Уладзімір Яроменак: “Я не лічу, што гэты час марна прайшоў”

Уладзімір Яроменак: “Я не лічу, што гэты час марна прайшоў”

Карэспандэнт “Вестак” наведаў маладафронтаўца Уладзіміра Яроменка, які ў суботу 13 жніўня быў вызвалены з калоніі пад Віцебскам.

— Віншую з вызваленнем! Як ты адчуваеш сябе на волі?

— Крыху нязвыкла. Я вельмі рады, што няма ні калючага дроту, ні сценаў, але гэта нязвыкла. Мітусня, шмат людзей, шмат машын. Калі з Віцьбы даехаў да Віцебска, пабачыў гэтыя натоўпы народа, гэта было для мяне незвычайна. Канечне, я вельмі рады, што зноў магу бачыць сваіх бацькоў, сяброў. Магу зноў займацца дзейнасцю, магу зноў пабачыць маладафронтаўцаў.

 

— Як адбывалася тваё вызваленне? Ты пісаў прашэнне аб памілаванні?

— Хутка пасля таго, як я прыехаў у “карантын”, да мяне прыйшлі людзі, якія не прадставіліся, і сказалі: вось, Валодзя, ёсць магчымасць напісаць прашэнне аб памілаванні. Спрабавалі мне даць нейкі ўзор, я сказаў, што напішу толькі аб тым, што “прашу вызваліць мяне ад далейшага адбыцця пакарання”. І ўсё, дата і подпіс. Я сказаў, што болей пісаць не буду, яны сказалі, што гэтага досыць. Віну сваю я не прызнаваў.

У суботу я з раніцы па раскладзе пайшоў на прамысловую зону, “промку” так званую, дзе я працаваў на дрэваапрацоўцы. Прыйшоў аператыўнік, выклікаў мяне на камандны пункт, загадалі збіраць рэчы і сказалі, што ў мяне ёсць дваццаць хвілін, каб выйсці з калоніі.

 

 — Ці было ў турме нейкае асаблівае стаўленне да цябе як да палітычнага вязня?

— Асуджаныя да мяне ставіліся не як да нейкай вядомай асобы, нейкага палітычнага, але проста як да чалавека. Я так ставіўся да людзей таксама. Што датычыць адміністрацыі, то на Валадарцы да мяне не пускалі святара, да мяне даходзілі не ўсе лісты ад сяброў.

Фізічна мяне ніхто не прэсаваў. Адзінае, што на “амерыканцы” [следчым ізалятары КДБ – рэд.] мне запомнілася расцяжка, калі як бы для асабістага дагляду выводзяць у асобны пакой, распранаюць і ставяць на расцяжку. Стаяў дваццаць хвілін, зацякае ўсё цела, балюча, стаіш басанож на бетоннай падлозе. Не вельмі прыемныя адчуванні, скажам так.

— Падтрымка з волі адчувалася?

— Так, вельмі моцная падтрымка адчувалася. Прыходзіў цэлы стос лістоў, на якія ледзьве паспяваў адказваць. На Валадарцы сукамернікі казалі: “Валодзя, твае лісты забіваюць усю цэнзуру, таму нам лісты не даходзяць. Пішы, каб пісалі меней”. Сябры дапамагалі з перадачамі, падтрымка адчувалася. Дасылалі артыкулы з Інтэрнэту – раздрукаваны артыкул і на зваротным баку сам ліст. Хачу падзякаваць усім сябрам. Кожны ліст для чалавека, які знаходзіцца ў зняволенні, як глыток свежага паветра. Тады адчуваеш, што цябе памятаюць, а гэта самае галоўнае.


— Ці давялося табе за час знаходжання ў турме неяк пераасэнсваць погляд на асабістыя ці грамадскія пытанні?

— Пра грамадскія рэчы я шмат не думаў, я чытаў навіны і аналізаваў іх, каб быць у курсе таго, што адбываецца на волі. У асабістым плане, так, я перагледзеў некаторыя моманты жыцця, дзесьці знайшоў нейкія памылкі, думаў, як іх можна ў будучым выправіць. То бок, я не лічу, што гэты час проста так, марна прайшоў. Канечне, шкада, мог бы зрабіць на волі значна больш за гэты час, але што зробіш…
— Калі б сёння трэба было ісці на Плошчу, пайшоў бы?

— Так, пайшоў бы.

— Чым плануеш займацца бліжэйшым часам?

— Заўтра паеду ў Менск, паспрабую вырашыць пытанне з далейшым навучаннем. З універсітэта, у якім я раней вучыўся, мяне могуць адлічыць у любы момант, таму буду шукаць варыянты завочнага навучання за мяжой. Буду займацца грамадскай дзейнасцю.

* * *
Уладзімір Яроменак – 20-гадовы маладафронтавец з Мёраў. За ўдзел у паслявыбарчых пратэстах быў асуджаны да трох год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Апынуўся ў ліку дзевяцёх палітычных вязняў, якія былі вызваленыя пасля Лукашэнкавага загаду аб памілаванні.

Кастусь Шыталь, “Westki.info”

Падзяліцца:

Каментары