У Барысаве пахавалі Галіну Малчанаву

У Барысаве пахавалі Галіну Малчанаву

Аляксандра Малчанава не адпусцілі развітацца з маці. 

Сёння днём у Барысаве адбылося пахаванне маці палітвязьня Аляксандра Малчанава, Галіны Малчанавай. Жанчына нечакана памерла ў ноч на 9 чэрвеня, проста седзячы за кампутарам. Развітацца з Галінаю Малчанавай прыйшло каля 30 чалавек, у тым ліку з Менску прыехалі былыя палітрэпрэсаваныя Васіль Парфянкоў і Аляксандр Атрошчанкаў, сваякі палітвязняў Марына Лобава і Алена Ліхавід, удзельнікі каардынацыйнай групу “За Волю”.

Аляксандра Малчанава на пахаванні не было – адміністрацыя жодзінскага следчага ізалятара не адпусціла хлопца, бо праз пададзеную касацыйную ён яшчэ не лічыцца асуджаным. Перад цырымоніяй развітання людзі яшчэ раз прыехалі ў Жодзіна перамовіць з начальствам калоніі і папрасіць канваіраваць Малчанава на пахаванне. Аднак адміністрацыя зноўку адмовіла – маўляў, смерць сваяка не з’яўляецца прычынаю, каб адпускаць вязня, у дачыненні якога прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Нагадаем, 9 красавіка удзельнік Плошчы Аляксандр Малчанаў быў асуджаны на паўтара года калоніі па абвінавачванні ў крадзяжы металалому. Пасля смерці маці ў хлопца застаўся толькі бацька, які праз інваліднасць практычна не падымаецца з ложка.

Падзяліцца:

Каментары