Васьковіч: разам з Богам гатовы да ўсяго

Васьковіч: разам з Богам гатовы да ўсяго

Заснавальнік Маладога Фронту Павал Севярынец атрымаў першы ліст ад зняволенага бабруйскага актывіста, шчырага каталіка Яўгена Васьковіча. Ліст да Паўла Севярынца пазначаны нумарам 3 з 4.

У лісце Яўген Васьковіч паведамляе, што быў у карцары 6 разоў, правёўшы там у агуле 41 дзень “за Біблію і адмову ад маршыравання”. Актывіст піша, што пазнаёміўся з астатнімі палітвязнямі, якія ўтрымліваюцца ў адной калоніі з ім.

Яўген Васьковіч адзначыў, што яго даймае алергія, але разам з тым “настрой – лепей за ўсіх”. “Заўжды ўсміхаюся людзям, ад чаго з’яўляецца ўсмешка і на іхных тварах. Гэта вельмі прыемна”, — паведаміў актывіст.

Ён называе сябе злосным парушальнікам рэжыму: “яшчэ ў жніўні пазбаўлены пасылак, перадач і спаткання. Атаварка – 35 тысяч рублёў на месяц”.

Таксама Яўген Васьковіч цікавіцца справамі БХД, паведамляе, што чытае раман Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”. “Паболей нам такіх рыцараў, як Скшатускі і Падбіпятка, ды паболей бы такіх вайскаводцаў, як Вішнявецкі. Тады б Лукашэнка не пратрымаўся і пяці год”, — падкрэсліў ён.

Скончыў свой ліст актывіст наступнымі словамі: cum Domino ad omnia paratus (З Богам да ўсяго гатовы).

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Пракурор даводзіла, што дзеянні падсудных маглі прывесці да знішчэння ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыццё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасці, і ён з годнасцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак — маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21).

Напісаць ліст Яўгену Васьковічу можна па наступным адрасе: 213105 г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, папраўчая калонія № 15.

Падзяліцца:

Каментары

  1. Лёкса (Sep 27, 2011:23:27)Адказаць

    млін, адразу неяк не заўважыў двухкроп’е ў назьве навіны 🙂

    • -M-F- (Sep 28, 2011:00:45)Адказаць

      🙂 дык сэнс таксама ня надта зьмяняецца =)