Брутальны разгон за малітву ля сьцен калёніі (відэа)

Брутальны разгон за малітву ля сьцен калёніі (відэа)

2 жніўня каля 30 чалавек — сяброў, грамадзкіх дзеячаў і журналістаў — прыехалі да сьценаў калёніі, каб падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, даведацца хоць якіх навінаў аб ім і патрабаваць сустрэчы з адвакатам для палітвязьня.

Адміністрацыя калёніі моцна спужалася — падняла вэрхал, сьцягнула да будынку турмы міліцыю ды ўнутраныя войскі.

У сустрэчы з Дашкевічам адвакату Анатолю Мялеку адмовілі, бо Дашкевіч нібыта сам не пісаў заяўку на сустрэчу.

Анлайн-рэпартаж: (2 жніўня, Горкі)

19.00 Іван Шыла паведаміў, што на актывістаў складзеныя пратаколы паводле артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве). 14 чалавек пакідаюць пад вартаю да суда. Суд адбудзецца заўтра а 9 гадзіне.

15.55 Горацкая міліцыя затрымала каля 20 чалавек. Затрыманыя сядзяць у аўтазаку. Сярод іх Іван Шыла, Мікалай Дземідзенка, Яўген Скрабец, Наста Палажанка, Зьміцер Шурхай, Тацяна Шапуцька ды іншыя.

15.40 Міліцыя разышлася, актывісты чакаюць рэакцыі на пададзеную заяву з боку адміністрацыі калёніі.

15.30 “Былі спробы затрымаць. Зараз нармальна, ” — паведаміў Іван Шыла.

14.50 Ахоўнікі спрабуюць разагнаць пікет.

14.40 Актывісты разгарнулі расьцяжку “Спыніць перасьлед!”, стаяць, трымаючы ў рукох партрэты Зьмітра Дашкевіча.

14.30 Актывісты стаяць ля ўваходу. Уладзімір Някляеў піша заяву на імя адміністрацыі калёніі. Зьявіліся налепкі “Свабоду Дашкевічу!”

14.15 Наста Палажанка паведаміла, што адваката не прапусьцілі.

13.45 30-35 чалавек дайшлі пешшу да калёніі. Пасьля супольнай малітвы яны рушылі да ўваходу ў суправаджэньні двух міліцыянтаў.

13.40 Тры апошнія машыны пад’яжджаюць да калёніі Дашкевіча ў Горках. У іх Палажанка, адвакат і Някляеў. Таксама журналісты і МФаўцы.Спынілі машыну Насты Палажанкі. У Юліі Дарашкевіч просяць мэд.даведку, што ёй можна кіраваць аўто ў лінзах. Але ўсё ж прапусьцілі.

13:30 Наста Палажанка: “Мы стаім на запраўцы, чакаем машыну Уладзімера Някляева, а на ўездзе у Горкі, паралельна нашаму выезду, стаіць джып прыгожы — такіх рэдка ў Менску сустрэнеш. Верагодна, нас чакае. Чырвоныя нумары: 1444МН.”

12:00 Супрацоўнікі калёніі ў Горках за 200 м да ўваходу ладзяць спэцыяльна для МФ новы КПП з дапамогаю лаўкі (ручная работа). 🙂

11:30 Пад’езд да турмы адгарадзілі. Стаіць міліцыя і службоўцы ўнутраных войскаў.

11:15 Журналіста Радыё Свабода Алеся Асіпцова спынілі, праверылі дакуманты й прапусьцілі.

11:00 Як паведаміла Наста Палажанка, на пад’ездах да турмы — ДАІшныя пасты. Спыняюць машыны.

Сачыце таксама за  навінамі ў нашым твітары: https://twitter.com/#!/MaladyFront 

[   Удзельнікаў пікета ў падтрымку Зьмітра Дашкевіча будуць судзіць заўтра а 9 гадзіне. Імёны затрыманых   ]

2 жніўня актывісты Маладога Фронту вырашылі пад’ехаць да калёніі ў Горках (Магілёўская вобласьць), каб патрабаваць выкананьня прадугледжанага законам права на адваката для Зьмітра Дашкевіча, каторы адбывае двухгадовае пакараньне ў горацкай калёніі.

Акрамя маладых паплечнікаў падтрымаць Зміцера Дашкевіча ў Горкі сёньня прыехалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька і лідэр кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў.

Ініцыятаркай акцыі была Наста Палажанка — нявеста Дашкевіча, — намесьніца старшыні МФ. Дарэчы, 2 жніўня Наста мае Дзень народзінаў.

Нагадаем, 28 ліпеня да палітвязьня Зьмітра Дашкевіча не пусьцілі адваката.  Намеснік кіраўніка калоніі Лапатка ў той дзень  патлумачыў сваю пазыцыю проста : “Мне за гэта плоцяць”.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Вашае імя (Aug 03, 2011:08:14)Адказаць

    Такое чувство, будто чиновники идиотами стали.