Тры памылкі і адна праўда Карбалевіча

Тры памылкі і адна праўда Карбалевіча

Паважаны мною аналітык Валер Карбалевіч адрыкашэціў па маім артыкуле “Наш і ваш кандыдат”. Дазволю сабе і я адрыкашэціць па тэксту вельмішаноўнага сп. Карбалевіча.

На маё меркаваньне аб тым, што апазіцыя раз за разам прайграЕ выбары па прычыне нерашучасьці, сп. Карбалевіч піша: “У 2010 годзе апазыцыя дзейнічала рашуча, разьбілі дзьверы ў Доме ўраду”. Паважаю пачуцьцё гумару і тонкую іронію, але ёсьць “але”: ня дзейнічала апазіцыя рашуча ў 2010 годзе, як і ў 2001 ці 2006. А тое, што пайшлі тое шкло шкрабаць, дык гэта хутчэй ужо ад безвыходнасьці. Як у 2006 ад той жа безвыходнасьці засталіся на Плошчы, разумеючы, што гэта ні на што каардынальна не паўплывае. Такім чынам, гэта была памылка першая.

Далей Валер Карбалевіч выказвае наступнае абгрунтаваньне адзінаму: “…каб атрымаць большую, чым Лукашэнка, падтрымку насельніцтва, апазыцыйны кандыдат павінен забраць галасы ўсяго пратэстнага электарату. А гэта магчыма пры ўмове, што ён будзе адзін. Калі апазыцыйных кандыдатаў шмат, то галасы распыляюцца”. Дадзеная думка Карбалевіча даволі распаўсюджаная сярод палітолагаў, але і тут ёсьць другі бок медаля. Я, да прыкладу, ніколі не прагаласую за такога адзінага як Ганчарык і ўсім сваім знаёмым буду раіць за яго не галасаваць. Я ніколі не прагаласую за такога адзінага як неабальшавік Калякін, і нават буду выступаць супраць такога. Такіх “я ніколі не прагаласую…”, на жаль, можна назьбіраць шмат, але ня будзем. Я спадязюся, што думка мая ясна: не адзіны кандыдат можа мабілізаваць больш галасоў пратэстнага патэнцыялу, а спектар кандыдатаў, кожны зь якіх мабілізуе сваю каманду аднадумцаў, і кожны зь якіх зьбярэ галасы менавіта свайго электаральнага поля. Такім чынам, мы паглядзелі на памылку другую.

Цяпер памылка трэцяя. Яна самая заскарузлая ў нашых галовах. Сп. Карбалевіч даводзіць: “Плошча можа адыграць вырашальную ролю толькі пры ўмове, калі апазыцыйны кандыдат атрымаў рэальную электаральную перамогу, а Лідзія Ярмошына яе не прызнае. Вось тады ад рашучасьці «Майдану» ў першыя гадзіны і дні пасьля выбараў залежыць лёс краіны. І, дарэчы, менавіта ў гэтым выпадку для абывацеля зразумела, навошта выходзіць на вуліцу, дзеля чаго рызыкаваць”. Пра глыбінную памылковасьць такога меркаваньня даводзілася выказвацца яшчэ напярэдадні “выбараў-2010” у артыкуле “Мы гатовыя заплаціць кошт”. Паўтараць усё ня буду, але кароценька нагадаю, што “Аксамітныя рэваліцыі”, якія скінулі з Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі і іншых краін камуністычнае ярмо, адбывалася без перамогі адзінага кандыдата на выбарах.

Але ж нават ня ў гэтым асноўная памылка, а ў тым, што мы выходзім на Плошчу перадусім не перамогу нейкага кандыдата абвяшчаць (хаця можа быць і гэта!), а патрабаваць сумленных выбараў. Людзі, вы разумееце розьніцу? Чаму народ ня мае маральнага права выйсьці на Плошчу і выкінуць Саню з трона, калі самазванец піша сабе па 90/80 адсоткаў галасоў? Калі ты набіраеш 30 адсоткаў, дык і напішы сабе гэтыя 30, а потым перамагай сумленна ў 2-ім туры – і ніхто ня будзе мець маральнага права заклікаць да зрынаньня дыктатара, калі гэтага дыктатара дэмакратычна абірае народ.

Ну і нарэшце, праўда Карбалевіча палягае ў тым, што ня можа ідэя Плошчы ісьці ў адрыве ад усёй кампаніі. Плошча – гэта завяршальны акорд у гімне народнага пратэсту. І класна, што мы актыўна гаворым аб гэтым ужо цяпер, за два гады да “выбараў”, а не за пару месяцаў, як гэта было папярэднімі разамі.

Давайце ня вешаць адзін на аднаго ярлыкі, няма патрэбы і ў сварках: адзіны кандыдат ці некалькі іх, ці нават дыскусія “выбары vs байкот”– гэта ўсё тактычныя разыходжаньні паміж намі, якія нявартыя спрэчак на пацеху ГБэшнай навалачы і самазванца. Няхай кожны працуе на перамогу так, як яму падаецца правільным, але такім чынам, каб у дзень “выбараў” мы ўсе разам адыгралі апошні акорд падману і бясчынству ў Беларусі.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Сяржук (Jan 09, 2014:15:43)Адказаць

    цікавая логіка. МЕРКАВАННЕ Карбалевіча называць ПАМЫЛКАЮ самай “заскарузлай”, тады, калі самі у высновах (праўда Карбалевіча) пішаце, што “няма патрэбы і ў сварках: адзіны кандыдат ці некалькі іх, ці нават дыскусія “выбары vs байкот”– гэта ўсё тактычныя разыходжаньні паміж намі, якія нявартыя спрэчак “. Дык памылка Карбалевіча ці ўсё ж тактычнае разыходжанне паміж вамі?

  2. Зьміцер Дашкевіч (Jan 09, 2014:21:34)Адказаць

    Сяржук, давайце з Вамі паразважаем разам. Я мяркую так, калі Карбалевіч піша, што рашучыя дзеяньні ўжо паказалі сябе ў 2010 годзе (маўляў, у шкрабаньні шкла яны выявіліся), дык я лічу такое выказваньне памылковым, што і абгрунтоўваю. Калі ж нехта спрабуе нас загнаць у канфлікт “за і супраць адзінага”, я не жадаю ў ім ўдзельнічаць, бо лічу ўсё гэта разыходжаньнямі тактычнымі. Кожны мае права на сваю думку, свае хады.

  3. Сяржук (Jan 09, 2014:21:46)Адказаць

    Я прашу прабачэння, што не ўдакладніў. Але я меў на ўвазе канкрэтнае меркаванне Карбалевіча менавіта адносна адзінага кандыдата, т.б. па-Вашаму кажучы я пра “трэцюю памылку Карбалевіча”. І тут Вы не проста ўвязваецеся ў канфлікт “за і супраць адзінага”, Вы называеце меркаванне чалавекам памылкаю. Хаця самі ціпа не хочаце наконт гэтага спрачацца і ў дыскусіі такой ўдзельнічаць. Вы самі ствараеце гэтую дыскусію, навешваючы ярлыкі на тое, што ісцінна і не, памылкова ці наадварот. І гэта датычылася, сапраўды, абсалютна тактычнага разыходжання.

  4. Зьміцер Дашкевіч (Jan 09, 2014:22:20)Адказаць

    Тлумачу Вам яшчэ раз: памылка палягае ў меркаваньні, што менавіта адзіны зьбярэ ўвесь пратэсны патэнцыял. Карбалевіч у сваім артыкуле піша, што Ганчарык набраў найбольшую колькасьць галасоў за ўвесь час супрацьстаяньня апазіцыі Лукашэнку. Дык вось каб вы ведалі, Ганчарык у 2001 па дадзеных НІСЭПД набраў сапраўды шмат — 21%. А ведаеце колькі апазіцыйныя кандыдата набралі ў 2010? Падкажу Вам, 28,4% па дадзеных НІСЭПД.

    Калі ж Вам падалося, што я кагосьці абвінавачваю, прабачце. (І ў артыкуле “Наш і ваш кандыдат” я пішу, што адзіны — гэта добра, але ня першасна.) Які сэнс абвінавачваць? Я ж ня супраць адзінага — калі ласка! (Каму падабаецца.) Я толькі тое падкрэсьліваю, што не зьбіраюся на такіх адзіных як Ганчарык і Ко працаваць. Я маю такое права?

  5. Цимафей (Jan 10, 2014:23:26)Адказаць

    Бей пасуду!!!