Вызваленьня Зьмітра Дашкевіча чакалі ўсю ноч

Вызваленьня Зьмітра Дашкевіча чакалі ўсю ноч

Лідэр «Маладога фронту» быў вызвалены з гарадзенскай турмы 28 жніўня ў 6.20 раніцы. Каля варотаў турмы Зьміцера Дашкевіча сустракала ягоная жонка — Наста, журналісты і сябры, якія чакалі яго ўсю ноч. 

У зняволенні Дашкевіч знаходзіўся ад 18 снежня 2010 года. Каля гродзенскай турмы Змітра сустракалі жонка і дзясяткі сяброў. Падчас імправізаванай прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася на рагу вуліц Гараднічанскай і Кірава Дашкевіч заявіў, што адчувае сябе здаровым, ён падзякаваў усім за падтрымку, якую адчуваў за кратамі і заявіў, што плянуе працягваць сваю ранейшую дзейнасьць.

Ён сказаў, што гэтую апошнюю ноч перад вызваленьнем правёў спакойна, без напружаньня, бо сыстэма «ўжо добра вышкаліла яго».

Пра стаўленьне да сябе ў турме Дашкевіч распавёў, што адміністрацыі розных турмаў спрабавалі выкарыстоўваць зьняволеных дзеля таго, каб яны ўплывалі на яго, але пераважна паўсюль ён атрымліваў падтрымку.

Дашкевіч: «Падтрымоўвалі асуджаныя і нават прадстаўнікі адміністрацыі, бо ўсе чытаюць незалежныя СМІ. І я хацеў бы падзякаваць журналістам і тым людзям у гарадзенскай турме, зь кім я мог перасякацца, і ў іншых турмах, а таксама супрацоўнікам, бо нехта мог падтрымаць словам, нехта мог прынесьці гарачай гарбаты альбо яблык. Канешне, не магу сказаць, дзе гэта было і хто гэта быў, але гэтыя людзі ведаюць, і я ім вельмі ўдзячны. Прыйдзе час і я ім асабіста падзякую».

Запрашаем таксама 29 жніўня а 12-й гадзіне на прэс-канфэрэнцыю Зьмітра Дашкевіча, якая адбудзецца ў Менску на сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3).

Зьміцер Дашкевіч. Вызваленьне 28 жніўня 2013 г.

***

Зміцер Дашкевіч: Нікуды з’язджаць не збіраюся

Раніцай 28 жніўня палітвязень Зміцер Дашкевіч выйшаў з гродзенскай турмы. Выпусцілі маладафронтаўца праз бакавы ўваход, дзе зняволеным перадаюць перадачы.

Сустракалі Змітра жонка, сябры і паплечнікі, якія з 12-й ночы дзяжурылі каля галоўнага ўваходу.

Зміцер Дашкевіч: “Я хачу падзякаваць за тое, што падтрымлівалі мяне: за лісты і за малітвы. Гэта вельмі адчувалася. Шмат лістоў прыходзіла з Беларусі і Еўропы. Гэта вельмі патрэбна з таго баку турмы, а ўсё астатняе — наколькі хопіць сіл”.

Пра ўмовы зняволення Дзмітрый выказаўся так:

“У турме не было проста, але гэта не Калыма, дзякуй Богу. Іншыя вязні добра падтрымлівалі паўсюль. Але былі тыя, хто за кошт мяне хацеў скараціць тэрмін”.

Пра планы на будучыню:

“На выхадзе сказалі, што “камера заўсёды чакае”. Але я збіраюся займацца тым, чым і займаўся раней. У мяне цвёрдае перакананне нікуды не выязджаць”.

Пра тое, чаго хочацца ў дадзены момант і пра планы на сёння, Зміцер Дашкевіч сказаў так:

“Хто б мяса прынёс… У астатнім усё па плану. Што рабіць цяпер — вырашым куды і як”.

У гродзенскай турме Зміцер Дашкевіч свой тэрмін адбываў у адзіночнай камеры і, на яго думку, у “прымальных” умовах.

Дашкевіч: “Апошнюю ноч я спакойна спаў. Жыў сённяшнім днём, таму што сістэма нас ужо “вышкаліла”. Адчуваю сябе добра, здароўя вагон!”.

Зьміцер Дашкевіч. Вызваленьне 28 жніўня 2013 г.

Нагадаем, што лідар незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі арыштаваныя 18 снежня 2010 года — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх звінавацілі ў збіцці двух мінчукоў і асудзілі. Затрыманне і арышт маладафронтаўцаў палітыкі і праваабаронцы ацанілі як прэвентыўную меру запалохвання перад выбарамі.

У сакавіку 2011-га Дашкевіч быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, нібыта, за хуліганства. У 2012-м у глыбоцкай калоніі палітвязень атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі”. З восені мінулага года Дашкевіч знаходзіўся ў гродзенскай турме.

Пасля вызвалення Змітра Дашкевіча на паўгода пакінуць пад прэвентыўным наглядам. Гэта значыць, што ён павінен быць дома з 8-й вечара да 6-й раніцы, тры разы на месяц адзначацца ў міліцыі. Змітру Дашкевічу 32 гады.

Зьміцер Дашкевіч. Вызваленьне 28 жніўня 2013 г.

 

Зьміцер Дашкевіч. Вызваленьне 28 жніўня 2013 г.

http://svaboda.orghttp://nn.byhttp://euroradio.fm

Падзяліцца:

Каментары