За нашу і вашу свабоду

За нашу і вашу свабоду

Пайшлі неяк днямі актывісты нашыя па шэнгенскія візы. Часьцей за ўсё ходзім мы прасіць дапамогі ў братняга народа, з якім стагоддзяў пару таму стваралі супольную дзяржаву – Рэч Паспалітую.

Палякі – людзі харошыя, добрыя, і ў візах нам ніколі не адмаўлялі. Але надарылася тут беларускай апазіцыі абвесціць “Дзень волі” пад лозунгамі салідарнасці з іншым братнім народам – украінскім. Ну і вось у адпаведнасці з гэтай стратэгіяй маладафронтаўцы выйшлі на “Дзень Волі” з партрэтамі нацыянальных герояў Украіны, у тым ліку – і партрэтам Сцяпана Бандэры.

Мы ведаем якую шалёную рэакцыю выклікае Бандэра ў расейскіх шавіністаў, якія лічаць, што патрыётамі сваёй зямлі могуць быць толькі расейцы. Калі ж патрыётам сваёй краіны з’яўляецца ўкраінец, беларус ці хто б там ні было іншы – гэта бандэравец, нацыяналіст і г.д. па тэксце. “Дык а якая нам розніца, што думаюць сабе расейскія шавіністы?” – запытаецца любы патрыёт Беларусі ці Ўкраіны. І ў гэтым пытанні будзе адказ: ды ніякай нам розніцы. Мяркую, гэта абсалютна законная адповедзь.

Да расейскага шавінізму мы прывыклі, і нам на яго абсалютна начхаць. Але, на жаль, бываць выпадкі шавінізму не толькі расейскага. На жаль, адзін з такіх мы і сустрэлі пры спробе падаць візы ў амбасаду Рэчы Паспалітай.

–        Спадарове, звяртаючы ўвагу на тое, што “Малады Фронт” уважае Бандэру за нацыянальнага героя Ўкраіны, а таксама ўлічваючы пазіцыю гарадзенскіх маладафронтаўцаў, амбасада Польшчы прыняла рашэнне візы вам не выдаваць, – спакойна і з гонарам было сказана нашаму актывісту адным з прадстаўнікоў дыпламатычнай місіі Рэчы Паспалітай у Беларусі.

Канешне, Польшча – гэта самадастатковая дзяржава, і ейная амбасада ўвогуле мае права без тлумачэнняў адмовіць у атрыманні візаў. Ну не жадаюць людзі бачыць у сябе дома таго ці іншага чалавека – гэта іхняе сувярэннае права. Але ж тут, чамусці, вырашылі нам патлумачыць.

Тады ўжо і я дазволю сабе публічна запытацца: для чаго гэтае разжоўванне? Мо для таго, каб мы хадзілі толькі з тымі партрэтамі, з якімі нам дазволіць хадзіць амбасада Польшчы? Дык рабяты, а чым вы тады адрозніваецеся ад расейцаў, якія таксама лічаць правільным загадваць украінцам і беларусам, з якімі партрэтамі нам правільна хадзіць, а з якімі – не правільна?

Паслухайце, ды мне абсалютна ўсё роўна, што думаць палякі пра Бандэру, калі украінская ўлада надае яму званне “Героя Ўкраіны”, то бок, калі ўкраінскі народ лічыць яго барацьбітом за незалежнасць сваёй краіны. За незалежнаць ад шавінізмаў і расейскага, і польскага. Зразумела, палякі шмат што могуць прад’явіць Бандэру. А ці патрыёту Ўкраіны не маюць што прад’явіць палякам? Ці палякі ў сваёй экспансіі на Ўсход былі такімі белымі і пухнаценькімі?

А ці нават беларусы, калі ўжо на тое пайшло, не маюць што прад’явіць палякам?

Ці не прад’явіць нам палякам знішчэнне ў 30-ых гадах ХІХ ст беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі? Ці не прад’явіць нам палякам разгром 100-тысячнай “Беларускай грамады”? Ці не прад’явіць нам палякам закрыццё беларускіх школ? Ці не прад’явіць нам, у рэшце рэшт, арышт на 12 год стваральніка першай граматыкі беларускай мовы Тарашкевіча і тысяч іншых беларускій патрыётаў? Ці мо Браніслаў Тарашкевіч, пісаўшы граматыку для беларускага народа, здзяйсняў гэткую ж тэрарыстычную дзейнасць, у якой Польшча абвінавачвае Бандэру?

Як бачыце, шмат што можна прад’явіць, ды нават і больш – гісторыкі могуць вам сотню такіх пунктаў па Польшчы выдаць. Але для чаго? Для чаго нам даказваць палякам, што нельга Пілсудскага рабіць нацыянальным героем, бо, маўляў, змагаючыся за Польшчу ён праводзіў палітыку асіміляцыі беларусаў ці ўкраінцаў – для чаго нам гэта суверэннаму народу даказваць?

Але ж, баш ты, палякі лічаць, што яны маюць права даказваць нам, хто правільны нацыянальны герой, а хто не правільны. Сыходзячы з гэтага мне прыгадвацца да болю праўдзівы Купала, па якім, як піша Гілевіч, мы павінны заўсёды звяраць свой нацыянальны гадзіннік.

Раз абселі Беларуса

Маскалі ды Ляхі,

І давай яму сваяцтва

Тыкаці з-пад пахі:

– Ты мой ісьціны браточак! –

Маскалёк бармоча;

– Ты мой хрэсьнік, мой сыночак! –

Юда-Лях сакоча.

Беларус жа ім на тое:

– Сваячкі мае вы:

Смачны жолудзь вам на каву,

Дый высока дрэва!

Роўна сто год прайшло з часу напісання гэтага твору, але, на жаль, не згубіў ён сваёй актуальнасці і сёння.

Можа нехта з польскіх шавіністаў, дачытаўшы да гэтых радкоў, захоча абвінаваціць “Малады Фронт” у “страшным нацыяналізме”. Для такіх я прыгадаю, што калі ў 2006 годзе пачаўся разгром польскай грамады ў Беларусі, абараняць незалежны “Саюз Палякаў” выйшлі ні хто іншыя, як гэтыя “страшныя нацыяналісты” з “Маладога Фронту”.

Тую акцыю 5 жніўня 2005 года я памятаю як зараз. Нас чалавек каля 12 выйшла пад амбасаду Польшчы, дзе ўжо два дні чалавек 20 БРСМаўцаў пілавалі “бервяно дружбы”. Кожны з нас разумеў, што заўтра яго могуць пасадзіць на суткі, выгнаць з універсітэту ці са школы. Аднак мы заўсёды разумелі, што польскі кліч: “За нашу і вашу свабоду!” – не пусты гук. Гэта лозунг кожнага, хто лічыць свой народ не горшы за іншыя народы, а іншы народ – не горшы за свой.

Таму мы згадзіліся: трэба, трэба ў гэты складаны час працягнуць руку дапамогі братняму польскаму народу. І мы працягнулі – хто сеў, каго выгналі бацькі з дому, каго потым, па суме набраных балаў, выгналі са школы і ўніверсітэту.

Не, я зусім не настойваю, каб Польшча паводле нейкіх там маіх “заслугаў” выдала мне шэнгенскую візу – жыў я сто год без вашай візы і яшчэ сто пражыву. Тым больш, гэта цалкам законнае права Польшчы: па той ці іншай прычыне лічыць мяне і іншых маладафронтаўцаўш непажаданымі асобамі.

Але ведайце, калі наступны раз вас будуць у Беларусі пераследваць і цкаваць, першымі працягнуць вам руку салідарнасці гэтыя “страшныя нацыяналісты” з “Маладога Фронту”. Бо мы ведаем, што кліч народжанага на нашай зямлі Касцюшкі “За нашу і вашу свабоду!” – не пусты гук, гэта словы, за якія мы таксама гатовы адказваць.

А пакуль стаўце візы БРСМаўцам, беларосаўцам і іншай навалачы – яе хапае на нашай зямлі, а значыцца і візаваму адзелу Рэчы Паспалітай таксама хапае працы.

Сустаршыня “Маладаога Фронту” Зміцер Дашкевіч

Дашкевіч, Фінькевіч, Корбан, акцыя салідарнасці 2006

Малады Фронт vs БРСМ ля амбасады Польшчы, Менск, 5 жніўня 2005

Падзяліцца:

Каментары