Удзельнікам пікету ля горацкай калёніі — суткі. Ад 10 да 17.

Удзельнікам пікету ля горацкай калёніі — суткі. Ад 10 да 17.

Адбываюцца суды над актывістамі, затрыманымі 2 жніўня ля горацкай папраўчай калёніі № 9. Маладафронтаўцам прысуджаюць суткі. Ад дзесяці да сямнаццаці (!).

Мікола Дземідзенка — 17, Ганна Шаруба — 13, Наста Палажанка — 12, Тацяна Шапуцька — 10, Юля Міхайлава — 10, Максім Сямёнаў — 10, Яўген Скрабец — 10.
Суд над удзельнікамі акцыі салідарнасьці пачаўся ў Дрыбіне а 18-й гадзіне, калі большасьць журналістаў і праваабаронцаў зьехала.

Чакалася, што судзіць затрыманых будуць у Горках, аднак большая частка іх была перавезеная ў Дрыбін у сувязі з тым, што сёння Горкі наведваў Аляксандр Лукашэнка.


На здымку: Маладафронтаўкі Юля Міхайлава (зьлева) й Таня Шапуцька (справа)

У горацкім судзе разглядаліся адміністрацыйныя справы чатырох затрыманых. У выніку маладафронтавец Максім Сямёнаў асуджаны на 10 сутак арышту, Аляксандр Вялітчанка пакараны штрафам у памеры 1 млн. рублёў. Зьмітра Шурхая й намесьніка страшні МФ Івана Шылу з залы суда адпусцілі пасля таго, як яны запатрабавалі адвакатаў — апошніх напрыканцы працоўнага дня ў судзе не аказалася. Разгляд спраў Шылы і Шурхая пройдзе ў горацкім судзе 8 жніўня.


 Наста Палажанка (паказвае ШОС ) й Юля Міхайлава (паказвае Victory)

На 9 жніўня перанесены і суд над маладафронтаўцам Раманам Васільевым. Такое рашэнне прыняў сёння дрыбінскі суд пасля таго, як Раман папрасіў даць яму адваката. Актывіста адпусцілі да наступнага пасяджэння.


 Вячаслаў Барысаў. Справа на здымку — Раман Васільеў

Дрыбінскі суд асудзіў намесьніка старшыні МФ Мікалая Дземідзенку на 17 сутак арышту (два пратаколы — удзел у масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне міліцыі), маладафронаўцаў Яўгена Скрабца — на 10, Ганну Шаруба — на 13,  Юлю Міхайлаву — на 10, Аляксея Сянчылу — на 7, Рамана Панжына — на 5, Вячаслава Барысава — 10 сутак. На 10 сутак арышту асуджана і незалежная журналістка Тацяна Шапуцька. На слуханьнях яна заявіла, што падчас пікета выконвала свае прафэсійныя абавязкі. Прагледзеўшы ўсё зьнятыя ёй матэрыялы і праслухаўшы аўдыёзапісы, суд прыняў іх да ведама, аднак на прыгавор гэта не паўплывала.

На 12 сутак арышту асуджана Анастасія Палажанка — намесніца старшыні Маладога фронту і нявеста Зьмітра Дашкевіча.

Большасьць затрыманых абвінавачаныя па двух артыкулах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Прысуды ў Дрыбіне выносілі судзьдзі Аляксандар Зайцаў і Віктар Ясковіч.

Максім Сямёнаў адбывае пакаранне ў Горках, астатнія асуджаныя да адміністратыў ных арыштаў актывісты — у Дрыбіне.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што ўсё было загадзя сплянавана мясцовымі чыноўнікамі:

— Яны скарысталіся тым момантам, што сапраўды заканадаўства прадугледжвае перанос разгляду справаў з аднаго суда ў іншы пры дазволе на гэта старшыні аблсуда. Прытым журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч неаднаразова тэлефанаваў у Магілёўскі суд, яго “футболілі”, а пасьля паведамілі, што старшыня ўвогуле ўжо сыйшоў. То бок, была фармальная адгаворка. І калі б бацькі і муж Таццяны Шапуцькі не засталіся ў Дрыбіне “да перамогі”, то мы ўвогуле наўрад ці б даведаліся, што суды прайшлі.

Барыс Бухель рэкамендуе падманутым грамадзянам абскарджваць парушэньне сваіх канстытуцыйных правоў ва Упраўленне юстыцыі Магілёўскай вобласці, а таксама ў Мінюст.


На фота з-за кратаў можна пазнаць намесьніка старшыні МФ Мікалая Дземідзенку. Перад ім, верагодна, — Зьміцер Шурхай.

[ Брутальны разгон за малітву ля сьцен калёніі (фота, відэа) ]


Анлайн-рэпартаж, (3 жніўня, Горкі):

20.25 10 сутак – маладафронтаўцу Максіму Сямёнаву. 1 мільён 50 тысяч рублёў штрафу – Аляксандру Велічэнку. Абодвух судзілі ў Горках.

20.10 Маладафронтаўцы Юлі Міхайлавай суд прызначыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

19.50 Наста Палажанка асуджаная на 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

19.40 Аляксей Санчыла асуджаны на 7 сутак. Яўген Скрабец – на 10 сутак. Усе судзьдзі – з Горак.

19.11 Маладафронтаўка Ганна Шаруба асуджаная на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Усім затрыманым інкрымінуецца незаконнае пікетаваньне і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

18.57 У Горках затрыманыя Іван Шыла і Зьміцер Шурхай запатрабавалі ў суда адваката і цяпер прынамсі да 4 жніўня знаходзяцца на волі.

У Дрыбінскі раённы суд прывезьлі Насту Палажанку і Ганну Шарубу.

18.45 Першыя вынікі судовага разгляду ў Дрыбіне. Маладафронтаўцам прысудзілі суткі. Яўген Скрабец – 10 сутак адміністрацыйнага арышту, Мікалай Дземідзенка – 17 сутак арышту.

18.14 У Дрыбінскім раённым судзе пачаліся суды над удзельнікамі пікету ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. У суд прывезьлі шэсьць мужчынаў, жанчыны застаюцца ў ізалятары часовага затрыманьня.

16.40 Разгляд адміністрацыйных спраў у Горацкім раённым судзе супраць 14 затрыманых за пікет у падтрымку палітзьняволенага Зьмітра Дашкевіча чакаецца заўтра, 4 жніўня.

15.00 У Дрыбінскім РАУС паведамілі, што затрыманых могуць трымаць у пастарунку да 70-ці гадзінаў – трое сутак. У межах гэтых трох сутак можа адбыцца суд.

14.30 Падпалкоўнік міліцыі, які выйшаў з пастарунку, сказаў прысутным, што нічога ня ведае пра лёс затрыманых.

14.20 Загадчык крымінальнай канцылярыі пайшоў высьвятляць, дзе будуць судзіць затрыманых. Пра гэта нам паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе. Там таксама сказалі, што “ня ў курсе” па якой прычыне затрыманых перавезьлі з Горак у Дрыбін.

14.10 Дагэтуль невядома, дзе будуць судзіць моладзевых актывістаў, дастаўленых сёньня з Горак у Дрыбінскі РАУС. Таксама невядома, калі і дзе будуць судзіць тых, каго трымаюць у пастарунку ў Горках.

12.00 Сталі вядомыя прозьвішчы затрыманых. У Дрыбінскім пастарунку знаходзяцца дзесяць затрыманых – Яўген Скрабец, Аляксей Сіньчыла, Раман Панжын, Мікола Дземідзенка, Вячаслаў Барысаў, Раман Васільеў, Наста Палажанка, Ганна Шаруба, Тацяна Шапуцька, Юлія Міхайлава. У пастарунку ў Горках знаходзяцца яшчэ чацьвёра – Аляксандар Велічэнка, Максім Сямёнаў, Дзьмітрый Шурхай і Іван Шыла.

11.25 Удалося перадаць для затрыманых сродкі гігіены, пітную ваду і некалькі дзесяткаў цыгарэт. Аднак міліцыянты з Дрыбінскага РАУС адмовіліся перадаць прадукты. Ля пастарунку міліцыі знаходзяцца бацькі некаторых затрыманых, праваабаронцы, актывісты, журналісты. Усяго каля дзесяці чалавек. Дзе і калі адбудзецца суд, ім пакуль не паведамілі.

11.10 З 14-ці затрыманых 10 знаходзяцца ў Дрыбіне. Куды падзелі яшчэ 4 чалавек, пакуль невядома. Паводле прадстаўніка Дрыбінскага пастарунку міліцыі, затрыманых прывезьлі ў Дрыбін, бо ў Горках перапоўнены ізалятар. Сярод тых, хто знаходзіцца ў Дрыбіне, чацьвёра дзяўчат. Дзе адбудзецца суд пакуль невядома.

10.30 Затрыманыя знаходзяцца ў Дрыбіне. Пра гэта паведамілі ў Дрыбінскім пастарунку міліцыі. Аднак, дзе адбудзецца суд, там пакуль не гавораць.

Затрыманыя правялі ноч ў пастарунку ў Горках. Аднак судовы працэс над імі адбудзецца ў Дрыбіне. Пра гэта сказаў начальнік Горацкага РАЎС маці аднаго з затрыманых. Супраць актывістаў пачата адміністратыўная справа за несанкцыянаванае пікетаваньне і непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі.

Сёньня ў Горках з нагоды прыезду кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі павялічаныя меры бясьпекі.

Сярод затрыманых незалежная журналістка Тацяна Шапуцька, нявеста Зьміцера Дашкевіча Наста Палажанка ды іншыя актывісты “Маладога фронту”.

Ля горацкай папраўчай калёніі № 9 былі затрыманыя 14 чалавек. Яны патрабавалі, каб кіраўніцтва турмы дазволіла адвакату сустрэцца зь лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам, які адбывае тут двухгадовае пакараньне. Пасьля адмовы паплечнікі Зьмітра зладзілі пікет пад вокнамі адміністрацыйнага будынка калёніі.

Паводле
http://www.svaboda.org/
http://naviny.by
http://spring96.org

Падзяліцца:

Каментары

  1. vaukalak (Aug 04, 2011:08:51)Адказаць

    А хіба 15 сутак не максымальны тэрмін?

    • -M-F- (Aug 04, 2011:13:30)Адказаць

      Там два паратаколы — удзел у масавых і непадпарадкаваньне міліцыі. Цяпер 15 сутак — не максымум. 🙁
      Дапісаў гэта ў навіну.

  2. КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ (Aug 04, 2011:09:36)Адказаць

    Трымайцеся ДАРАЖЭНЬКІЯ !!!!!

  3. Bullterrier (Aug 07, 2011:12:20)Адказаць

    Колю — на волю!!!!