лічаць, што падзеі ў іх выкладаюцца цалкам / па большай частцы аб’ектыўна. Толькі 27,7% лічаць расійскія тэлеканалы па большай частцы або зусім неаб’ектыўнымі.

news.tut.by

Падзяліцца:

Каментары