Хто выйграе ад арышту Цімашэнкі

Хто выйграе ад арышту Цімашэнкі

5 жніўня ва Ўкраіне ў часе судовага паседжаньня была арыштаваная лідэрка партыі “Бацькаўшчына” Юлія Цімашэнка. Яна абвінавачваецца ў злоўжываньні ўлады ў часе расейска-украінскіх перамовах аб газавых дамовах 2009-ага  году.

Зразумела, што арышт Юліі Цімашэнкі – звычайны недальнабачны крок украінскіх уладаў і працяг усходнеславянскай палітычнай традыцыі “паяданьня ўласнага хваста”. Відавочна, што працэс мае палітычны характар. Гэтаксама ж відавочна, што ўладам Украіны пад унутраным і вонкавым ціскам наўпрост ня хопіць сілаў, каб асудзіць Юлію Цімашэнку і такім чынам выключыць яе з палітычнага жыцьця. Тым больш, па той інфармацыі, што мы маем сёньня можна казаць, што справа цалкам надуманая і няма аніякіх прававых доказаў віны Цімашэнкі. Таму пры сёньняшняй растаноўцы сілаў адзіным пераможцам у гэтай справе будзе Юлія Цімашэнка, каторая ўжо не ўпершыню атрымлівае палітычныя профіты са свайго знаходжаньня ў СІЗА.

Таксама ня варта выключаць, што рашэньне аб арышце магло не  ўзгадняцца з выканаўчай уладай Украіны, а было імгненным парывам судзьдзі. Парыў гэты быў выкліканы абразьлівым стаўленьнем Цімашэнкі да суда і цалкам магчыма, што гэты парыў і быў мэтай Юліі Цімашэнкі.

І ня варта праводзіць паралелі з Беларусьсю – хоць і Беларусь, і Ўкраіна зьяўляюцца фактычна мафійнымі дзяржавамі сытуацыі прынцыпова адрозьніваецца, бо той простай прычыне, што там мафій больш чым адна.

Рыгор Астапеня,
Салігорск

Падзяліцца:

Каментары