У Гомелі памятаюць «зубра» Андрэя Зайцава

У Гомелі памятаюць «зубра» Андрэя Зайцава

Прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Гомелю, руху «Разам» і кампаніі «Наша альтэрнатыва» стварылі аргкамітэт ушанаваньня памяці сябра руху супраціву «Зубр» Андрэя Зайцава.

Актывісты наведаюць магілу Андрэя й зладзяць жалобную вечарыну, паведамляе Радыё Свабода.

Дзесяць гадоў таму, 20 сьнежня 2001 году, Андрэй скончыў жыцьцё самагубствам, пакінуўшы перадсьмяротную запіску, у якой паведаміў, што ў ягонай сьмерці вінаватыя супрацоўнікі КДБ. У калідоры кватэры на складным століку акурат перад перакладзінай, дзе вісела цела Зайцава, ляжала касэта з запісам ягонай тэлефоннай размовы з супрацоўнікам абласной управы КДБ і заява ў Беларускі Хэльсынскі камітэт пра абставіны вярбоўкі ў якасьці сакрэтнага пастаўшчыка інфармацыі пра дзейнасьць грамадзка-палітычных арганізацыяў.

Да абеду Андрэй хадзіў з маці на рынак, купіў сабе цыгарэт і новую запальнічку. У той дзень бяды не прадбачылася, хаця, паводле сьведчаньняў маці, Андрэй быў неспакойным. За два дні да трагедыі ён нават прызнаўся маці, што яго агітавалі стаць правакатарам.

Пра вярбоўку супрацоўнікам КДБ, у прыватнасьці, старэйшым лейтэнантам Алесем Еўсьцігнеевым, Андрэй распавядаў і сябрам. Разам з адным зь іх Андрэй запісаў на дыктафон тэлефонную размову:

Андрэй: Я проста кажу апошні раз, калі захочаце са мною сустрэцца, толькі праз позвачку, праз ваша аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Афіцыйна.

Супрацоўнік: Абавязкова. А чаго гэта ты так? Кансультаваўся з кім-небудзь?

Андрэй: Ды не, не кансультаваўся. Проста мне ўжо ўсё надакучыла. Я не хачу здаваць сваіх!

Супрацоўнік: Ня хочаш здаваць сваіх? А ты хіба кагосьці здаваў?

Андрэй: Не! І не хачу!

Супрацоўнік: А ты хочаш, каб я цябе здаў?

Андрэй: Каму?

Супрацоўнік: Ах, ты, бачыш, сьмелым стаў і дужым. Ну, добра, сьмелы дык сьмелы…

У Гомельскай управе КДБ адмаўлялі наяўнасьць супрацоўніка з прозьвішчам Еўсьцігнееў, хаця нумар тэлефону, які згадваў Зайцаў, ва ўправе быў.

На запыт адваката з прадпрыемства «Гомельаблтэлекам» паступіў афіцыйны адказ пра гаспадара пэйждэру, на які мусіў скідваць паведамленьні Андрэй: «Абанэнцкі №215862 пэйджынгавай сеткі РУП «Гомельаблтэлекам» зарэгістраваны за Ястрэмскім А.І.». Такі супрацоўнік служыў у адным з падразьдзяленьняў УКДБ.

Андрэй Зайцаў распавядаў таксама і пра псыхалягічны ціск і першае знаёмства з кадэбістам у ваенкамаце, куды яго выклікалі позвай: «Малады чалавек сядзіць. Я заходжу, за мной зачыніліся ўсе дзьверы. Памяшканьне было поўнасьцю зачыненым. І першае, што ён зрабіў – не называючы сябе, паклаў кайданкі на стол і кажа: «Да нас дайшла інфармацыя, што ў цябе дома ёсьць зброя і боепрыпасы». Я кажу: выбачайце, вы не назвалі сябе. Тады ён назваўся: «Старэйшы лейтэнант Еўсьцігнееў Алесь Віктаравіч». Я стаў далей казаць, што ў мяне нічога не было і няма. Калі хочаце, паехалі да мяне дахаты, зробіце вобыск. Ён мне ў адказ: «Нічога страшнага, мы знойдзем. Усё, што трэба, знойдзем». Ён стаў мне пагражаць: «Ты вось займаўся перадвыбарнай кампаніяй, зьвязаны з «зубрамі». Я ў адказ: а што тут такога? Ён – мне: «На табе ж вісіць крымінальная справа!» Кажу: калі вісіць, я за гэта сам адказваць буду. Ён: «Я табе прапаную: альбо ты будзеш супрацоўнічаць з намі, і я табе памагу, каб ты ня сеў, альбо ты сядзеш за краты, і табе там будзе яшчэ горш».

Пасьля заявы бацькі Андрэя пракуратура Савецкага раёну праводзіла праверку факту сьмерці – і адмовілася распачаць крымінальную справу на падставе артыкулу пра давядзеньне хлапца да самагубства. Маўляў, суіцыд ён учыніў у зьвязку з «дэпрэсіўным станам, выкліканым неабходнасьцю адбываць пакараньне ў сьледчым ізалятары УУС Гомельскага аблвыканкаму за ўчыненае злачынства».

За спадаром Зайцавым цягнулася даволі цьмяная крымінальная справа пра блізкія адносіны зь дзесяціклясьніцай. 12 сьнежня закрыты суд Савецкага раёну на падставе заявы не пацярпелай, а трэцяй асобы, пакараў Зайцава трыма месяцамі ізалятару.

Гэта й служыла дадатковай падставай для шантажу Андрэя Зайцава.

http://charter97.org

Падзяліцца:

Каментары