Трое сутак на волі — і зноў пад арышт

Трое сутак на волі — і зноў пад арышт

15 траўня ў Цэнтральным судзе Менску адбыліся працэсы супраць маладафронтаўцаў. Іх абвінавацілі паводле артыкула 17.1 у дробным хуліганстве і арыштавалі: Рамана Васільева — на 12 сутак, а Мікалая Дземідзенку і Зьмітра Крамянецкага — на 10. На суды не пусьцілі ні сваякоў, ні паплечнікаў, ні журналістаў.

Да сёньняшняга дня ні праваабаронцы, ні сваякі ня ведалі, дзе знаходзяцца затрыманыя 14 траўня маладафронтаўцы. Супрацоўнікі міліцыі адамкнулі ключамі кватэру актывістаў і схапілі Мікалая Дземідзенку, Зьмітра Крамянецкага і Рамана Васільева. Усіх паклалі на падлогу тварам уніз, пры найменшым супраціўленьні зьбівалі. Актывісты толькі тры дні таму выйшлі на волю пасьля15-суткавых арыштаў за «Чарнобыльскі шлях». Маці Рамана Васільева спадарыні Ірыне не давалі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне сына — спачатку ў пастарунку, а потым і ў судзе.

«Я пасьля такой ночы ні пра што не хачу гаварыць. Тэлефанавала па ўсіх РУУСах, мне ўсюды казалі, што яго няма. У прыватнасьці, у Цэнтральным РУУСе мне казалі — няма, і калі б быў, то сто разоў сказалі б. Гэта было ў 6 раніцы, у 9 раніцы і ноччу. Потым бралі слухаўку і кідалі. То бок я ня ведала, што ён, дзе ён, ці жывы-здаровы і што адбываецца».

Зранку ў Цэнтральным судзе казалі,што судзіць там хлопцаў ня будуць і што ніякіх працэсаў адносна іх не прызначана. Потым міліцыянты прывезьлі Мікалая Дземідзенку, Зьмітра Крамянецкага і Рамана Васільева. Мікалая Дземідзенку судзілі літаральна 15 хвілін, не дачакаўшыся адваката. Журналістаў, якія спрабавалі прайсьці ў залю, выштурхнулі людзі ў цывільным, сказаўшы — маўляў, ня трэба рабіць балагану. На працэс над Раманам Васільевым судзьдзя Алена Ткачова пусьціла толькі адваката Яўгена Маслава і сказала, што для журналістаў і маці Рамана ў яе кабінэце няма месца. У памяшканьне для сакратароў перад кабінэтамі судзьдзяў людзі ў цывільным нікога не пускалі, а потым замкнулі дзьверы на ключ. Зьмітра Крамянецкага судзілі падчас перапынку на абед, калі ўсіх прысутных папрасілі выйсьці з будынку.

Камэнтуючы вынікі суду, маладафронтаўка Кася Галіцкая адзначыла, што так хлопцам адпомсьцілі за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў Менску ў гадавіну рэфэрэндуму.

«Па пратаколах у трох актывістаў запісаны артыкул 17.1, нібыта яны на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС лаяліся матам. Натуральна, гэта ўсё прыцягнута за вушы і вельмі сьмешна. Насамрэч усё адбывалася ня так. Мы маем падазрэньне, што актывісты арыштаваныя ў сувязі з акцыяй па вывешваньні сьцягоў. Тое, што па 10 сутак, а аднаму зь іх 12 — гэта для нас у пэўнай ступені нечаканасьць, бо мы думалі, што будзе больш. Вельмі брутальным чынам адбывалася затрыманьне, то бок міліцыя ў цывільным уварвалася ў хату. Мы цэлыя суткі ня ведалі, дзе яны».

Тое, як паводзілі сябе канваіры ў судзе, Кася Галіцкая зьвязвае з прызначэньнем новага міністра ўнутраных спраў.

«Можа, гэта тэндэнцыя, можа, гэта заўжды так будзе».

Паводле: www.svaboda.org

 

 

Падзяліцца:

Каментары