У Швейцарыі зьбіраюць подпісы за абмежаваньне іміграцыі

У Швейцарыі зьбіраюць подпісы за абмежаваньне іміграцыі

Ініцыятыву распачала Швейцарская народная партыя (SVP), каторая выражае інтарэсы правага сэктару краіны.

Як перадае інфармацыйнае агенцтва Reuters, SVP мае мэтаю памяншэньне колькасьці імігрантаў на тэрыторыі краіны шляхам увядзеньня штогадовых квотаў на выдачу віда на жыхарства.

SVP сёньня мае найбольшую колькасьць месцаў у ніжняй палаце швейцарскага парлямэнту. Паводле апошніх апытваньняў, партыя мусіць замацаваць свой посьпех на выбарах у кастрычніку.
На сайце партыі тлумачыцца, што ініцыятыва ставіць задачаю пакласьці канец масавай іміграцыі ў краіну й узяць пад кантроль працэс выдачы віда на жыхарства.

У лістападзе мінулага года грамадзяне Швейцарыі большасьцю галасоў (52,9%) ухвалілі законапраект “Чорная авечка”, паводле якога замежнік, прызнаны судом вінаватым у цяжкім злачынстве — забействе, гвалтаваньні альбо грабяжы, — будзе аўтаматычна дэпартаваны з краіны без права падачы апэляцыі.

Экспэрты ў сфэры права крытыкавалі гэты законапраект, заяўляючы пра парушэньне грамадзянскіх правоў і ксенафобію. Праваабаронцы таксама сьцьвярджалі, што постэры SVP, на каторых выяўлена белая авечка, каторая выштурхоўвае чорную з швейцарскага сьцяга, — маюць нэгатыўны стэрыятып, паводле якога ўсе замежнікі — злачынцы.

На практыцы, пазыцыя SVP збольшага імпануе выбаршчыкам і падвышае рэйтынг партыі. У пазамінулым годзе насельніцтва краіны прагаласавала за прыняцьце закона аб забароне будаўніцтва мінарэтаў, што дужа зьдзівіла Эўропу і раззлавала ААН.

На тэрыторыі Швейцарыі сёньня пражывае больш за 350 тысяч масульманаў (4.5% ад насельніцтва краіны).

Постэр Швейцарскай народнай партыі

Постэр Швейцарскай народнай партыі.

Падзяліцца:

Каментары