Вызвалены Уладзімер Яроменак!

Вызвалены Уладзімер Яроменак!

1 кастрычніка пасьля 12-суткавага арышту вызваліўся Уладзімер Яроменак.

Па словах юнака, адбываць “суткі” у міжсэзонны пэрыяд ня соладка. Ды паводзіны супрацоўнікаў ізалятару ня лепшы ўзор ветлівасьці. “Мёрзнуў дванаццаць сутак; але выспаўся, начытаўся” — распавядае Уладзімер. Былы палітвязень кажа гэта з усьмешкаю, бадзёра, нібы вярнуўся з санаторыю.

“Амаль усе 12 дзён сядзелі ўдвох, быў толькі адзін сталы сукамэрнік, хоць у суседніх камэрах, судзячы па гукам, знаходзілася болей людзей,” — распавядае Уладзімер Яроменак.

Паводле пратаколу юнака мусілі вызваліць а 8:20 раніцы. Але як і ў пятніцу Насту Палажанку, зраніцы ў суботу маладафронтаўца адвезьлі падалей ад завулку Акрэсьціна. Ужо а 7:15 у двор ізалятару заехала міліцэйская машына. А палове восьмай яна выехала з двума міліцыянтамі й Уладзімерам Яроменкам, каторы толькі здолеў пагрукаць у шкло ды махаць рукою з вакна. Маладафронтавец тлумачыў мянтам, што дабрацца зможа сваім ходам, але турэмшчыкі настойліва запхалі яго ў машыну.

Пасьля адбыцьця суткавага арышту “палітычных” часьцяком вывозяць далёка ад сьценаў ізалятара. Як кажуць самі міліцыянты, гэта робіцца каб пад дзьвярыма не зьбіралася мноства народу — фотакарэспандэнтаў, паплечнікаў… Відаць, натоўп звонку замінае ўнутранай працы ЦІП (Цэнтру Ізаляцыі Правапарушальнікаў) па Акрэсьціна.

Як распавёў Уладзімер Яроменак, 19 верасьняУ дзень сьцягу — ён вывесіў нацыянальны сьцяг на будынку ля галоўнай плошчы беларускай сталіцы. Некаторы час на літарах “Horizont”, каторыя добра бачны з Кастрычніцкай плошчы, вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Спусьціцца долу без прыгодаў маладафронтавец, на жаль, ня змог — “З даху заўважыў, што ў двары мяне ўжо чакаў “бобік”. Спрабаваў адыйсьці іншым шляхам, але марна.”

Маладафронтаўца абвінавацілі ў “парушэньні парадку правядзеньня й арганізацыі масавага мерапрыемства — ч.3. арт. 23.34 КаАП РБ. Што за масавае мерапрыемства з удзелам аднаго чалавеку на даху і якім чынам Уладзь парушыў парадак яго арганізацыі — застанецца загадкаю. І толькі беларускі суд і сьведкі зь ліку міліцыі могуць раскрыць гэтую таямніцу.

Падзяліцца:

Каментары