У Гомелі прайшоў вечар памяці Міхаіла Жызнеўскага

У Гомелі прайшоў вечар памяці Міхаіла Жызнеўскага

25 студзеня ў Гомелі прайшла памятная вечарына, прысвечаная земляку, Герою нябеснай сотні Міхасю Жызнеўскаму. Малады Фронт выступаў як суарганізатар мерапрыемства.

Сустрэча пачалася з хвіліны маўчання па Міхаілу Жызнеўскаму і ўсім загінулым у вызваленчай вайне ўкраінскага народа супраць расійскіх акупантаў. На вечарыне прысутнічалі бацькі героя: Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч.

Ніна Васільеўна распавяла, што 22 студзеня, у дзень пагібелі яе сына, каля ягонага помніка ў Кіеве (на вуліцы Грушэўскага) прыйшло шмат людзей. Яны прынесі кветкі, знічкі, стаялі на каленях, ушаноўваючы памяць Мішы. Прыходзіў і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. “Але Міша пакуль не атрымаў звання Героя Украіны, хоць нам абяцалі. Яшчэ такі момант – да гэтага часу, хоць прайшоў год, няма нават падазраванага ў справе аб забойстве майго сына”, – кажа маці.

Таксама Ніна Васіьлеўна прасіла дапамогі, каб разам супрацьстаяць вандалам, якія зрываюць украінскія сцягі, засмечваюць магілу.

Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі, бацька загінулага, заявіў, што ягоны сын загінуў не толькі за свабоду Украіны, але і Беларусі. “Мы тут у Беларусі сталі рабамі, і самі ў гэтым вінаватыя, што не змагаемся за свае правы. Калі мы працуем за чорны хлеб, калі працоўны чалавек атрымлівае заробак блізу 3 мільёнаў, калі людзей перавялі на кантракты – якія могуць быць кантракты на дзяржаўным прадпрыемстве? Мы забыліся, што ў Канстытуцыі гаворыцца пра годную зарплату. У нас людзей гнабяць ні за што! Даўно пара змагацца за сябе! Нашыя сваякі да таго запалоханыя, што нават не пайшлі да нас на жалобны абед аб Мішу, кажуць – мы баімся! Вось да чаго давёў людзей страх”, – цытуе бацьку “БелаПАН“.

Ён дадаў, што аўтамабілі міліцыі і “ціхароў” суправаджалі сваякоў нават пры наведванні могілак 22 студзеня. “Не давалі спакою. Нават калі ў кавярні быў памінальны абед аб Мішу – то і тое круціліся нейкія аўтамабілі з міліцыяй ці спецслужбамі, здымалі ўсіх на відэакамеру”, – распавёў Міхаіл Пятровіч.

Таксама бацькі дадалі, што міліцыя запалохвае родзічаў, і тыя пабаяліся прыехаць на гадавіну па Мішы. А сястру Мішы нават выключылі з універсітэту імя Ф. Скарыны. Там яна навучалася на завочным факультэце.

Напрыканцы вечара выступіла бард Вольга Цярэшчанка, якая выканала некалькі патрыятычных песень на украінскай і беларускай мовах.

памятная_вечарына_жызнеўскі памятная_вечарына_жызнеўскі2 памятная_вечарына_жызнеўскі3 памятная_вечарына_жызнеўскі4 памятная_вечарына_жызнеўскі5 памятная_вечарына_жызнеўскі6Фота: spasemstranu.com

Падзяліцца:

Каментары