Уладзімера Яроменка другі раз адлічылі з БДУІР

Уладзімера Яроменка другі раз адлічылі з БДУІР

Маладафорнтавец даведаўся пра гэта, калі адбыў 15 сутак за акцыю салідарнасці, якая прайшла 19 снежня  каля Чырвонага касцёла. Хлопцу патэлефанавалі з ВНУ і сказалі, што ён можа забраць дакументы.

Былы палітвязень Уладзімер Яроменак пасля вызвалення аднавіў вучобу на трэцім курсе  факультэту кампутарнага праектавання  ў Беларускім  дзяржаўным універсітэце  інфарматыкі і радыёэлектронікі.  У верасні  гэтага  года  яны разам з Настай Палажанкай спрабавалі вывесіць сцягі ў цэнтры Мінску,  былі затрыманыя, і Уладзіміру Яроменку прысудзілі 12 сутак арышту. Пасля гэтага хлопца  папярэдзілі, што наступны арышт будзе падставай для адлічэння. У ВНУ зрабілі дакладна так, як і пагражалі.

Пасля падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ў 2010 годзе Уладзімір Яроменак быў асуджаны на тры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму, але быў датэрмінова вызвалены  13 жніўня 2011 года. Тады яму ўдалося аднавіцца на вучобе.

Цяпер хлопец думае пра тое, каб працягваць вучобу, але ўжо не ў Беларусі:

“Буду працягваць адукацыю, але ўжо ў новым навучальным годзе, і не тут. Бо ў Беларусі мне спакойна вучыцца ўсё адно не дадуць. Дый сам я не змагу вучыцца “спакойна” – для гэтага трэба адмовіцца ад сваіх палітычных поглядаў, чаго я рабіць не збіраюся”.

Паводле http://spring96.org/

Падзяліцца:

Каментары