Уладзімір Яроменак: Давайце рабіць справу

Уладзімір Яроменак: Давайце рабіць справу

Прапануем Вам артыкул Уладзімера Яроменка, які ён перадаў паплечнікам на чарнавіку ў судзе. Уладзя асудзілі на 15 сутак адміністратыўнага арышту.

Давайце рабіць справу.

Заўсёды прыемна, калі цябе хваляць. Аднак, на сёньняшні дзень мне больш падабаецца слухаць крытыку ў свой адрас (і ў адрас усёй нашай апазыцыі). Здаровую крытыку.

Калі паслухаць выступы нашых “палітыкаў”, то складваецца ўражаньне, быццам усе дэмакратычныя сілы працуюць па 25 гадзін на суткі, каб у краіне адбыліся нейкія кольвек малыя перамены. Ня буду раўняць усіх, ёсьць людзі, якія дзеля гэтага сапраўды прыкладаюць шмат намаганьняў.

Гэтым разам на Акрэсьціна я патрапіў у пяцімесную камеру. Адзін з сукамернікаў увогуле не беларус, таму далейшая гісторыя аб ім не ўзгадае. Вы не паверыце, але трое менчукоў, зь якімі я сустрэўся тут, мяне ўразілі. Уразілі ня лепшым чынам. Калі адзін зь іх калісь бачыў жывых апазыцыянэраў і нешта чуў пра апазыцыю ўвогуле (дый той думаў, што на дадзены момант яе ўжо няма), то двое іншых увогуле (!) нічога пра апазыцыю ня чулі й ніколі зь ёй не сутыкаліся. У нас пачалася доўгая гутарка. Колькі пытаньняў на мяне пасыпалася (добра, што па прыезьдзе не сказаў нічога пра сваю дзейнасьць, хоць выспаўся ноччу:) Вы спрабавалі пачынаць размаўляць з людзьмі з нуля, з чыстага аркуша?

Я перакананы на сто адсоткаў, што мае сукамернікі – не забулдыгі ці п’янтосы, а простыя працоўныя людзі — былі не апошнімі трыма менчукамі, якія толькі даведаліся пра альтэрнатыву сёньняшняму рэжыму. Я ўпэўнены, што добры адсотак жыхароў сталіцы (не кажу ўжо пра ўсіх беларусаў) ня ведаюць пра існаваньне “змагароў”. Канешне, скажаце вы, яны вінаватыя самі, бо не цікавяцца й не шукаюць альтэрнатыву. А я скажу інакш: вінаватыя мы самі. Вінаватыя, што не дагрукаліся да іх, што ня мелі напорства, каб данесьці свае ідэі да людзей. А можа (што ўжо тут хаваць), не хацелі данесьці? Той, хто мае жаданьне, шукае магчымасьці, хто яго ня мае – шукае адгаворкі, ці ня так? Дый аб якой працы з насельніцтвам мы можам казаць? Ня трэба ў гэтых недапрацоўках вінаваціць “крывавы рэжым”. Былі магчымасьці: і падчас лібералізацыі, і падчас прэзідэнцкай кампаніі, і падчас парламенцкай. Дарэчы, аб апошняй.

Апазыцыя доўга кічылася (дый дагэтуль чую) вынікамі “байкоту”. Я не сумняюся, што байкот адбыўся. Але, ці намаганьнямі апазыцыі? Вось, мае сукамернікі таксама байкатавалі “выбары”, хоць і ня ведалі аб плянах апазыцыі. Я ўпэўнены, што большасьць людзей не пайшлі на выбары, удзельнічаць у гэтае клавунадзе па нейкіх сваіх прычынах. У кагосьці лянота, хтосьці разумее ўвесь бутафарызм сёньняшняга парламенту, але дайшоў да гэтага сваім уласным розумам.

Дык вось я да чаго вяду. Сябры (калі дазволіце вас так называць)! Давайце ня будзем сабе прыпісваць ня нашыя заслугі й дасягненьні. Давайце будзем несьці да людзей альтэрнатыву, а ня толькі казаць аб гэтым. Перамены ў Беларусі мусяць і будуць рабіць беларусы, а ня нейкі добры дзядзя “з-за бугра”, якому вы даеце справаздачы, каб атрымаць наступны грант. Пакуль у Беларусі існуюць такія “Валодзі”, “Ігары” й “Віталікі”, якіх я сустрэў на Акрэсьціна, ні аб якіх пераменах мы ня можам казаць.

Карацей, давайце будзем займацца справай, а не імітаваць “змагарства”!

Уладзь Яроменак,

7 лістапада 2012, Акрэсьціна

 

 

Падзяліцца:

Каментары