Уладзімір Някляеў — Змітру Дашкевічу: Аб годнасць ногі ніхто не выцер

Уладзімір Някляеў — Змітру Дашкевічу: Аб годнасць ногі ніхто не выцер

20 ліпеня ў Зміцера Дашкевіча, лідэра “Маладога фронта”, дзень народзінаў.  Прычым не абы-які – юбілейны: яму споўнілася 30 гадоў. Я яму даў тэлеграму ў калонію: “Годнасць у сэрцы. Віншую, Зміцер. Аб годнасць ногі ніхто не выцер”. Зычу трымацца, верыць у тое, што яго чакаюць на волі і буду змагацца за тое, каб ён аказаўся на волі. Я быў перакананы, што ён гэтую тэлеграму атрымае і хоць на словах, але будзе мець ад мяне падарунак.

Але аказалася, што яго на гэты святочны дзень засадзілі ў карцэр. Я цяжка сабе ўяўляю, што можна было б зрабіць, каб пасадзіць чалавека на дзень народзінаў у карцэр, свядома, як кажуць на зоне, “зрабіць западло”.

І хацеў сёння патэлефанаваць начальніку калоніі спадару Кавалёву, тэлефон якога з’явіўся ў інтэрнеце, і спытацца: што ж такое здарылася, што абышліся са Зміцерам менавіта так, а не інакш? На жаль, я не змог датэлефанавацца: тэлефон ці то адключаны, ці ўжо наогул не існуе; відаць, да мяне такой магчымасцю скарыстаўся не адзін чалавек і спадару Кавалёву гэта абрыдла.

Але ёсць яшчэ адзін момант: на гэтае свята спаткацца са Зміцерам Дашкевічам хацела Наста Палажанка, якая з’яўляецца ягонаю нявестай. І я думаў, што гэта будзе ўлічана кіраўніцтвам калоніі, дадуць ім спатканне, хоць яно нібыта палягае за межамі дазволенага па той прычыне, што яна не з’яўляецца афіцыйнай жонкай Зміцера Дашкевіча.

Але ў нас ёсць прыклады неафіцыйных жонак на больш адметным, так скажам, узроўні, чым палітзняволены Зміцер Дашкевіч. І ніхто ім не ківае, і не замінае сустракацца, нават у тых працэсах, у выніку якіх з’яўляюцца дзеці. Чаму ж тое, што можна для некага ў гэтай краіне, нельга для іншых? Гэта пытанне ўжо не да начальніка калоніі спадара Кавалёва, а наогул да нашай сістэмы.

Я вельмі засмучаны тым, што так не па-людску абыходзяцца не толькі са Зміцерам, а з усімі палітзняволенымі ў нашых турмах. Мы ўсе ведаем, што адбываецца з тымі, у каго найбольш няўрымслівы і сур’ёзны характар. Але і да астатніх прымяняюцца недазволеныя захады. Скажам, паўсюль ідзе ціск на палітзняволеных, напрыклад, у Шклоўскай калоніі, каб яны напісалі просьбу аб памілаванні да Лукашэнкі; яны не згаджаюцца гэта рабіць, бо лічаць сябе ні ў чым не вінаватымі, і з-за гэтага падвяргаюцца пакаранням кшталту карцэра ды іншым.

Я думаю, гэта ўжо помста на ўзроўні больш істотным, чым помста за нейкае канкрэтнае дзеянне – нявыхад на зарадку, напрыклад. Гэта помста якраз за чалавечую годнасць, за тое, што гэтыя людзі, якія сядзяць у турмах, па сваіх маральных якасцях вышэй за тых, хто іх там ахоўвае, хто іх туды пасадзіў, тых, па чыім загадзе яны там сядзяць. І гэтага яны не могуць дараваць, вось гэта асноўная прэтэнзія, якую б яны хацелі ім прад’явіць. Але як гэта прад’явіш – няма такой шкалы, па якой можна вымяраць годнасць. Дык яны “прад’яўляюць” гэта карцэрамі ды іншымі пакараннямі.

Нічога гэта не дасць. Перамога будзе на баку тых, хто змагаецца – за праўду і за волю.

Я яшчэ раз віншую Зміцера з днём народзінаў і яшчэ раз звяртаюся да ўсіх палітзняволеных: мы з вамі, мы – за вас, мы даб’емся вашай свабоды.

Уладзімір Някляеў

Паводле http://zapraudu.info/

Падзяліцца:

Каментары