Зь Днём беларускае вайсковае славы!

Зь Днём беларускае вайсковае славы!

Сёньня, 8 верасьня, наш народ адзначае адно з самых найвялікшых сьвятаў Беларускае дзяржавы. 5 стагодзьдзяў таму нашыя продкі на чале з гетманам ВКЛ Канстаньцінам Астроскім перамаглі ў тры разы большае войска маскоўскіх захопнікаў.

Бітва пад Воршаю стала прыкладам мужнасьці й бязьмежнае любові да нашае Бацькаўшчыны для ўсіх пакаленьняў беларускіх нацыяналістаў.
Гэтая гераічная Перамога нашых продкаў – гэта па-сапраўднаму сымбаль нескаронае волі беларускае нацыі. 

Малады Фронт віншуе ўсіх беларусаў з гэтым сьвятым Днём! Няхай Аршанская бітва натхняе Вас на змаганьне за родный край, за свой народ!

Са сьвятам!
На д’ябла – крыж! На ворага – меч!

———————————————

 

Гісторыя бітвы пад Вошаю (Паводле Ўладзімера Арлова)

Бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году.
На зыходзе 1512 года Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за «исконно русские земли» — Беларусь і Ўкраіну, што ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага й пад уладаю Маскоўшчыны ніколі не былі.

Фарпостам Княства на ўсходзе быў старажытны беларускі горад Смаленск. У ліпені 1514-га яго ўзяло ў аблогу велізарнае 80-тысячнае войска маскоўцаў, папоўненае наймітамі з заходнеэўрапейскіх краінаў. Па гарадскіх умацаваньнях амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. Ваявода Юры Салагуб капітуляваў.

Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Беларусі. Усьлед за Смаленскам здаліся ворагу Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўна. Крамлёўскі валадар быў настолькі ўпэўнены ў сваёй перамозе, што пад час адной з застоліц загадаў сваім ваяводам «войскі літоўскія й польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць». Над дзяржаваю сапраўды навісла сьмяротная небяспека.

Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сцягі ў Менску толькі трохі болей за 30 тысяч ваяроў. Тут былі 16 тысяч коннікаў паспалітага рушання Вялікага Княства пад камандаваннем славутага гетмана Канстанціна Астрожскага, 14 тысяч польскіх конных жаўнераў, тры тысячы найманай пяхоты і 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы на чале з Астрожскім рушылі насустрач варожай ардзе. Пры канцы жніўня адбыліся першыя сутычкі з ворагам на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці.

Пасля некалькіх паразаў расейскае войска спынілася паміж Воршай і Дуброўнай на рэчцы Крапіўне. Тут і адбылася вырашальная бітва. Частка конніцы Астрожскага ўброд і наўплаў — без стратаў — пераправілася цераз Дняпро. Астатнія коннікі, пяхота й артылерыя пераадолелі раку трохі вышэй, па таемна наведзеным наплыўным мосце. Палкі Канстанціна Астрожскага пачалі шыхтавацца насупроць стану маскоўцаў уначы з 7 на 8 верасня. У цэнтры гетман паставіў 16 тысячаў ліцьвінскай конніцы, па баках — палякаў. Наперадзе былі сабраныя сама трапныя стралкі.

На досьвітку пад гукі трубаў і бубнаў маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. Астрожскі зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай гарачаю прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесць і мужнасць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..»

Няўдача першай атакі ня надта зьбянтэжыла Чалядніна й Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага — 80 тысяч супроць 30. Такая самаўпэўненасць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска ўзаемадзейнічалі й нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму. Калі ваяры Астрожскага ўдарылі па палкох Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ўхіліўся, а калі ўдар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым сама.

Спроба абысьці нашае войска і наляцець з тылу не ўдалася, і пасьля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на праціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў. Ягоная ўзьнятая над галавою булава дадавала мужнасьці слабейшым.

І раптам здарылася нечаканае: конніца Астрожскага завагалася, спыніла націск, а потым і наагул пакацілася назад. Расьцягнутыя баявыя парадкі маскоўцаў зь пераможнымі крыкамі перайшлі ў наступ. Колькі хвілінаў коннікі й сапраўды ўцякалі, а тады зьнячэўку крута павярнулі ўбок. Расейская дваранская конніца апынулася перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.

Сьмяротны град артылерыі спыніў атаку. Чужынцы, зьбіваючыся ў бязладныя натоўпы, замітусіліся й паказалі нядаўнім «уцекачам» сьпіны. Конніца Астрожскага расьсекла сьціжму заваёўнікаў на часткі й расьсеяла іх па шырокім прырэчным полі. Ворагаў гналі й секлі яшчэ пяць вёрстаў. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві ды, паводле падання, выйшла зь берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку. Шмат хто знайшоў сваю сьмерць у Дняпры, у навакольных лясох і балотах.

Летапісы й хронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў. Чаляднін, Булгакаў-Голіца й яшчэ восем ваяводаў трапілі ў палон. Разам зь імі ў руках пераможцаў апынуліся дзьве тысячы «дзяцей баярскіх» і тры тысячы шэраговых воінаў. Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясціў, што ўсе палонныя для яго — мёртвыя, і кінуў іх на вырак лёсу. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.

Аршанская бітва стала адной з найбуйнейшых у Эўропе ХVІ стагоддзя. Бліскучая перамога нашай зброі аддала ініцыятыву вайны ў рукі Вялікага Княства. Усе захопленыя маскоўцамі гарады, апроч Смаленска, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца накіраваны супроць Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага таемны альянс Маскоўшчыны ды эўрапейскіх дзяржаваў. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Княства і павярнулі сваіх коней у бок Маскоўшчыны.

У сьнежні 1514 года вялікі гетман Канстанцін Астрожскі трыумфальна ўступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там былі збудаваныя праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы й Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.

Апісаньне бітвы пад Воршай было зьмешчанае ў «Кроніцы» Мацея Стрыйкоўскага. Празь некалькі гадоў пасьля перамогі невядомым мастаком было створанае жывапіснае батальнае палатно, на якім адлюстраваны адзін з эпізодаў сечы. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэі ў Варшаве, можна ўбачыць баявыя бел-чырвона-белыя сцяжкі беларускіх ваяроў. Гэта першая па часе выява нашага нацыянальнага сцяга. Памяць пра слаўную перамогу ўвасобілася і ў беларускай народнай песьні:

Ой, у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае парады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці:
А ці з поля, а ці зь лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні зь лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы,
Каля рэчцы на прыгорцы:
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б’юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як нашая слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэння свету
Што нашай славанькі ўжо нету».
Слава Воршы ўжо ня горша
Слаўся, пан Астрожскі!

У 1992 годзе ў дзень гадавіны бітвы пад Воршай на пляцы Незалежнасці ў Менску адбылася прысяга беларускіх вайскоўцаў на вернасць свайму народу. 

Падзяліцца:

Каментары