Наста Палажанка — 11 сутак, Уладзь Яроменак — 12

Наста Палажанка — 11 сутак, Уладзь Яроменак — 12

У дваццатую гадавіну абвяшчэньня “Пагоні” і бчб-сьцяга дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі ў Менску затрыманы маладафронтаўцы Наста Палажанка і Ўладзімер Яроменак. Маладыя людзі меліся вывесіць у горадзе некалькі нацыянальных сьцягоў, аднак былі затрыманыя супрацоўнікамі Цэнтральнага РАЎСу, дзе на дадзены момант і знаходзяцца. Аб гэтым паплечнікам праз смс а палове восьмай раніцы пасьпеў паведаміць Уладзімер Яроменак. Пакуль не вядома, ці будуць у чымсьці абвінавачваць маладафронтаўцаў і што ім пагражае. Падрабязнасьці высьвятляцца пазьней.

12.05 Грамадзкі актывіст Андрэй Кім ў сацыяльнай сетцы Facebook паведаміў, што Палажанку і Яроменка будуць судзіць у Доме правасудзьдзя. Пра гэта сама Палажанка напісала ў смс.

14.05 Стала вядома, што Насту Палажанку й Уладзя Яроменка ўжо прывезлі ў будынак суда, але а якой гадзіне й па якому артыкулу будуць судзіць маладафронтаўцаў у канцылярыі суда паведаміць адмовіліся.

15.45 Судом Цэнтральнага раёна Наста Палажанка  асуджана да 11 сутак адміністрацыйнага арышту, Уладзімер Яроменак — да 12. Як паведамляе Радыё Рацыя, маладафронтаўцаў  абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення і арганізацыі масавага мерапрыемства ч.3. арт. 23.34 КаАП РБ. Суддзя Наталля Вайцэховіч. 

 

Наста Палажанка была асуджаная за падзеі 19 сьнежня на 1 год пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 1 год. Уладзімер Яроменак за падзеі на Плошчы атрымаў 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, але быў вызвалены 13 жніўня.

19 верасьня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету была прынятая новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацьверджаныя дзяржаўныя сымбалі — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг.

Аднак ужо праз 4 гады, на рэферэндуме 1995 г, ініцыянаваным Аляксандрам Лукашэнкам, гістарычныя сымбалі вольнай і свабоднай Беларусі былі пазбаўлены статусу дзяржаўных і трапілі пад негалосную забарону, пад якой знаходзяцца і зараз.

Падзяліцца:

Каментары