У Гомельскай вобласьці патрабуюць спартовую пляцоўку

У Гомельскай вобласьці патрабуюць спартовую пляцоўку

Сябры гомельскай ініцыятывы «Хопіць піць — Трэба жыць» накіравалі калектыўны зварот кіраўніку Адміністрацыі Гомельскага раёна з патрабаваньнем вылучыць месца для спартовай пляцоўкі ў мястэчку Чонкі. Паводле грамадзкага актывіста Зьмітра Карашкова, у звароце сябры ініцыятывы таксама прапануюць чыноўнікам сваю дапамогу па арганізацыі пляцоўкі.

Як адзначыў Зьміцер Карашкоў, ініцыятыва па арганізацыі спартовай пляцоўкі сыходзіла менавіта ад саміх жыхароў і моладзі мястэчкаў Чонкі і Сеўрукі.

— Мы кожны тыдзень праводзім футбольны турнір “За здаровы лад жыцьця” з моладзьдзю. Але ж гэта мерапрыемства адбываецца  там, дзе мы здолеем знайсьці месца. У нас няма поля для гэтага. Мы неаднаразова зьвярталіся вусна ў адміністрацыю пасёлка Чонкі. Нам абяцалі дапамагчы і выдзеліць адмысловае месца. Але ж усё так і засталося на ўзроўні размовы. Таму мы вырашылі афіційна зьвярнуцца да ўладаў, – распавёў актывіст.

У звароце адзначаецца, “што ў Беларусі склалася крытычная сытуацыя, калі ўзровень спажыванага чыстага алкаголю на душу насельніцтва складае больш за 12 літраў у год. Па статыстыцы СААЗ, Беларусь уваходзіць у дзесятку самых пітушчых краінаў сьвету. Гэта ўсё пагражае дэградацыяй і выміраньнем беларусаў як нацыі”.

— Каб неяк змяніць сытуацыю, уласнымі сіламі я разам з сябрамі ўжо амаль напрацягу году ладжу  футбольныя турніры  на тэрыторыі Чонкаўскага сельсавета. Але існуе адна праблема: практычна адсутнічае магчымасьць займацца спортам, у тым ліку, і гуляць у футбол моладзі пасёлкаў Чонкі і Сеўрукі. Таму мы і вырашылі зьвярнуцца да чыноўнікаў з просьбай вылучыць месца (пляцоўку) у зручным для жыхароў месцы  для  спартовых, – паведаміў гомельскі актывіст.

Сябры ініцыятывы «Хопіць піць — Трэба жыць»  ня толькі сабралі подпісы пад зваротам з патрабаваньнем, але і прапанавалі чыноўнікам сваю дапамогу. У прыватнасьці, грамадзкія актывісты абяцаюць дапамагчы ўсталяваць футбольныя брамкі, турнік і некалькі футбольных лаваў. Таксама сябры ініцыятывы плянуюць правесьці суботнік на месцы, вылучаным пад стадыён і спратовую пляцоўку, пры ўмове выкананьня большасьці  працаў без прыцягненьня тэхнікі.

Адзначым, дзейнасьць гомельскай ініцыятывы адбываецца ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш-2013”, якая ініцыяваная Асамблеяй НДА і мае на мэце вырашэньне лякальных сацыяльна значных праблемаў супольнымі дзеяньнямі грамадзкіх актывістаў і звычайных людзей.
http://belngo.info

Падзяліцца:

Каментары