У Віцебску двух хлопцаў затрымалі за расцяжку «Свабоду палітзняволеным»

У Віцебску двух хлопцаў затрымалі за расцяжку «Свабоду палітзняволеным»

У Віцебску падчас акцыі «Хваля салідарнасці» 16 лютага затрыманы актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Як паведамляе прэс-служба БХД, Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук былі затрыманы прыкладна апоўдні ў цэнтры горада каля плошчы Свабоды пасля таго, як вывесілі расцяжку «Свабоду палітзняволеным».

Затрыманыя актывісты звязаліся па тэлефоне з віцебскім каардынатарам БХД Таццянай Севярынец і паведамілі, што іх вязуць у міліцыю.

Нагадаем акцыя «Хваля салідарнасці» ў падтрымку палітзняволеных БХД праходзіць у фармаце штодзённага марафону ў розных гарадах Беларусі з 13 лютага. Актывісты распаўсюджваюць улёткі і плакаты з інфармацыяй аб палітзняволеных па паштовых скрынях, расклейваюць на стэндах дамоў, раздаюць паштоўкі з заклікам падпісаць іх і пераслаць палітзняволеным. Яны таксама вывешваюць расцяжкі з заклікам да вызвалення палітзняволеных.

Акцыя «Хваля салідарнасці» завершыцца ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Аляксей Кішчук здолеў паведаміць Таццяне Севярынец, што актывістаў вязуць у ізалятары часовага ўтрымання, дзе іх будуць утрымліваць да суду, што адбудзецца ў панядзелак.

nn.by

Падзяліцца:

Каментары