За маладафронтаўца заступілася супрацоўніца Мінадукацыі

За маладафронтаўца заступілася супрацоўніца Мінадукацыі

Маладафронтаўца Рамана Пратасевіча выклікалі ў Міністэрства адукацыі ў пятніцу, бо ім “цікавіцца пэўная служба”.

Юнака выклікалі ў Міністэрства вечарам 2 сьнежня. Атыквіст прабыў на размове паўтары гадзіны. У пятніцу па заканчэньні школьных урокаў Раман даведаўся, што яго шукаюць настаўнікі — у школу тэлефанавалі зь Міністэрства адукацыі. Былі званкі й бацькам маладафронтаўца.

У будынку Мінадукацыі з маладзёнам размаўляла галоўны спецыяліст па ідэялагічнай рабоце Вольга Мікалаеўна Краўчанка. “Ня дужа сварыліся, супакойна пагутарылі,” — ацэньвае размову Раман Пратасевіч. Па словах хлопца, адной з тэмаў гутаркі сталася ягоная актыўнасьць у сацыяльных сетках. Паводле словаў Вольгі Краўчанкі, хлопцам зацікавіліся “пэўныя службы”. “Я за цябе заступілася” — запэўніла Рамана Вольга Мікалаеўна.

Краўчанка, па словах Рамана, размаўляла завучанымі бэтэшнымі фразамі. Калі хлопец пачаў хіліць гутарку ў бок палітыкі, Вольга Краўчанка адышла ад тэмы — “я не буду з табой размаўляць на палітычныя тэмы ў гэтым кабінэце,” — пракамэнтавала яна сваю пазыцыю.

“У школе ўсё добра, ўсе за мяне,” — па словах Рамана Пратасевіча, нават настаўнікі ў шоку ад падобнай практыкі з боку Міністэрства адукацыі.

“Калі мяне выключалі зь ліцэю, Краўчанка давяла да сьлёзаў і гістэрыкі маю маці, — узгадвае Раман Пратасевіч. — Падчас сёньняшняй размовы ў яе часам былі злыя вочы.”

Вольга Краўчанка — жорсткая прынцыповая шасьцідзесяцігадовая жанчына. Прынамсі, так яе характарызуюць супрацоўнікі. Спадзяемся, слова  прынцыповай жанчыны ва ўзросьце перад “пэўнымі службамі”, насамрэч, абароніць маладафронтаўца ад далейшых малапрыемных гутарак.

Падзяліцца:

Каментары