У чацвер будуць судзіць Алеся Яўдаху

27.07.2011:23:57
0
1 014
Беларусь, Навіны
У чацвер будуць судзіць Алеся Яўдаху

Заснавальніка беларускамоўнага сэрвісу “Кнігі — поштай” пагражае пазбаўленне свабоды да трох год.

Алеся Яўдаху вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці паводле ч.1 арт. 233 КК. Згодна закону яму пагражае штраф, або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасцю, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне свабоды да двух гадоў, або пазбаўленне свабоды да трох год.

28 ліпеня яго справу пачнуць разглядаць у Кастрычніцкім судзе Мінска (вул. Сямашкі, 33). Пачатак разгляду а 10-й.

Алесь Яўдаха пра дзеянні супрацоўнікаў ДФР даведаўся ад журналістаў. Ён расказаў, што ў лютым гэтага году ў яго замовілі некалькі дзесяткаў асобнікаў кнігі «Маладафронтаўцы». «Гэта быў кантрольны закуп. Зладзілі яго супрацоўнікі аддзела рэйдавых праверак Міністэрства па падатках і зборах Кастрычніцкага раёна сталіцы», — кажа А. Яўдаха. Па яго словах, яму прапанавалі праехаць у аддзяленне, дзе паказалі спіс людзей, якія дасылалі яму паштовыя пераказы. Не дачакаўшыся ад яго тлумачэнняў, распаўсюдніка адпусцілі, не склаўшы ніякіх пратаколаў.

Каб не трапіць на гутарку ў Камітэт дзяржкантролю, кнігі ды іншую беларускамоўную прадукцыю цяпер лепш замаўляць праз knihi.by, які быў створаны замест  knihi.net

Алесь выказвае здагадку, што праверка можа мець палітычнае адценне. Магчыма, кантралёраў зацікавіла акурат кніга «Маладафронтаўцы». Інфармацыя пра тое, што яе можна замовіць праз «Кнігі — поштай» была змешчаная на сайце «Маладога фронту» mfront.net, кажа ён.

Яўдаха падкрэслівае, што палітычнай дзейнасцю ніколі не займаўся. Ён не лічыць свой занятак і бізнесам: «Гэта была справа для душы. Я даваў людзям магчымасць набыць сучасную беларускамоўную літаратуру і музыку праз пошту. Найперш гэта людзі з рэгіёнаў».

Замоўленую на інтэрнэт-сайце «Кнігі — поштай» прадукцыю кліенты аплачвалі праз пошту накладзеным плацяжом. Тут можна было замовіць творы айчыннай і замежнай літаратуры, навуковую літаратуру і публіцыстыку, выданні для дзяцей, айчынную музыку на роднай мове, беларускамоўныя фільмы і перакладзеныя на беларускую мову замежныя стужкі.

Музыка Лявон Вольскі, чые дыскі слухачы знаходзілі ў тым ліку і дзякуючы «Кнігам — поштай», мяркуе, што ўжо сам па сабе распаўсюд беларускамоўнай прадукцыі ў сучаснай Беларусі — занятак рызыкоўны. «І навошта гэта ўладам?» — не разумее музыка.

Філосаф Валянцін Акудовіч кажа, што дзякуючы knihi.net ягоныя кнігі прадаваліся па ўсёй Беларусі, а не толькі ў лічаных кнігарнях Мінску. «Я не бяруся ацэньваць дзейнасць гэтай інтэрнэт-крамы з эканамічнага боку. Але як культурная з’ява гэты праект проста неацэнны», — кажа філосаф. Беларускамоўнай літаратуры, па яго словах, цяжка прабіцца на рынак. У дзяржаўных кнігарнях кнігі па-беларуску часта цяжка адшукаць. У такіх умовах інтэрнэт-крамы кшталту «Кнігі — поштай» з’яўляюцца паратункам для выдаўцоў і аўтараў беларускамоўнай друкаванай прадукцыі.

Паводле http://nn.by/ 

Падзяліцца:

Каментары