Творчасьць Алеся Кіркевіча

Творчасьць Алеся Кіркевіча

Падзеі 19 сьнежня дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ўдала скарыстаў у мэтах рэпрэсіяў супраць дэмакратычнай моладзі. За кратамі апынуліся талантлівыя сябры Маладога Фронту. Гэтая старонка прысьвечана зьняволенаму маладафронтаўцу Алесю Кіркевічу й яго творчасьці.

Алесь Кіркевіч нарадзіўся ў Гародні ў сям’і гісторыкаў. Яму 21 год. Намесьнік старшыні “Маладога Фронту”, кіраўнік Гарадзенскай філіі МФ. Ягоны дзед Аляксандр быў вядомым у Гародне краязнаўцам.

Пасьля школы паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага ўнівэрсытэта (спэцыяльнасьць – «археалогія»). Самастойна вырашыў адкласці вучобу дзеля таго, што лічыў зараз больш важным – палітычнай дзейнасці.

Удзельнік акцыі 19 снежня. Быў затрыманы за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязьнямі 24 сьнежня пад сьценамі ізалятара, што па менскім завулку Акрэсціна. Асуджаны на 10 сутак. У той час пад арыштам на Акрэсьціна знаходзілася й яго будучая жонка, студэнтка Люблінскага ўнівэрсытэту Надзея Крапівіна. Іх шлюб адбыўся 22 студзеня. На волю Алесь выйшаў 3 студзеня, а праз 3 дні быў асуджаны на штраф за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Арыштаваны 28 студзеня пасьля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гродзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках. Адвезены ў Менск і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Юнаку было прад’яўлена абвінавачанне паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Алесю пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

ВЕРШЫ:

Верым! Можам! Пераможам!

Зажывуць разадраныя рукі
Усміхнецца вясёлкаю неба
Смак салёны мядовай разлукі
Адчуваю ў бохане хлеба.
Берцы бою чакаюць на складзе
Расцвітуць перавулкі сцягамі
Не шукай супакою ў ладзе
Сёння з імі ты, заўтра — з намі!

Краты рэжуць блакіт небасхілу
Пыл адчаю ў лёгкіх асядзе
Рэшту кіне рука на магілу…
Хто каму?
Пажывем ды паглядзім!

Аляксандр Кіркевіч, турма Валадарка, Мінск
Травень 2011

* * *

Заслаў пыл вочы, прыпыніла бег жыце
Скрыпяць ледзь чутна ў пакоі палавіцы
Зліцце асобаў, асабістасцяў зліцце
Занатаваў Гасподзь, запоўнілі для кніг паліцы.

Гарыць свяча, згасае дзень, вакол карціны-сцены
Мая рука, твае плячо, і пэнзэль з фарбай-вены
Пакутнік – вецер выбіў шкло, раскідаў рэчы
Асветляць карышкі ад кнігаў ноч-падуй на свечы!

Алесь Кіркевіч, студзень 2011,
Менск, турма КДБ

* * *

Сніў цябе. Пад дажджом, ва ўсім белым
Я ўцякаў, ты даганяла мяне
Усім целам і сэрдцам збалелым
Я (як Горад) змакоў пакрысе

Я ўцякаў, зачынялся дзвярыма
Белай столей аблокі ў гары
Пад заваніцамі Волі ці Веры
Хросным ходам хадзіў дазары

Ты мяне адпускаць не хацела
Госпад звеў нас сцяжынкай адной
Скрыжаваннем эпоха ляцела
Час,дзе ты засталася сабой

Зорка ззяе, рассеялісь хмары
Полем чыстым заслана зямля
Усе збыліся юнацкія мары…
Жорнаў лесу ідзе спакваля!

Алесь Кіркевіч, студзень 2011,
Менск, турма КДБ

* * *

На полі цудаў засталіся мы ўдвох
Я ды… Усёмагутны Бог.
Налева — зырк, направа — зырк:
Сусвет гарыць агнямі, нібы цырк,
Гандлюе мэтр, крычыць актор, гудзяць машыны,
Нясецца шчэ адзін герой, забыўшыся на міны,
Усе пры справе і ніводзін у журбе.
Знайсці б дзе-небудзь тут крыюўку для сябе…
„Пайдзеш?“ — „Пайду“ — „А можа пачакаеш?
Яшчэ гадок — жыцця зусім не знаеш…“ —
„Я…“ — „Ведаю, і ведаў загадзя,
Заросла мохам роспачы ладдзя,
Вазьмі што іншае, падумай, прыгадай
Каб адляцець куды? У Р-А-Й“
„Ура“ — маскальскі кліч», — сказаў. Асёкся. Праглынуў.
«А наш — «Рубон» — і, як прыдурак лыч замкнуў.
Ён паглядзеў мне ў вочы, а пасля — на лес, пасля — зноў на мяне.
Я зразумеў, чым тут цяпер стаяць, мне ўтапіцца лепей у лайне…
«Прабачце», — я кажу. Ён усміхнуўся — я збялеў.
«Хаціш ісці — ідзі!» — і схамянуліся дзесяткі дрэў.
(Гасподзь не паважаў літаратурнай мовы.)
«А… хоць якія там умовы?»
Паспеў спытаць. Дарма спытаў. Кляну сябе.
Усё лепшае, вучылі мяне так, ствараецца ў барацьбе…
«Не. Пачакай. Пастой тут. Рэчы пры табе?»
(Тут акурат машына праняслась — Пачобута вязлі ў КДБ.)
«Пры мне» — «А ведаеш… Я пазваню, трымай!»
Расплюшчыў вочы я — у руцэ кардонны пачак, напісана «Чай».
Я паглядзеў, я азірнуўся, бачу толькі панараму:
Начное поле, на ўзбочыне агні, экраны
Там шоу: Ірына Дарафеева, Зімоўскі, «RockerJoker».
Вось тоўсты дзядзька з вертыкалі, кажуць, «полупокер»
Пайду… шукаць дарогу, ды адказы на пытанні «Што? Дзе? Як?»
Я памалюся за сяброў ды… пачак пакладу ў пляцак.

Алесь Кіркевіч, сьнежань 2010,
Гародня

***

МАЛЮНКІ:

 

Зь лісту, прысьвечанаму жонцы Надзеі. [Глядзець астатнія малюнкі ды вершы…]

* * *

Малады Фронт зьвяртаецца да сяброў, паплечнікаў Алеся Кіркевіча й неабыякавых грамадзянаў: дасылайце лісты зьняволенаму патрыёту Беларусі! Адрэса:

220050, г. Менск, Галоўпаштамт, а/я 8, Кіркевіч Алесь Раманавіч

Калі Алесь даслаў вам свой ліст, падзяліцеся, калі ласка, інфармацыяй з намі праз press.mfront @ gmail.com

Падзяліцца:

Каментары