Вернікі заклікаюць Лукашэнку вызваліць палітвязьняў

Вернікі заклікаюць Лукашэнку вызваліць палітвязьняў

Вернікі, удзельнікі ініцыятывы “Нельга забыць” — арганізатары штовечаровай малітвы за Беларусь ля Чырвонага касцёла —  плянуюць звярнуцца з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Пасля таго, як пад зваротам будзе сабраная пэўная колькасць подпісаў, ліст будзе адасланы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Мы прапануем Вам поўны тэкст звароту вернікаў:

Зварот да Спадара Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў справе вызваленьня Палітычных Зьняволеных!

Хто любіць брата свайго, той прабывае ў сьвятлé, і няма ў ім спакушэньня;а хто ненавідзіць брата свайго, той у цéмры знаходзіцца і ў цéмры ходзіць ды ня вéдае, куды йдзé, бо цéмра вочы яму асьляпіла.” 1 Ян 1, 10-11

Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, вернікі розных хрысьціянскіх канфесій, людзі добрай волі зьвяртаемся да Вас, чалавека, які у нашай краіне трымае уладу!

Зьвяртаемся да Вас як людзі глыбока веруючыя у тое, што над усімі намі ёсьць Госпад Бог, Які даў кожнаму з нас жыцьцё, даў нам усім супольны дом – нашу Радзіму Беларусь, якую мы вельмі любім, і даў нам заданьне на зямлі прыносіць добрыя плёны на карысьць іншым! У Хрысьце мы – сёстры і браты, якія павінны любіць адзін аднаго, як запаведал нам Госпад.

З гэтай любові Бог будзе нас судзіць на апошнім, справядлівым судзе!

Усё, што зьдзяйсьняецца на зямлі, зьдзяйсьняецца зь Яго дазволу, не таму, што Ён згаджаецца на зло, але таму, што дае кожнаму чалавеку свабодную волю! Ён любіць чалавека да канца і мае надзею на чалавека да канца! І толькі сам чалавек можа ў свабоднай волі выбраць дабро з Госпадам або зло без Госпада. Так чалавек абірае сабе вечнасьць: ці будзе жыць вечна ў спакоі і любові сэрца, і душы, ці ў страху, ненавісьці мучацца ўвесь час, не кароткае жыцьцё. Абірае сабе вечнасьць тут на зямлі! А мы ня ведаем, апрача Госпада, колькі кожнаму з нас засталося жыць на гэтай зямлі. Ад нас залежыць ці гэтая зямля і людзі будуць памятаць нас, як сваіх герояў, ці сароміцца і праклінаць…

Госпад любіць чалавека але ненавідзіць грэх: асабліва, калі чынім яго супраць нашага бліжняга! Ёсьць час, каб навярнуцца і спыніць зло у жыцьці асабістым і тым больш у жыцьці публічным! Наша краіна пакутуе ад зла: ад хлусьні, ненавісьці, страха! Ёсьць час пакаяцца і зрабіць УСЁ, каб нашыя Імёны ўвайшлі ў гісторыю Беларусі і Сьвету, як імёны сапраўдных хрысьціянаў, добрых Божых людзей. Для гэтага ўсім нам, Беларусам,  разам трэба пачаць шлях пакаяньня і пакутаў, трэба будзе выправіць усё зло ў нашых сэрцах і краіне. Самаму не пад сілу, таму горача молімся, каб Бог даў нам і Вам сілу распачаць гэты шлях!

Калі гэтага не распачнем – вялікі можа быць гнеў Бога! Таму, што “кроў Авеля крычыць аб помсьце”, Бог выслухоўвае плач і просьбы Маці усіх пакрыўджаных, несправедліва асуджаных, тых, хто без весьці загінуў, хто мусіў стаць эмігрантам! Ён, Госпад Бог, стане іх апекунам і іх абаронай! Ён дае нам з Вамі час, але час можа быць вельмі кароткі! Трэба сьпяшацца, не баяцца любіць, не баяцца праўды, не баяцца пакаяньня і новага жыцьця ў Сьвятым Духу! Вялікі Госпад, Стварыцель неба і зямлі, наш Збавіцель няхай дапаможа ў гэтым!

 Мы молімся і за Вас, каб Госпад крануў Вашага сэрца, каб даў Вам адкрыцца на Яго любоў, Яго праўду, Яго свабоду, на дабраславёныя крокі любові да кожнага чалавека, асабліва на тых, якія аддаюць сваё жыцьцё ў турмах за Беларусь!

 Першы крок пакаяньня і любові гэта вызваленьне, і рэабілітацыя ўсіх палітзьняволеных!

 

Падзяліцца:

Каментары

  1. Кастусь Шыталь (Oct 12, 2011:20:27)Адказаць

    Жадаю падпісацца пад гэтым зваротам. Як гэта можна зрабіць?

  2. Ганна (Oct 12, 2011:21:40)Адказаць

    Калі атрымаецца ў Вас прыйсці на малітву а 20-й гадзіне да Чырвонага касцела заўтра-паслязаўтра — падыходзьце і пастаўце свой подпіс. Так могуць зрабіць усе, хто хоча падпісацца.

  3. Ганна (Oct 12, 2011:21:44)Адказаць

    Калі будзеце заўтра паслязаўтра ў Менску падыходзьце да Чырвонага касцела а 20-й гадзіне і стаўце свой подпіс пад зваротам. Чакаем. І наогул, ўсе, хто хоча далучыцца да зварота падыходзьце калі ласка.

  4. lilia (Oct 13, 2011:11:49)Адказаць

    таксама хачу паставіць подпіс але жыву у Маладзечна, парайце як далучыцца па месцы жыхарства.

    • Ініцыятыва "Нельга забыць" (Oct 13, 2011:12:55)Адказаць

      Хто хоча падпісацца пад гэтым зваротам дасылайце на адрас narodnymemarial@gmail.com свае прозвішча, імя, горад, веравызнаўства .
      Далучайцесь!