За Радзіму без бальшавікоў!

За Радзіму без бальшавікоў!

Пра гісторыю арганізацыі беларускага антысавецкага партызанскага руху на Беласточчыне ў 1944-45 гг.

Імклівы наступ Чырвонай Арміі ў Беларусі напрыканцы чэрвеня 1944 г. прывёў да дэзарганізацыі ня толькі нямецкіх войскаў, але і беларускіх вайсковых фармацыяў. Некаторыя зь іх адыходзілі на захад, іншыя самарапускаліся альбо сыходзілі ў лясы з мэтай вядзеньня антысавецкай партызанскай барацьбы.

Арганізацыю супраціву бальшавікам спрабавала ўзяць у свае рукі падпольная Беларуская незалежніцкая партыя (БНП). На Беласточчыне яе кіраўніком быў Іван Гелда, былы афіцэр войска генэрал-маёра С. Булак-Балаховіча, камандзір Беластоцкага беларускага батальёну [1].

1 Беластоцкі беларускі батальён павінен быў перайсьці ў Белавежскую пушчу амаль поўным складам. Менавіта такі загад яму аддаў былы яго камандзір Іван Гелда, які напрыканцы чэрвеня 1944 г., разам зь іншымі беларускімі вайскоўцамі-сябрамі БНП, выйшаў з турмы гестапа (каля 20 беларускіх вайскоўцаў на чале з Гелдай былі арыштаваныя ў траўні 1944 г. па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да БНП, але ніхто ў сяброўстве ў гэтай партыі не прызнаўся).

Аднак загад ня выканаў новы камандзір батальёну Сяргей Матысік,які выступаў супраць партызаншчыны. Аднак ён не перашкаджаў 35% асабовага складу аддзелу ісьці ў Белавежскую пушчу[2]. Яшчэ каля 15 жаўнераў у ліпені 1944-га былі загітаваныя ў партызанку Алесем

Асяцімскім і Міколам Грыцуком у Ломжы, куды Матысік вывеў рэшту батальёну. Яны рашыліся на пераход нямецка-савецкага фронту, каб дабрацца да родных мясьцінаў. Мікола Грыцук “меў намер арганізаваць у Белавежскай пушчы беларускі партызанскі атрад”. Але пра лёс ягонай групы нічога невядома[3].

Паводле Жывіцы, пазьней гэтыя партызаны, з дапамогай беларуса зь мясцовай камуністычнай адміністрацыі, які зрабіў ім новыя дакумэнты, легалізаваліся. Частка зь іх легалізавалася ў БССР, іншыя — на Беласточчыне[7]. Паводле яшчэ адной эміграцыйнай крыніцы, гэты партызанскі аддзел знаходзіўся ў беластоцкіх лясах толькі да 20 жніўня 1944 г. Пазьней партызаны жылі ў Беластоку, пакуль у ліпені 1945 году не перайшлі на тэрыторыю БССР, дзе ваявалі да лета 1949 г. [8].

Дакладна невядома, з чым мог быць зьвязаны гэты пераход. Якраз у пачатку лета 1945-га ў Беластоку зьявіўся старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька, які мог адправіць згаданы аддзел на ўсход дзеля наладжваньня сувязяў зь беларускім партызанскім рухам. Варта зазначыць, што ў 1944-1945 гг. БНП арганізоўвала ў Польшчы сваю падпольную сетку і сувязныя пункты, з дапамогай якіх павінны былі падтрымлівацца кантакты паміж незалежнікамі на Бацькаўшчыне і ў заходняй Нямеччыне ды Бэрліне.

У адпаведнасьці з распрацаваным плянам Беларускай незалежніцкай партыі, галоўныя сілы беларускага антысавецкага партызанскага руху павінны былі знаходзіцца ў раёне Налібоцкай і Белавежскай пушчаў[9]. 17 чэрвеня 1945 г. у Варшаве адбылася кансьпіратыўная нарада дзеячоў БНП Ус. Родзькі, М. Шкялёнка, Ю. і Л. Луцкевічаў, Я. Пабяржына. У адпаведнасьці зь яе рашэньнямі, Шкялёнак быў накіраваны ў Бэрлін, каб “устанавіць сувязь зь беларускімі эмігранцкімі цэнтрамі”.

раты Луцкевічы заставаліся ў Варшаве, як сувязныяі адказныя за кансьпірацыйную кватэру. Родзька з групай з 10 чалавек-дэсантнікаў “Дальвіца” перабраўся ў Беласток, адкуль меркаваў устанавіць сувязь з дэсантнымі групамі, раней закінутымі на тэрыторыю БССР і з падпольлем АК. Пасьля гэтага Родзька спадзяваўся ўшчыльную заняцца арганізацыяй беларускага антысавецкага паўстанцкага руху[10]. Аднак, па адных зьвестках, у чэрвені[11] , па другіх — у ліпені[12], па трэціх — позьняй восеньню 1945 году[13] Родзька і частка ягонай групы былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай у Беластоку.

У рукі чэкістаў патрапіў і маёр Гелда, які ў 1946 г. быў павешаны ў Беластоку. Такім чынам была разгромленая частка беларускіх падпольных структураў у Польшчы[14]. Верагодна, яны былі часткова адноўленыя ў наступныя гады пры ўдзеле былога кіраўніка СБМ Міхася Ганька, які ў другой палове 1945 г. праз Чэхаславакію і Украіну са сваім аддзелам прыйшоў у Белавежскую пушчу[15].

Паводле публікацыяў у таронцкай газэце “Беларускі голас” (напрыклад, артыкул “Крывавыя ўгодкі” // БГ, 1977, № 258, кастрычнік), з канца 1945 г. да 1947 г. на Беласточчыне (у Аўгустоўскіх лясах) знаходзіўся беларускі партызанскі атрад Івана Перагуда, які прыйшоў сюды зь Берасьцейшчыны. Ён, нібыта, наладзіў сувязь з беларусамі ў мясцовых органах улады і міліцыі ды дапамагаў ім змагацца супраць польскай партызанкі.

Варта зазначыць, што згаданыя ўспаміны Перагуда былі перадрукаваныя ў беластоцкай “Ніве” (1995, 10 верасьня), але ў рэдакцыйным камэнтары, праўдападобна, гісторык Яўген Мірановіч бярэ пад сумніў іх праўдзівасьць.

Паводле яго, “у дакумэнтах няма сьледу, што на Беласточчыне ў 1945—1947 гадах змагаўся з польскім падпольлем нейкі беларускі антыкамуністычны атрад, які прыйшоў сюды з-за керзанскай лініі”. У “Ніве” ад 3 сьнежня 1995 г. Я. Мірановіч сьцьвярджае, што “атамана Перагуда ніколі на Беласточчыне не было”.

На гэты раз ён спасылаецца ня толькі на адсутнасьць зьвестак пра яго атрад у дакумэнтах бясьпекі, міліцыі, адміністрацыі і партыйных органаў, але і польскага падпольля. Паводле таго ж “Беларускага голасу”, на Бяляпадляшчыне нейкі час у 1948 г. (па іншых зьвестках — у 1945 г.) знаходзіўся партызанскі атрад Якуба Харэўскага, які таксама прыйшоў зь Берасьцейшчыны ды пасьля перайшоў групамі ў Заходнюю Нямеччыну.

А ў Аўгустоўскіх лясах у 1944-45 гг. спыніўся атрад Язэпа Таўпекі, які перайшоў сюды пасьля баёў з савецкімі дэсантнікамі на Палесьсі. Ён таксама здолеў выйсьці ў Заходнюю Нямеччыну[16]. Таксама зьяўляецца спрэчнаю інфармацыя з кніг і Янкі Запрудніка “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях” (Менск, 1996), дзе ён піша, што “у першыя некалькі гадоў пасьля адваяваньня Беларусі Савецкай Арміяй нацыяналістычныя сілы вялі тут збройны супраціў, як і ў суседніх Літве і Ўкраіне.

У Белавежскай пушчы на Беласточчыне з камуністамі ваявала нацыяналістычная партызанская армія генэрала Кастуся Вітушкі” (бб. 117-118). Відаць, яна можа грунтавацца на эміграцыйных крыніцах. Напрыклад, часопіс “Рух” пісаў: “Лясы Беласточчыны, а перадусім нетры Белавескай пушчы даюць сяньня ахову і прытулак дзесяткам тысяч беларускіх партызанаў, былых жыхароў земляў Беласточчыны, што дзень і ноч непакояць ворага, стрымліваюць усякімі спосабамі прымусовае высяленьне і даюць дапамогу і ахову беларускаму сялянству па той і гэны бок лініі Кэрзона”[17].

Лічба ў “дзесяткі тысячаў” партызанаў выглядае фантастычнай. А эміграцыйны дасьледчык М. Залога сьцьвярджае, што менавіта партызаны “Чорнага Ката” генэрала Вітушкі спынілі перасяленьне беларусаў з Беласточчыны ў БССР[18]. У гэтых публікацыях амаль няўлічваецца дзеяньне на Беласточчыне польскіх партызанскіх аддзелаў.

А між тым, менавіта супраць іх, а не беларускіх партызанаў, у лістападзе 1944-га ў Беластоцкім ваяводзтве праводзілася буйнамасштабная антыпартызанская акцыя. У склад адмыслова сфармаванай Беластоцкай апэратыўнай группы войскаў НКУС увайшлі некалькі палкоў памежныхі ўнутраных войскаў[19].

Цікавай крыніцай па дзейнасьці беларускага антысавецкага падпольля на Беласточчыне зьяўляецца інтэрвію камандзіра аднаго з аддзелаў УПА эміграцыйнай газэце “Бацькаўшчына”. Дзесьці ў 1947 г. украінскія паўстанцы зьдзейсьнілі, пад выглядам аддзелу АК, рэйд ва Ўсходнюю Прусію, і шлях іх праходзіў праз Беласточчыну.

“У 1947 г. мы мелі сувязь зь беларускім вызвольным рухам цераз аднаго сьвятара ў усходняй частцы Беласточчыны, — распавядаў ананімны камандзір УПА. — Нашая выведка паведаміла нас, што беларускія партызаны ўжо тады перайшлі адсюль у БССР. Мы атрымалі тады некалькі адозваў беларускага вызвольнага руху да насельніцтва, кааб яно не пакідала родных земляў, пры гэтым выясьнялася правакацыя бальшавікоў.

Іншыя былі зваротам да афіцэраў і жаўнераў варожых фармацыяў. Некалькі невялікіх беларускіх партызанскіх групаў яшчэ рэйдавалі ў Белавескай пушчы. Яны рабілі напады на бальшавіцкіх актывістаў”[20]. Можна меркаваць, што Беласточчына і ў наступныя гады заставалася рэгіёнам, праз які беларускі антысавецкі партызанскі рух падтрымліваў сувязі з эміграцыйнымі арганізацыямі. Тут, а таксама і ў іншых рэгіёнах ПНР, магла існаваць сетка сувязных пунктаў.

Ускосна гэтую тэзу пацьвярджаюць успаміны Міхася Зуя пра сваё жыцьцё на нелегальным становішчы ў Польшчы ў 1945-1948 гг. [21] ды лёс Язэпа Найдзюка, які пасьпяхова кансьпіраваўся ад дзяржбясьпекі ва Інаўроцлаве да 1963 г. [22] Зноў жа з эміграцыйных крыніцаў вядома, што яшчэ ў 1950-х гадах на Беласточчыне маглі дзейнічаць беларускія партызанскія і дывэрсыйныя групы. Паводле ўспамінаў аднаго з беларускіх партызанаў, у сакавіку 1949 г. аб’яднанымі сіламі беларускіх і ўкраінскіх партызанскіх аддзелаў быў зьдзейсьнены напад на Гайнаўку[23].

Пазьней тое ж выданьне паведамляла пра пяць зьнішчаных у чэрвені 1950 г. вайсковых цягнікоў і некалькі пашкоджаных мастоў на чыгунцы Берасьце — Беласток[24]. Аднак зь іншых крыніц гэтыя факты пакуль не пацьверджаныя. Апошнія партызанскія групы дзейнічалі ва ўсходняй Беласточчыне яшчэ напрыканцы 1950-х гг. Паводле няпэўных дадзеных, складаліся яны з дэзэртыраў польскага і савецкага войска, і падтрымліваліся мясцовым насельніцтвам.

У жніўні 1959 г. яны, нібыта, забілі польскага генэрала Генрыка Янкоўскага. Пасьля гэтага на ўсходняй Беласточчыне ўнутраныя войскі праводзілі антыпартызанскую акцыю, але беспасьпяховую. А 3 лістапада 1959 г. у баі з партызанамі загінуў маёр польскага войска і 10 жаўнераў[25]. Паводле яшчэ адной эміграцыйнай крыніцы, партызаны зьявіліся на Беласточчыне ў канцы зімы 1957-1958 гг., “у выніку аграмаднай “ачышчальнай” апэрацыі, праведзенай савецкімі войскамі ўнутранай бясьпекі на Беларусі”. Беларускія партызанскія групы, нібыта, былі прыціснутыя да мяжы з Польшчайі былі змушаныя яе перайсьці [26].

Спасылкі:

1. Relacja Aleksandra Hrycuka, kierownika Glownego Inspektoratu Szkolnego w Okregu Bialostockim w latach 1943—1944 // Bialoruskie Zeszyty Historyczne, 1999, № 11; Ёрш С.Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. Менск—Слонім, 1998, бб. 54-58.
2. Ёрш С. Зноў пра маёра Гелду // Ніва (Беласток), 1997, № 2, 12 студзеня; Вяртаньне  БНП, б. 57.
3. Choruzy W. Aleksy Hrycuk (1910—1976) // Białoruskie Zeszyty Historyczne, 2000, № 13, б. 205.
4. Пушча шуміць, б. 91.
5.Таксама, б. 92.
6. Таксама, б. 96.
7. Таксама, б. 98.
8. Весткі з Бацькаўшчыны // Незалежная Беларусь (Лянгэнфэльд), 1953, № 1(7), студзень; перадрук — Была вайна. З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву. Менск, Беларускі Рэзыстанс, 2003, бб. 35-36.

9. Хацкевич А. Преступления без срока давности // Фемида (Менск), 1993, 11-17 студзеня, № 2.
10. Валаханович И. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Менск, 2002, б. 33-34.
11. Нёман, 1993, № 3, б. 161; Хацкевич А. Загадка Константина Езовитова // Семь дней, 1995, № 26.
12. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг., б. 34.
13. Акшевский И., Сенюков Г. Откровения бургомистра Витебска // Белорусская нива, 1994, 19 студзеня.
14. Стасевіч Ю. Палітычныя групоўкі на Беларусі 41-45 гадоў // Беларускі голас
(Таронта), 1975, № 237, кастрычнік.
15. Ёрш С. ПраМіхася Ганька і Ўсевалада Родзьку // Беларус (Нью-Ёрк), 2003, № 485, чэрвень.
16. Стасевіч Ю. Беларуская Народная Партызанка // Беларускі голас, 1975, № 230, люты.
17. Рух (Заходняя Нямеччына), 1946, № 2-3, б. 31.

18. Залога М. Насельніцтва і міграцыя Беларускаганароду // Барацьба (Штутгарт), 1972, №№ 77-78, студзень-ліпень.

19. Расейскі дзяржаўны вайсковы архіў, ф. 38650, воп.1, спр. 142, арк. 10.

20. Гутарка з камандзірам УПА // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1949, 9 сакавіка.
21. Зуй М. На нелегальным становішчы // Ніва (Беласток), 1996, № 39, 29 верасьня; Яго ж. Мая аўтабіяграфія // Пагоня (Горадня), 1995, №№ 46-48, сьнежань; Вяртаньне БНП, бб. 71-82.
22. Луба В. Любіў Беларусь і Куявы // Ніва (Беласток), 2004, № 7, 15 лютага.
23. Партызанская барацьба на Беларусі нясупынна трывае // Вольнае слова (Зах. Нямеччына), 1950, № 1 (10), студзень-люты.
24. Весткі з Бацькаўшчыны // Вольнае слова, 1950, № 4-5 (13-14), верасень.
25. Партызаны на Беласточчыне // Бацькаўшчына (Мюнхэн), 1960, № 5, 31 студзеня.
26. Збройныя групы на Беларусі // Беларускіголас (Таронта), 1961, студзень, № 65.

Упершыню апубликавана ў часопісе «Беларускі рэзістанс»: Матыс, Ян Спробы арганізацыі беларускага антысавецкага партызанскага руху на Беласточчыне ў 1944-45 гг. 

 

Падзяліцца:

Каментары

  1. псрполмр (Nov 27, 2013:21:09)Адказаць

    Каментар выдалены з-за брыдкаслоўя.

  2. Ales (Nov 27, 2013:22:28)Адказаць

    Чудо, ты адкуль узяўся? Лезь назад у зямлянку (8