Узрост пераменаў. Піша Іван Шыла

Узрост пераменаў. Піша Іван Шыла

На адным з трэнінгаў прагучала тэза пра тое, што перамены ў Беларусі немагчымыя. Рэвалюцыі не будзе, бо такі беларускі народ з пункту гледжання на статыстычны паказчык — сярэдні ўзрост жыхара. Надта старыя беларусы, каб нешта мяняць.

Падалося цікавым. Узяўся правяраць і вось, што атрымалася. Дадзеныя па эўрапейскіх краінах зручна шукаць у Google Open Data. Ды і агулам, гэта карыснейшы і зручны збор статыстычнай інфармацыі з усяго свету. Яшчэ зручна шукаць розную кароткую факталагічную інфармацыю тут.

Глядзеў не толькі на рэвалюцыі, а агулам, на істотныя палітычныя перамены.

Напрыклад, у 1990 годзе, калі Літва здабывала Незалежнасць, сярэдні ўзрост жыхара складаў 32,4 гады. У суседняй Латвіі 35,2, Эстоніі — таксама 35,2.

У 1982 у Польшчы было ўведзена ваенная становішча.  Дадзеных па гэтым годзе няма, але ў 1980 жыхару краіны было 29,4 гады. Калі камуністычны лад у нашых суседзяў быў знішчаны,  паляку было 32,2 гады.

У Чэхіі ў 1989 адбылася бархатная рэвалюцыя. Чэху ў сярэднім было 34,9 год. Славаку быў 31 год, тады яны яшчэ жылі ў адной краіне.

Дадзеных па Югаславіі знайсці не атрымалася, але параўнаўшы лічбы з Харватыі, Македоніі і некаторую сучасную інфармацыю, можна казаць што сярэдні ўзрост жыхара на момант рэвалюцыі 2000-га году складаў 38.

Праблематычным аказалася знайсці і сярэдні ўзрост жыхара Грузіі падчас “рэвалюцыі ружаў”. Прыкладна, 34 гады.

Не цяжка здагадацца, што насельніцтва афрыканскіх краінаў яшчэ больш малодшае. Рэспубліка Чад не паўночная Афрыка, пра якую я напішу ніжэй і дэмакратычных пераменаў там не прадбачыцца, але там сярэдні ўзсрот жыхара 16 год. Проста падумайце пра гэта.

Ну, а зараз каротка: Лібія 23,9; Егіпт 24,8; Туніс —30,5 . У іншых краінах “арабскай вясны” з Бліжняга Усходу:  Сірыя 21,7, Емен — 18,3.

А што беларусы?

Сапраўды самая старэйшая нацыя, на сённяшні дзень сярэдні ўзрост складае 38,6. Хоць, у прынцыпу, гэта амаль столькі ж, колькі сербам, што не замінала актыўна выкарыстоўваць нават бульдозеры падчас рэвалюцыі ў Белградзе.

Ёсць яшчэ адна блізкая нам нацыя, сярэдні ўзрост якой быў амаль такі ж самы, як у беларусаў. Гэта украінцы, якія зладзілі мільённы Майдан у 2004 годзе, калі сярэдні ўзрост у Кіеве быў 38,5.

Усе напісанае не значыць, што перамены адбудуцца ці не. Проста крыху статыстыкі і галоўнае, рэвалюцыям усе ўзросты падыходзяць. Прынамсі, тут, у Эўропе.

Іван Шыла, Салігорск.орг

Падзяліцца:

Каментары