Відавочныя сусветныя тэндэнцыі рана ці позна будуць прызнаныя і ў нас

Відавочныя сусветныя тэндэнцыі рана ці позна будуць прызнаныя і ў нас
“Тое, што пераход да кантрактнай сыстэмы і адмова ад прызыву неабходныя, для мяне пытаньне відавочнае,” — піша ў блёгу Іван Шыла.
Больш за тое, падчас службы ў войску і дзейнасьці ў межах ініцыятывы па рэфармаваньню беларускай арміі мне даволі часта даводзілася мець нефармальныя размовы з афіцэрамі, у тым ліку з тымі, хто займае высокія і адказныя пасады. Магу сказаць: разуменьне неабходнасьці і непазьбежнасьці адмовы ад агульнага прызыву ёсьць.
Няглядзечы на афіцыйную пазыцыю Міністэрства абароны, якое вымушана бараніць існуючы стан рэчаў, нават на афіцыйным узроўні робяцца пэўныя захады ў гэтым кірунку. Напрыклад, канцэпцыя разьвіцьця войска з 2005 па 2010 гады прадугледжвала рост колькасьці “кантрактнікаў” да 51% ад агульнай колькасьці ваеннаслужачых шэраговага і сяржанцкага складу. Пры дасягненьні гэтага паказчыка планавалася скараціць тэрмін абавязковай службы да аднаго году.
Аднак казаць пра рэалізацыю дадзенага памкненьня, безумоўна, не выпадае – прапанаваны заробак у 700-900 тысяч беларускіх рублёў для маладых хлапоў, што завяршылі тэрміновую службу, канешне, слабы аргумент пры выбары месца далейшай працы. Болей пры сёньняшнім бюджэце Мінабароны прапанаваць ня можа – тут грошай на нармальныя туалеты няма, ня тое, каб на прафэсыйнае войска.
Наогул, грошы ёсьць хіба адзінай істотнай перашкодай для зьмены поглядаў на будучыню айчыннага войска. Хоць інэртнасьць і закрытасьць дадзенага інстытуту таксама можна залічыць да прычынаў, напрыклад, нежаданьня скарачаць колькасьць асабістага складу, даваць адзнакі і займацца аптымізацыяй, спрабаваць больш эфэктыўна выкарыстоўваць людскія рэсурсы.
Асноўная тэза ваенных СМІ і многіх афіцэраў адносна неабходнасьці захаваньня прызыўной сыстэмы – маўляў, ніводнае прафэсыйнае войска войны не выйгравала. Як па мне, дык аргумент хіленькі як з пункту гледжаньня наяўнасьці пасьпяховых і выніковых кампаніяў прафэсыйных войскаў, так і, адпаведна, наяўнасьці правальных кампаніяў войскаў, укамплектаваных за кошт усеагульнага прызыву. Тут, на маю думку, варта дадаць яшчэ і тое, што ніводная нацыянальная армія, якая адмовілася ад тэрміновай службы, да яе так і не вярнулася. Таму мы і тут знаходзімся ў класічнай для двух апошніх дзесяцігодзьдзяў незалежнасьці сытуацыі – адмаўляюцца відавочныя тэндэнцыі, прынцыпы і падыходны, якія рана ці позна будуць прызнаныя і  выкарыстаныя і ў нас. Толькі час губляецца.
Думаю, эфэктыўнасьць, большую падрыхтаванасьць і матываванасьць асабістага складу прафэсыйных войскаў абмяркоўваць наогул ня варта. Разам з тым, трэба казаць пра плюсы адмовы ад прызыву. Перадусім, гэта вырашэньне праблемы па-за статутных узаемаадносінаў, канкрэтна зьвязаных і пабудаваных на прызыву, зьмяншэньня ўзроўню карупцыі сяброў мэдычных камісіяў і супрацоўнікаў ваенкаматаў, магчымасьць выбару для маладых людзей. Апошняе мяне таксама падаецца істотным – бараніць Радзіму можна ня толькі з аўтаматам у рухок, атрыманьне адукацыі таксама плюс нацыянальнай бясьпецы краіны.
Напрыканцы адзначу, што проста казаць пра пераход да прафэсыйнага войска і крытыкаваць уладу ў сувязі з наяўнасьцю агульнага прызыву азначае займацца папулізмам. Хто б ня быў сярод кіраўнікоў краіны, раптоўнай і імгненнай зьмены ня адбудзецца – граюць ролю тыя ж фінансавыя чыньнікі і сацыяльныя наступствы скарачэньня УС. Аднак мне падаецца важным прызнаць сёньня наянаўнасьць праблемаў і вызначыцца з канцэпцыяй, якая б тыя праблемы ўлічвала. Бо сёньняшняя пазыцыя Мінабароны – у нашым войску праблемаў няма – вельмі шкодная для пэрспэктываў Узброеных сілаў.

Іван Шыла
Тэкст для сайта “Народная праграма”

Падзяліцца:

Каментары