ЗашМальцаваная калода

ЗашМальцаваная калода

Як Леанід Малец, нашчадак КПЗБ-оўцаў са Слонімшчыны , ператварыўся ў “рускага чалавека” генерала Мальцава, які нядаўна ледзь ня стаў старшынём КДБ.

«Ідэалагічная праца павінная быць такой жа мэтанакіраванай, як у ваеннай справе артылерыя, (…) павінна насамрэч накрываць цэль.»    Леанід Мальцаў

Год таму А.Р.Лукашэнкі на традыцыйнай прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ назваў Л.Мальцава, тады сакратара Савета Бяспекі РБ, “рускім чалавека”. Тады ж Лукашэнка падкрэсліў і “рускасць” рэшты сілавікоў, што ня дзіўна – адчасткі гэта піяр-ход, адчасткі – сантымент самога Лукашэнкі да Расеі, адчасткі — так і ёсць: вялікая колькасць сілавікоў маюць НЕбеларускае паходжанне:  Уцюрын, Мартынаў, Кабякоў…

Аднак Леаніда Сямёнавіча Лукашэнка пакрыўдзіў дарма: у в. Вяценеўка (чамусці большасць біяграфіяў падаюць міфічную “Віценеўку”, якой ніколі не існавала) Слонімскага раёна дагэтуль жывуць сваякі генерала …толькі з прозвішчам Малец.

У Беларусі агулам жыве 2 лініі Мальцаў: першая, каталіцкая ў р-не Мёры-Дзісна. Сярод яе трапляюцца нават беларускія нацыянальныя дзеячы, у т.л. ксяндзы. Другая, праваслаўная, у р-не Слонім-Наваградак. Яна нас і цікавіць.

Слонімска-наваградскі “клан” быў надзвычай ураджайным на рэвалюцыянераў і нацыянальных дзеячоў. Яскравейшы прыклад: сям’я Мальцаў з в. Мольнічы Наваградскага р-на. Шэсць чалавек (!) з яе былі актыўнымі байцамі КПЗБ: два браты і іх дзеці, якія сумесна кіравалі Наваградскім акруговым камітэтам КПЗБ (нагадаем, што Наваградак тады быў ваяводскім горадам, у адрозненні ад Горадні, якая лічылася толькі павятовым цэнтрам).

Самы легендарны з “моліцкіх” Мальцаў – Аляксандар быў закатаваны разам з трыма сябрамі як арганізатар “Асташыцкага паўстання” – сялянскіх “масавых беспарадкаў”, выкліканых канфліктам з польскімі падаткавікамі. Сам бунт адбыўся ўвесну 1932 г., а ўлетку чатырох хлопцаў публічна павесілі на плошчы Наваградка.

Іншы Аляксандар Малец з’яўляўся кандыдатам у паслы польскага сейма ў 1928 г. ад Клубу “Змаганне” (беларуская дэпутацкая фракцыя, створаная пры падтрымцы Б.Тарашкевіча, І.Дварчаніна, С.Рак-Міхайлоўскага і інш.). Міхаіл Малец, таксама актывіст КПЗБ, перайшоў польска-савецкую мяжу, як і шмат заходнебеларускіх змагароў быў закатаваны бальшавікамі.

Гэта — толькі асобны прыклад з шэрагу. Не выключана, што іншыя Мальцы сядзелі, напрыклад, у Горадзенскай турме, куды за палякамі было модна саджаць палітычных (Тарашкеівіч, Танк, Прытыцкі), як зрэшты і зараз (Пачобут, Аўтуховіч, Дашкевіч).

Пад пытаннем застаецца таксама шлях хлопчыка з глухой вёскі Вяценеўка ў сувораўскую вучэльню, якую будучы генерал-палкоўнік скончыў у 1967 г. Ці не мог яму паспрыяць нехта з вядомых сваякоў КПЗБ-оўцаў, якія засталіся ў жывых пасля польскіх і савецкіх турмаў, і дажылі да адноснай “адлігі”? “КПЗБ-оўскі клан”, як і “партызанскі”, таксама існаваў у кіраўніцтве БССР усіх узроўняў (што казаць, калі баявік КПЗБ Прытыцкі дайшоў да Старшыні Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР).

У той жа “сувораўскі” перыяд, верагодна, было зменена і прозвішча з Мальца на “Мальцаў”. Так “імперская вайсковая традыцыя” наклала адбітак ня толькі на асобу, але і на асабістыя дадзеныя…

На пасаду старшыні КДБ нашчадак заходнебеларускіх рэвалюцыянераў так і ня трапіў (пасаду заняў Вакульчык, таксама “заходнік” па паходжанні). Ператасоўванне той самай калоды сілавікоў пры сучаснай уладзе стала добрай традыцыяй…

Малады Фронт, як патрыятычная арганізацыя безумоўна зацікаўленая ў тым, каб беларускія спецслужбы і сілавыя структыры былі лепшымі ў свеце: самымі прафесійнымі і дасведчанымі, але пры гэтым заставаліся БЕЛАРУСКІМІ. Не будзем жа цурацца сваіх каранёў, а рэчы (і генералаў) давайце ўсё ж такі называць сваімі імёнамі!

МФ, ідэалагічны аддзел

Падзяліцца:

Каментары