У Салігорску вызвалены Ільля Шыла

У Салігорску вызвалены Ільля Шыла

6 ліпеня пасьля 7-суткавага арышту вызваліўся салігорскі маладафронтавец Ільля Шыла.

Сям’я Шылаў была затрымана тыдзень таму падчас маўклівай акцыі ў Салігорску. На Ільлю склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

“У раўсе бачыў Андруся Тычыну — ён казаў, што на астатніх затрыманых складалі не адзін пратакол. Хоць на мяне быў толькі адзін,” — кажа Ільля.

На судзе ў Ільлі Шылы было 6 сьведак, усе з боку міліцыі. “У пратаколе было пазначана затрыманьне ў 19:40 у адным месцы горада, міліцыянты сьведчылі аб затрыманьні ў 19:00 у іншым месцы. Судзьдзя абвясьціў перапынак і бегаў перадрукоўваць пратакол, каб паказаньні сьведкаў хоць троху супадалі з пратаколам,” — усьміхаецца Ільля.

“У камэры знаходзілася ад 10 да 15 чалавек, — узгадвае маладафронтавец. — Сядзеў тыдзень без душу. Дзякуй Богу, толькі адзін дзень было душна — былі нават мокрыя сьцены й падлога ў камэры, пасьля пайшлі дажды й сьпёка сышла”.

Ільля сядзеў у другой камэры, старэйшы брат Іван — у першай, бацька маладафронтаўцаў Уладзімер — у трэцяй. “Да Івана хуткая прыяжджала. Ён у арміі ад антысанітарыі займеў алергію, з-за каторай яго й папёрлі з войска. Цяпер яна ізноў абвастрылася,” — апавядае Ільля Шыла. Нагадаем, Івана Шылу дэмабілізавалі з войску пасьля 7 месяцаў службы.

Пасьля серадовай акцыі 29 ліпеня ў Салігорску імгненна спрацавала грамадзянская салідарнасьць. За дзень Сьвятлане Шыла сабралі грошы на штраф. Сабраных грошаў хапіла яшчэ й на перадачкі для арыштаванага мужа й сыноў.

Затрыманы ў сераду 29 ліпеня Ільля атрымаў 7 сутак арышту, Іван — 10, Уладзімер — 15. Сьвятлане Шыла прысудзілі 20 базавых велічыняў штрафу. На 13 сутак асудзілі маладафронтаўца Андруся Тычыну. Іван Шыла абвясьціў галадоўку ў знак нязгоды з прысудам.

Ільля Шыла лічыць, што ягоную сям’ю праз адміністрацыйныя арышты адмыслова ізалявалі напярэдадні 3 ліпеня.

Падзяліцца:

Каментары