Уладзімер Арлоў — у абарону палітвязьняў

Уладзімер Арлоў — у абарону палітвязьняў

Начальніку горацкай калёніі
начальніку наваполацкай калёніі
начальніку івацэвіцкай калёніі
начальніку магілеўскай калёніі
начальніку бабруйскай калёніі
і ўсім начальнікам перапоўненых калёній і турмаў Беларусі

Грамадзяне начальнікі!

Мне ня хочацца думаць, што вы зь дзяцінства марылі стаць начальнікамі турмаў. Напэўна, так склаліся абставіны. Магчыма, кагосьці з вас проста прымусілі. Трэба ж некаму рабіць самую чорную працу.

Часам я спрабую паставіць сябе на вашае месца. Напрыклад, думаю, што б я адказаў спадарожніку ў цягніку ці самалёце на пытаньне, кім працую. Дырэктарам гатэлю? Інжынэрам чалавечых душ? Ці хапіла б у мяне сьмеласьці прызнацца, што я – начальнік беларускай турмы?

У абыватальскай сьвядомасьці яшчэ не памерла даўно загнаная туды думка, што невінаватага ў турму не пасадзяць. Але каму, як ня вам, выдатна вядома, што гэта хлусьня. У розныя часы за краты траплялі ня толькі абсалютна невінаватыя людзі. Вельмі часта там апыналіся лепшыя. Яны былі вінаватыя ў тым, што хацелі свабоды, сьвятла, праўды не для сябе, а для ўсіх, для цэлай краіны. Потым іх лічылі гонарам нацыі, іхнімі імёнамі называлі вуліцы й плошчы, ім ставілі помнікі.

Вы, пэўна ж, ведаеце, што некалі вязьнем менскага Пішчалаўскага замку — цяперашняй Валадаркі — быў малады Якуб Колас.
А за паўстагодзьдзя да яго там сядзелі паплечнікі Кастуся Каліноўскага, удзельнікі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863 году. Вы павінны ведаць і пра тых, хто быў зьняволены ў сумна, а дакладней, страшна вядомай “амэрыканцы” ў 1930-я гады.
Там катавалі й разлучалі з жыцьцём самых таленавітых, сумленных, адданых Беларусі.

Калісьці мяне запрасілі выступіць перад сябрамі “Маладога Фронту”. Мы гаварылі пра літаратуру і гісторыю. На сьцяне быў напісаны дэвіз маіх слухачоў – “Беларусь – гэта сьвятое”. Я спрабую ўявіць, які дэвіз у тых, хто праз два дні рэзаў дзьверы той кватэры аўтагенам і заганяў Зьмітра Дашкевіча, Насту Палажанку ды іхніх аднадумцаў у аўтазак.

Я кожны дзень думаю пра тое, што адбываецца ў гэтыя хвіліны зь Зьмітром Дашкевічам, Мікітам Ліхавідам, якога зноў і зноў кідаюць у карцэр, зь Фёдарам Мірзаянавым і Зьмітром Драздом, зь Міколам Статкевічам і Андрэем Саньнікавым… Нядаўна ў прэсе зьявілася паведамленьне, што палітвязьня Зьмітра Бандарэнку ў карцэры садзілі на ланцуг. Гэтага моцнага, вольналюбівага, мужнага чалавека хацелі прынізіць да ўзроўню сабакі. Але турэмшчыкі прынізілі не яго, а – у чарговы раз – сябе.

Я ўпэўнены, што ўлада, якая прыйдзе на зьмену цяперашняй, саджаць сваіх апанэнтаў на ланцуг ня будзе. Але адказваць давядзецца. Падумайце пра гэта, грамадзяне начальнікі, сёньня, калі ў вашых руках чалавечая годнасьць, здароўе, а магчыма, і жыцьцё тых, чые імёны ведае ня толькі Беларусь, але і ўвесь свабодны сьвет.

Уладзімер Арлоў,
пісьменьнік

Уладзімер Арлоў. Фотаздымак Глеба Лабадзенкі

Аўтар фотаздымку — Глеб Лабадзенка © http://labadzenka.by

Падзяліцца:

Каментары