“Няўзброены ваяр” будзе жыць (відэа)

“Няўзброены ваяр” будзе жыць (відэа)
Пакуль песьня абжываецца, як сьведчаць аўтары, а прад’юсары дамаўляюцца аб магчымасьці якаснага студыйнага запісу, наш сайт вырашыў прадэманстраваць аматарам беларускага року адзін з рэпэтыцыйных відэафайлаў «Няўзброенага ваяра».

Пра Сяргея Каваленку, які застаўся верным таму гербу й сьцягу, клятву на вернасць якім даваў і сам першы прэзідэнт краіны, нямала пісала сусьветная прэса. Сяргей быў за тое жорстка пакараны ды пайшоў на працяглую галадоўку. 

Калі тая галадоўка пачала пагражаць абсурдна зьняволенаму сьмерцю, сярод грамадзкіх дзеячоў краіны і творчай інтэліґенцыі ўзьнікла салідарнасць у занепакоенасьці самім станам правасудзьдзя ў краіне. На шэрагу папулярных сайтаў зьявіўся й верш Вітаўта Мартыненкі «Няўзброены ваяр», дзе вядомы публіцыст і рок-паэт сфармуляваў свае погляды на праблему. Публікацыя стала адной з надзвычай абмяркоўваемых у байнэце. І калі Сяргей Каваленка пасьля рэанімацыі абвесьціў аб намерах працягваць свой пратэст супраць беззаконьня, той верш стаў песьняй дзякуючы згаданаму кампазытару Ігару Сімбірову. Пакуль ніхто ня скажа, што паўплывала на пазьнейшае рашэньне Каваленкі больш ашчадна ставіцца да самога цуду жыцьця, але ён перадумаў аддаваць яго ў заклад беззаконьню. Працягвае жыць і песьня.

Ігар Сімбіроў, які напісаў незвычайную музыку для гэтага твора, нарадзіўся ў Асіповічах у 1972 годзе. Музыкам сябе адчуў, як паведамляе радыё «Свабода», яшчэ ў дзіцячым садку, дзівячы сваімі сьпевамі нават акампаніятарку ранішняй зарадкі. Пасьля школы паступіў у Днепрапятроўскую тэатральную вучэльню. Там жа зь сябрам, паэтам і музыкантам Вадзімам Курылкам стварыў гурт «Осколки сна», дзе адыграў на бас-ґітары 10 гадоў. Працаваў у Днепрапятроўскім лялечным тэатры, на тэлебачаньні. У 1998-м вярнуўся ў Беларусь, выдаваў ґазэту «Асіповіцкая панарама», актыўна выступае з сольнымі канцэртамі. У адмысловай радыёперадачы Зьмітра Бартосіка «Барды Свабоды» цэлы тыдзень у чэрвені 2012-га гучалі песьні Ігара Сімбірова — знакамітая ўжо «А хто там ідзе?» з пакладзенымі на музыку Курта Вайля вершамі Янкі Купалы, «Варыганда» з часоў супрацоўніцтва ва Ўкраіне з Вадзімам Курылкам, «Шыя мая брудная», у якой словы Тацяны Барысік пакладзены на музыку Джыма Морысана, а ў песьнях «Гэй, Ян!» ды «Зьелі бусла» Тацяну Барысік агучыў сам Ігар Сімбіроў.

Зь Вітаўтам Мартыненкам да гэтай песьні ня быў знаёмы, але ня проста атрымаў згоду на верш, але й на далейшае супрацоўніцтва. Вось што ён сам гаворыць аб пачатку: «Ледзь прачытаў верш “Няўзброены ваяр”, адразу на кухні нарадзілася мэлёдыя. Вынік падаўся мне ўдалым спалучэньнем музыкі й верша: лірычна, пранікнённа, шляхетна. Тое, што й павінна быць у падобным творы. Для нас, безнадзейных рамантыкаў, гэта грэе душу. Я й Сяргея Каваленку ўспрымаю, як і сябе — безнадзейны рамантык, таму да яго ў мяне самыя братэрскія й паважлівыя пачуцьці, а некаторыя “зьедлівыя” інтанацыі маюць на мэце передаць злосць ад бясьсільля, горкую іронію, бездапаможна сьціснутыя кулакі, бо сам праз такое праходзіў, седзячы нядаўна 25 сутак толькі за тое, што сьпяваю па-беларуску… Напачатку я ня ведаў, што на той верш яшчэ няма музыкі, бо так распрацавана рытміка й рэфрэны. Пачуўшы першыя водгукі музычных адмыслоўцаў, паслаў і Вітаўту з просьбай, мо ёсць у яго яшчэ нейкія песенныя вершы, якія б з задавальненьнем праглядзеў. У мяне шмат напрацовак музычных, а вершы пішу хіба ўзімку. І ён даслаў вялікую падброку зь неапублікаванай кнігі. Мо яшчэ нешта скрэатывім».

А вось што кажа пра песьню «Няўзброены ваяр» аўтар рыфмаў Вітаўт Мартыненка: «Музыка ў спалучэньні зь вершам абсалютна ажыўляе й дапаўняе адно аднае. Лірычнасць музыкі, яе мэлядычнасць напаўняе драматызмам аповед. Адсутнасць аґрэсіі падкрэсьлівае словы лейтматыва “даруй, бязьвінны, адкінь ты помсту”.  Матыў песьні пакліканы абудзіць ня злосць, ня помсту, а хутчэй “даруй ім, даруй і не забудзь”. Здаецца, гэта ўдалося. Магчыма, дасьведчаны слухач можа пачуць у творы Ігара Сімбірова стрыманую аґрэсіўнасць лірычных песень “Pearl Jam”, глыбіню й бяздонную лірычнасць піцерскага клясыка расейскага року — гурта “Пікнік”, і нашу аўтарскую шляхетную беларускасць. Музыка атрымалася вельмі ЖЫВОЙ. Яе рухомая багатая гармонія, сінкапіраванасць пры даволі павольным тэмпе прыцягвае вуха дасьведчанага слухача, і няўмольна інтрыґуе недасьведчанае вуха».

Імя рок-кампазытара Ігара Сімбірова ўпершыню выйшла на шырокую публіку на CD-складанцы «19 сьняжынак праўды» (2010), дзе ён надта ж арыґінальна інтэрпрэтаваў праґрамны верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?» Потым былі й зьмястоўныя радыёпрэзэнтацыі, удзел у маштабных фэстывалях і сьціплых кватэрніках, а апошні рэліз, які ўпершыню прэзэнтуе наш сайт, прысьвечаны подзьвігу віцебскага грамадзкага дзеяча Сяргея Каваленкі, які пакутуе ў турме за тое, проста кажучы, што не пайшоў утроп клятваадступніка.

Кастусь БАЕШКА
Афіцыйны сайт «БМАgroup», 12.06.2012

Падзяліцца:

Каментары

  1. Кром (Jun 18, 2012:05:49)Адказаць

    Да гИрой Коваленко афтар, зачем жЫть и работать, лучше поголадаю — не дадут семье умереть. А второй Бард с “большой буквы”, кроме как дрЫнчать на гитаре ничего и не может. Вот он цвет будущего…. ха-ха-ха

  2. Melaman (Jun 20, 2012:11:16)Адказаць

    Да гИрой Кpом. Смільчаг, зачэм нЫть и гундосіть, лучшэ пабрашу ананімна — тав. майоры не дадут семье узнать імя падлетца. А трэцій Бард с “большой буквы”, кроме как пІсать на сайтах без імя і мозга ничего и не может. Вот он цвет руссссскава будущего в Біларусссссссіі…. ха-ха-ха

  3. Нашае Імя (Jun 21, 2012:01:54)Адказаць

    Спадарства, не сварыцеся, і тым больш не іранізуйце з творчасьці, бо незнарок Божанька я… адарве. Якіх вы тут абодва трох бардаў нагарадзілі? Гэта ж клясны псыхадэлік-рок. На афіцыйным сайце «БМАgroup» праз тэг я з радасьцю прачытаў, што рыхтуецца прафэсыйны студыйна запіс, дык прагна чакаю (і вам раю) інфы пра кружэлку, на якой гэта зьявіцца ў сьвет. Паверце, такога psychedelic rocka ў нас яшчэ не было. Так што без блюзьнерства, калі ласка.

  4. Melaman (Jul 02, 2012:22:32)Адказаць

    Ну вось, запіс песьні ў студыі яшчэ не пачынаўся (хоць ёсць дамова залучыць да ўдзелу гітарыста Юрыя Несьцярэнку, нейкага бубнара, самога Сімбірова на басу й вакале, а мо яшчэ й Андрэя Плясанава на вусным гармоніку), а лік слухачоў “Няўзброенага ваяра” на “Ю-Тубе” перакрочыў 2 ліпеня дзьве сотні. І трох тыдняў не прайшло. Віншую аўтараў, выканаўцаў і, галоўнае, гэроя песьні — мужнага палітвязьня Сяргея Каваденку.

  5. Базыль (Jul 15, 2012:14:41)Адказаць

    Прышпільна: ледзь месяц мінуў з дня выстаўленьня песьні ў сеціва, а трэць тысячы слухачоў ужо слухаюць і ацэньваюць. Дай Бог, каб і Сяргей Каваленка ў акупанцкай турме адчуў, што пра ягоны подзьвіг, пра чысьціню памкненьняў думаюць паэты, кампазытары, сьпевакі, аматары музыкі. Сяргей пасеяў добрае семя, і яно абавязкова прарасьце. Слава нацыі!

  6. Melaman (Aug 07, 2012:15:20)Адказаць

    Яшчэ праз паўмесяцы ўжо было паўтысячы праслушак рэпэтыцыйнага запісу “Няўзброенага ваяра” на ю-тубе.

  7. Гудвін (Sep 02, 2013:00:53)Адказаць

    Студыйны запіс гэтай песьні плённа адбыўся і апублікаваны на дыску “Сімвалы веры і свабоды” (трэк 14), Ігар Сімбіроў нават выступаў на прэзэнтацыі ў Менску, але 12 ліпеня яго ня стала. Усяго 40 гадоў было таленту беларускаму, а рок-варыянт твора, які ён замышляў, наўрад ці ўжо знойдзе хто ў рэгіянальных студыях. Вось так жыцьцё бывае паварочваецца.