Вызваленыя антыкамуністы будуць пісаць скаргі

На гэтым тыдні зь ізалятару на Акрэсьціна вызваліліся ўсе ўздельнікі антыкамуністычнай акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 7 лістапада.

Як апавядаюць вызваленыя, адчувалася падтрымка ў судзе, было шмат перадач, за што яны вельмі ўдзячны паплечнікам. Маладафронтаўцаў на Акрэсціна наведваў намесьнік старшыні ГУУС Мінгарвыканкаму Ігар Яўсееў. Палкоўнік перадачак не прынес, але “сказаў: а-ай-яй, які кепскі хлопец і прыгразіў што мы з ім яшчэ пабачымся на плошчы,” — узгадвае Раман Васільеў.

14 лістапада на волю выйшлі Міхась Мускі (на здымку) й Павал Сяргей. 17 лістапада пасьля 10-суткавага арышту вызваліўся Раман Васільеў. На затрыманьне хлопцы плянуюць пісаць скаргу. Пакуль што яны абскардзілі толькі судовы прысуд. Раман Васільеў апроч таго зьбіраецца пісаць скаргу на ўмовы ўтрыманьня — “мяне, напрыклад, не пакармілі адзін раз, вечарам 14 лістапада, чаму — не падтлумачылі”. Сёньня актывіст будзе раіцца на гэты конт з адвакатам.

Міхась Мускі, Павал Сяргей, Раман Васільеў былі затрыманыя ў гадавану бальшавіцкага перавароту 7 лістапада на плошчы Незалежнасьці ў Менску. І атрымалі суткавыя арышты. Маладафронтаўцы ў той дзень закідалі яйкамі помнік Леніну — сымбаль памерлай камуністычнай эпохі. Юнакі такім чынам выказвалі пратэст супраць ушанаваньня злачыннага камуністычнага мінулага.

Падзяліцца:

Каментары