Затрыманні і застрашванне: перад 3 Ліпеня, як звыкла

Затрыманні і застрашванне: перад 3 Ліпеня, як звыкла

У розных гарадах Беларусі прайшлі прэвентыўныя затрыманні актывістаў дэмакратычных сіл.

Сёння ў Гомелі затрыманы член міжнароднага аб’яднання «Малады фронт» (Чэхія) Андрэй Цянюта. Вечарам 1 ліпеня ён быў схоплены супрацоўнікамі міліцыі ў двары свайго дома і дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). Маці паведамілі, што 4 ліпеня над Цянютам павінен адбыцца суд і ўвесь гэты час ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ. У чым канкрэтна абвінавачваецца маладзёжны актывіст, невядома.

Андрэй Цянюта — адзін з заяўнікаў мітынгу, які планавалася правесці ў Гомелі 3 ліпеня, каб прыцягнуць увагу ўлад да сацыяльна-эканамічных праблем. Гарвыканкам забараніў арганізацыю акцыі, але прадстаўнікі апазіцыі заявілі аб намеры правесці яе, нягледзячы на забарону. Хутчэй за ўсё, гэта і стала прычынай для прэвентыўнага затрымання Андрэя Цянюты, мяркуюць яго аднадумцы.

У Брэсце 1 ліпеня затрыманыя дэмакратычныя актывісты Іван Стасюк і Артур Анісімаў. Паводле інфармацыі мясцовага праваабаронцы Рамана Кісляка, абодва яны былі затрыманыя прыкладна ў адзін і той жа час, каля 20.00, у раёне вуліцы Гаўрылава людзьмі ў цывільным. Маці Стасюка аб затрыманні сына паведаміў яго знаёмы, які стаў відавочцам гэтага здарэння. Пасля таго як жанчына напісала ў міліцыю заяву аб гвалтоўным знікненні сына, ёй пазванілі ноччу і паведамілі, што Стасюк знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста па абвінавачанні ў дробным хуліганстве. Там жа, паводле звестак праваабаронцы, знаходзіцца і Анісімаў, але ў чым абвінавачваюць яго — невядома.

Актывістаў магілёўскай арганізацыі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Ігара Барысава і Максіма Кавалёва сёння папярэдзілі аб недапушчальнасці ўдзелу ў акцыі маўклівага пратэсту па тэлефоне, прычым званілі невядомыя людзі. «Мяне папярэдзілі: калі я „высунуся“ на акцыю 3 ліпеня, мне пагражае адміністрацыйны арышт», — паведаміў Барысаў. Паводле яго інфармацыі, зараз міліцыя шукае яшчэ аднаго актывіста партыі Андрэя Двігуна.

Паводле наяўных звестак, у розных рэгіёнах краіны работнікаў дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый папярэдзілі аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях 3 ліпеня.

Па-ранейшаму заблакавана праца некаторых інтэрнэт-супольнасцяў у сацыяльных сетках, у тым ліку групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» «Укантакце». Адны карыстальнікі наогул не могуць знайсці старонку групы, іншыя, адкрыўшы яе, бачаць абвестку: «Група часова заблакіравана і правяраецца адміністратарамі, таму што некаторыя карыстальнікі лічаць, што яна не адпавядае правілам сайта». Адкрытай застаецца толькі старонка абмеркавання групы.

З 8 чэрвеня ў Беларусі прайшлі ўжо чатыры такія акцыі — яны праводзіліся кожную сераду. Апошнія дзве закончыліся масавымі затрыманнямі ў Мінску і іншых гарадах. Бліжэйшая акцыя плануецца на 3 Ліпеня.

http://naviny.by

Падзяліцца:

Каментары