Уладзімер Яроменак: “Мацнейшы духам стаў за гэты час я…”

Уладзімер Яроменак: “Мацнейшы духам стаў за гэты час я…”

Ну вось і надыходзіць момант разьвітаньня
Я пакідаю Валадарскую турму…
Сваёй душы кавалак тут заставіў,
Таму, забыць яе ніколі не змагу…

Мацнейшы духам стаў за гэты час я,
Хапіла часу, каб падумаць аб жыцьці,
І, дзякуй Богу, тут я не зламаўся,
Гатовы далей да свабоды я ісьці.

Мо, сапраўды, каго турма і “заглынула”,
Але мяне яна прыняла ўсёй душой…
Чатыры месяцы… Ніколі не забуду,
На сэрцы шрамы засталіся на жыцьцё…

Уладзімер Яроменак, 22.05.2011

***

Мінаюць дні зьняволеньня майго
І пачынаю забывацца аб свабодзе…
За крокам крок ідзе далей жыцьцё,
А шчасьце не знаходзіць на дарозе…

Уважліва агледзеўшы свoй твар
У шкле люстэрка, цёмнага ад часу,
На скронях белае валосьсе адшукаў…
Стрымаўся ледзьве, каб ад болю не заплакаць…

Хай пакаціліся сьлязінкі па вачах,
Але ў душы яны засталіся глыбока…
І зараз шчасьцем стала для мяне
Праз шчыліну ў рэшцы бачыць сонца…

Уладзімер Яроменак, 230.05.2011

***

Апошні промень сёньняшняга сонца,
Сыходзячы да раніцы ў цемру,
Забрыў у камеру праз шчыліну ў акенцы
І падарыў маленькую надзею…

Ён нагадаў аб тым, што я заставіў
За межамі халодных гэтых сьценаў…
Даў моцы да апошняга змагацца
За праўду, за радзіму і за веру!…

Нібы глыточак сьвежага паветра
Сярод смурода шэрых гэтых дзён
Апошні промень сонца перад летам
Даў моцы дажываць сваё жыцьцё…

Уладзімер Яроменак, 31.05.2011

***

Незаўважна пралятаюць дні
Застаўляюць смутак на душы…
Раптам узгадаю аб зямлі,
Дзе жыцьцё мне Госпад падарыў…

Памятаю, як яшчэ дзіцём
Лётаў па заўгольлі цэлы дзень…
Ну а зараз быццам бы праклён –
Сярод сьценаў я схаваны ад людзей,

Ад машын, ад сьвету, ад жыцьця…
Я зьняволены, ня зьведаўшы свабоды…
Пэўна, доля ўжо такая ёсьць мая
Марна існаваць так год за годам…

Быццам каласок сярод быльля,
Паміраючы, я змушаны глядзець,
Як пакутуе дзядоў маіх зямля,
Чуць бездапаможны енк людзей…

Застаецца мне маліцца і чакаць…
Мо пачуе Бог маю малітву
І спазнае шчасьце родны край,
Перад тым, як я зямлю пакіну…

Уладзімер Яроменак, 205.06.2011

 

Вершы Ўладзімера Яроменка

Вершы Ўладзімера Яроменка

 

Падзяліцца:

Каментары