У Гомелі зарэгістравалі ініцыятыўную групу папугая Яшы

У Гомелі зарэгістравалі ініцыятыўную групу папугая Яшы

Як паведамляе сайт “Цьвярозы погляд”, на адной з выбарчых акругаў была зарэгістравана ініцыятыўная група жывёлы, а менавіта папугая.

Ініцыятары паведамілі што папугай Яша даўно марыў стаць дэпутатам. І дзеля сваёй мары навучыўся гаварыць некалькі слоў: «Дзе грошы?», «Ярмошына», «Хачу ў «Палатку», «ідзі ў баню». Ды і дэпутату больш і не трэба ведаць і ўмець… Перадвыбарная праграма: «Яша харошы». Прычына, па якой ён вырашыў вылучыць сваю кандыдатуру: «Хачу ў «Палатку».

Праблема адсутнасці пашпарта грамадзяніна Беларусі была вырашана пры дапамозе фоташопа.  Сфармавана ініцыятыўная група, складзена заява — і наперад, у акругу на рэгістрацыю!

Спасем-страну.2

Сакратара камісіі не збянтэжыў фотаздымак папугая. Калі ёсць копія пашпарта, то хоць свінню можна намаляваць, а як паказвае сённяшні выпадак — і зарэгістраваць.

Дакументы правераны і прыняты, аб чым зроблены запіс у сшытку рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Пасля  рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Яшы пачалася рэгістрацыя наступнага жадаючага паўдзельнічаць  у «лахатроне» пад назвай «Выбары», таму давераная асоба Яшы ўсе ж такі вырашыла паведаміць прадстаўніку камісіі аб тым, што «не таго зарэгістравалі», але запіс у сшытку застаўся,  там так і напісана: «ініцыятыўная група па вылучэнню кандыдата «Жукоўскага Якава Іосіфавіча«. Не верыце? Схадзіце ў выбарчую камісію Мазураўскай выбарчай акругі № 19 па выбарах у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў дваццаць сёмага склікання і папрасіце сшытак рэгістрацыі. Вы ўбачыце на ўласныя вочы… :)

Дадатковы фактар, па якім Яша ўсё ж вырашыў забраць дакументы — месца дэпутата абласнога Савета дэпутатаў не вельмі прыстойнае. Дэпутаты нічога не вырашаюць, а толькі ціснуць на кнопкі і махаюць галавой у знак згоды… Яшы трэба адразу ў «Палату», аб чым ён заяўляе штодзённа: дэпутаты там таксама нічога не вырашаюць, але можна завесці добрыя стасункі, патрэбныя знаёмствы,+ службовае аўто  «халяўнае» жыллё і неблагі заробак, а адказнасці — ніякай.  А можа Яшу вылучыць у прэзідэнты — «АДЗІНЫМ» ад усіх «адзіных»?

Вылучэнне жывёл — не адзінкавыя выпадкі ў свеце. Напрыклад, кот Фрэдзі — «мэр» і талісман горада Шарон (штат Вісконсін, ЗША). Яша не горш за ката, «Яша харошы».

Падзяліцца:

Каментары