Зь якой мовай ісьці да выбарніка

Зь якой мовай ісьці да выбарніка

На якой мове ісьці да выбарніка? Меркаваньнямі ды развагамі ў сваім блогу дзеліцца Франак Вячорка.

Учора спрачаўся зь сябрамі, якія зь пенай ля роту даказвалі, што трэба праяўляць гнуткасьць, павагу да выбарніка і размаўляць зь ім на яго мове. То бок на расейскай. Лёгіка ў гэтым ёсьць. Але! Ад перапісу 1999 г. колькасьць беларускамоўных зьменшылася ўтрая. Рэжым заганяе мову ў рэзэрвацыю. І самае сумнае, няма каму, апроч як нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі, яе абараніць.

1) Беларуская мова — як козыр для палітыка
У Беларусі няма выбараў. Няма рэальнага падліку галасоў. Сьцьверджаньне, што беларусы не галасуюць за беларускамоўных, — неабгрунтаванае. Яго немагчыма пацьвердзіць альбо абвергнуць. Выбарчая кампанія – магчымасьць паразмаўляць зь людзьмі, распрапагандаваць свае ідэі і каштоўнасьці, у тым ліку – мову. 90% беларусаў успрымаюць яе пазытыўна. Неаднаразова таксоўшчыкі, калі чулі мову, ня бралі зь мяне грошай. На рынку рабілі зьніжку. У кавярнях частавалі. «О як прыемна чуць беларускую мову!» — чую штодня. Апазыцыя сама сабе прыдумала, што мова адпалохвае. Калі выбарнік пабачыць, што вы шчыра гаворыце па-беларуску, што гэта не піяр, ён вас запомніць і абавязкова падтрымае. Мова пазытыўна вылучае сярод іншых кандыдатаў. Вядома, будуць тыя, хто скажа: «А! Гаворыце па-беларуску – значыць, апазыцыя, БНФ!» — Так, апазыцыя. Так, па-беларуску. Не спрачайцеся, бессэнсоўна. Гэты чалавек рэтрансьлюе роўна тое, што пачуў па тэлевізары.

2) Кожны беларус разумее беларускую мову
Нават расейцы, якія прыяжджаюць у Менск, без праблемаў разумеюць аб’явы ў мэтро і беларускія шыльды. Знойдзецца выбарнік, які скажа: «Ничего не понимаю, говорите на нормальном языке». Ня трацьце сілаў зь ім спрачацца. Два варыянты. 1) Гэта альбо этнічныя расейцы (такіх шмат ва ўсходняй частцы Беларусі, гарадах расьсяленьня савецкіх вайскоўцаў, напр. Берасьце). 2) Альбо гэта самы звычайны беларус, які пераехаў у горад зь вёскі, моцна камплексуе праз сваю гаворку. Такія імгненна адмаўляцца ад усяго, што іх зьвязвае з малой Радзімай, і пераходзяць на «язык».

3) Не прастасоўвацца – а цягнуць за сабой
Інфармацыйна-культурніцкая прастора спрэс запоўненая расейшчынай. Вырасла пакаленьне, для якога беларушчына не зьяўляецца нечым каштоўным. Тысячы адэптаў лукашэнкаўскай сыстэмы, ня здольныя мысьліць крытычна. Да нас далучаюцца 16-18-гадовыя актывісты, бальшыня – расейскамоўныя. Але праходзіць пару месяцаў – і пераходзяць на беларускую. У войску некаторыя салдаты усьлед за мной спрабавалі размаўляць, нават давалі вайсковыя каманды па-беларуску. Паказвайце добры прыклад. І людзі падцягнуцца. Калі выбарнік не зразумее слова – патлумачце яму.

Нездарма Лукашэнка грэбліва называе Менск «свядомым». Яго ванітуе ад усяго беларускага. Лукашэнкаўская эпоха рана ці позна (лепш рана) закончыцца, але гэта ня вырашыць праблемы мовы. Думаць трэба ўжо цяпер.

Францішак Вячорка,   http://franak.livejournal.com/

А як вы лічыце, 

Зь якой мовай варта ісьці да выбарніка?

Паказаць вынікі

Loading ... Loading ...

Падзяліцца:

Каментары