Вершы Уладзя Яроменка

Вершы Уладзя Яроменка

Падзеі 19 сьнежня дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ўдала скарыстаў у мэтах рэпрэсіяў супраць дэмакратычнай моладзі. За кратамі апынуліся талантлівыя сябры Маладога Фронту. Гэтая старонка прысьвечана зьняволенаму маладафронтаўцу Уладзімеру Яроменку і яго творчасьці.

Яроменак Уладзімер – паходзіць з гораду Міёры, што на поўначы Беларусі, да арышту навучаўся на 2 курсе БДУІР. Маладафронтацец ня быў затрыманы падчас Плошчы 2010. Яго затрымалі ў Менску на плошчы Незалежнасьці супрацоўнікі спэцслужбаў падчас пікету 20 сьнежня, на наступны дзень пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў і разгону Плошчу. За гэта юнак адсядзеў 15-сутачны арышт у жодзінскай турме, яшчэ 7 сутак правёў у ЦІП на вул. Акрэсціна пасля допыту ў КДБ у якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 28 студзеня маладафронтацец быў затрыманы ў якасці падазраванага па дадзенай справе. Прад’яўлена абвінавачанне. УЛадзімер знаходзіцца пад вартаю ў СІЗА КДБ.

Да 20 сьнежня 2010 году Уладзімер ні разу не трапляў у турму. Усё змянілася за месяц чацьвёртага тэрміну кіраваньня Лукашэнкі. Зараз, такім чынам, хлопец адбывае трэці па ліку арышт. Гэтым разам па крымінальнай справе.

* * *

ВЕРШЫ:

Хай вырашаны лёс мой за мяне,
Мной самастойна цяжкі шлях абраны,
Бо шмат я бачыў злосьці між людзей,
І веры тым, хто жыў адным падманам…

Я не хацеў маўчаць увесь свій век,
Маўклівай згодай нараджаць хлусьню й няволю!
Я не хацеў так далей жыць! Я – чалавек!
Для свайго края я жадаў шчасьлівай долі!..

За гэта, мабыць, трапіў у турму,
Але, няскораны, пішу сябрам з-за кратаў:
Сябры мае! Хай цяжкі мой прысуд,
Але цяжэйшы атрымае “клоп вусаты”!

Уладзімер Яроменак, 17.05.2011

* * *

Блакітнае неба… Шэрыя сьцены…
“Рэсьнічкі” спыняюць сьвятло…
Шукаю я Госпада… Божа мой, дзе ты?
Але не знаходжу Яго…

Чаму жа так сталася, Госпадзе мілы?
Чаму я сяджу ў турме?
Чаму, быццам ворага, у роднай краіне
Цкуюць, заганяюць мяне?

Таму, што адзіная, родная мова
Была даражэйшай за ўсё???
Ці можа таму, што я прагнуў свабоды,
Абрыдла насіць мне ярмо???

Ці можа таму, што казаў я, што думаў?
Мне рот было цяжка закрыць
Я ўжо не баюся, хай будзе, што будзе
Мяне не зламаць, не скарыць…

Уладзімер Яроменак, 03.03.2011

* * *

Дзякуй, мой Божа, што не пакінуў,
Што не заставіў мяне аднаго…
Дзякуй Табе, што ня даў мне загінуць,
А даў мне надзеі сьвятло…

Ты для мяне і сьвятло, і свабода,
Ты – гэта праўда, жыцьцё…
Ты – гэта шлях мой… Па гэтаму шляху
Я буду ісьці праз усё…

Дзякуй, што даў ты мне веры і моцы,
Каб не зламацца ў турме…
За тое, што меў, і за тое, што маю,
Дзякуй, мой Божа, Табе…

Уладзімер Яроменак, 21 лютага 2011, Менск, турма на Валадарскага

* * *

Я не хачу!

Я не хачу глядзець на тое,
Як зьневажаюць мой народ!
Як нешта страшнае і злое
Паўсюль нам затыкае рот.

Я не хачу мірыцца з гвалтам
І не жадаю ў путах жыць,
Пакуль навокал сьпеюць краты,
Бязьвінны ў турме сядзіць!

Я не хачу, каб жыў народ мой
Зь ярмом на шыі ўвесь свой век!
Хачу, каб у краіне роднай
Я змог бы жыць, як чалавек!

Каб мог я жыць і не баяцца,
Што заўтра кінуць у турму
За тое, што я не спужаўся,
За праўду, што я ўсім кажу!

Мяне ніколі не спужаюць
Арышт, турма ці нават сьмерць!
Бо лепей у турме застацца,
Чым жыць свой век нібыта зьвер,

Нібыта вораг беларусаў,
Нібыта вырадак, шпіён…
Я не хачу жыць пад прымусам!
Я не адзін, нас легіён!!!

Уладзімер Яроменак, люты 2011, Менск, турма

* * *

Абудзіся народ!
Выйдзі з хаты сваёй!
Засьпявай песьню новаму дню!
Бо прыходзіць вясна – час свабоды прыйшоў
Час прыйшоў зрабіць вольнай зямлю

Досыць злодзеям катам
Панаваць на на зямлі
Скінь ярмо, каб жыць вольна братове!
Ці здарма ж бараніць
нашы продкі-дзяды
Арашаючы поле крывёю?

Час прыйшоў уставай
Падыміся з кален
І не бойся сканаць
у чэкістаў
З намі праўда й Бог
Прагнем мы перамен
Бараніць гэта Бог дапаможа.

Уладзімер Яроменак, люты 2011, Менск, турма

* * *

За што мяне зьнішчаюць каты?
За што ў вяўзьніцы сяджу?
За што кідаюць нас за краты,
Тых, хто любіў сваю зямлю?

Тых, хто гатовы бараніці
Ад ворагаў сваю зямлю.
Тых, хто ніяк ня змог скарыцца,
А змог сказаць: “Я не хачу!

Я не хачу мірыцца з гвалтам!
Я не хачу глядзець на зьдзек!
Ганіце ворагаў праклятых,
Бо бачны ўжо свабоды сьвет!”

Валодзька Яроменак, 24 лютага 2011, Менск, турма

* * *

Хай зараз навокал “рэсьнічкі” ды краты,
Халодныя сьцены, калючы дрот…
Але не скаруся бязбожнай уладзе,
Мяне не палохаюць сьмерь ды астрог!
Мы шмат, беларусы, трывалі дагэтуль,
Улады ўвесь час затыкалі нам рот!
Але не зачыняць рот вольным паэтам,
Пакуль пад прымусам жыве наш народ!
Але спадзяюся я, мілы мой дружа,
Што краты зламаюцца, мур упадзе,
На дроце колючым вырастуць ружы…
Тады ў свабодзе з табой зажывем!

Уладзь Яроменак, студзень 2011, Менск, турма

* * *

Беларусі дачок і сыноў,
Што адзін аднаго не пакінуць
Я люблю, бы сясцер і братоў.
Бо яны даюць моцы ня згінуць
Бо яны абароняць, суцешаць
Не забудуць, ня кінуць ў бядзе
Дзякуй вам за лісты й надзею!
За сяброў дзякуй, Божа, табе!

Уладзь Яроменак, студзень 2011, Менск, турма

* * *

Люблю свой край — з-за гэтага я вораг?
Ці з-за таго, што не хачу схіліць сьпіну?
Ці з-за таго, што я хачу свабоды?
З-за гэтага??? Дык лепей я памру,

Але здабуду волю беларусам…
Няхай улада мне не затыкае рот!
Я не хачу, каб заставаўся пад прымусам
Наш запужаны й зьнявечаны народ!

Мяне ня страшаць вязьніца й пакуты!
Даўно згубіў я перад сьмерцю страх!
Даўно ўжо скінуў тыя путы,
Што боўтаюцца ў беларусаў на нагах!

Я не жадаю, каб мае начадкі
Жылі на волі, быццам у турме!
Хучу здабыць жыцьцё для Беларусі-маці!
Не пашкудую.. Кошт любы па мне!!!

Уладзь Яроменак, студзень 2011, Менск, за некалькі гадзін перад арыштам

* * *

Малады Фронт зьвяртаецца да сяброў, паплечнікаў Уладзімера Яроменка й неабыякавых грамадзянаў: дасылайце лісты зьняволенаму патрыёту Беларусі!

Калі Уладзімер даслаў вам свой ліст, падзяліцеся, калі ласка, інфармацыяй з намі праз press.mfront @ gmail.com

[  Чытаць вершы Уладзімера Яроменка далей  ]

Падзяліцца:

Каментары