Уладзімер Яроменак: “Новае жыццё”

Уладзімер Яроменак: “Новае жыццё”

Новае жыцьцё

У нейкі момант разумееш:
Дарма пражыў жыцьцё сваё,
Але жывеш далей і верыш,
Што можаш ты зьмяніць усё.

Адчуеш рэзкую патрэбу
Зьмяніць сябе дзеля таго,
Каб адбыліся перамены,
Каб лепшым стала ўсё наўкол!

Калі сябе ты перайначыш
І новым зажывеш жыцьцём –
Адразу зьмены ты пабачыш:
Вакол зазьзяе ўсё сьвятлом,

Краіна наша стане вольнай
Сыйдзе дыктатар у нябыт…
Здабыць свабоду кожны здольны,
Хто здольны сам сябе зьмяніць!

Уладзімер Яроменак, 03.07.2011

* * *

Калі навокал цемра панавала,
Я змог знайсьці сярод яе сьвятло…
І зараз я жыву дзеля таго,
Каб тым сьвятлом вакол усё зазьзяла…

Хай будзе цяжка гэты шлях прайсьці,
Хай сьлёзы пацякуць з вачэй ад болю –
Не папрашу аб літасьці ніколі,
Я буду далей несьці гэты крыж!

Калі ня будзе як далей ісьці,
І ўшчэнт стаміўшыся, я долу прыпаду –
Я папаўзу, але спыніцца не змагу,
Каб беларус сьвятло пабачыў у жыцьці!

Я гэты шлях абраў дабраахвотна!
Гатовы я ахвяраваць сабой,
Каб толькі над Радзімаю маёй,
Бы промень сонца, зазіхцела воля!

Уладзімер Яроменак, 05.07.2011

* * *

Пад яснымі зорамі,
Небам блакітным,
Не недзе за морамі –
Тут, зусім блізка

Ёсьць край мой адзіны,
Зь дзяцінства знаёмы
У край гэты чысты
Навек я ўлюблёны

Гатовы аддаць я
Усё, што я маю,
Каб шчасьце было
Для роднага краю,

Каб мова бацькоў
Тут гучала заўсёды,
У ахвяру прыношу
Сваю я свабоду,

Каб ведалі людзі
Адкуль жа іх род,
Што мы – беларусы –
Сапраўдны народ…

Гатовы жыцьцё я
Пакласьці сваё,
Каб сталася воля
Ў старонцы маёй.

Уладзімер Яроменак29.06.2011

 

[ Чытаць іншыя вершы Уладзімера Яроменка ]

Падзяліцца:

Каментары